Закупле́нне (, ) — вёска ў Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Доўгаўскага сельсавета. Знаходзіцца за 37 км на паўночны ўсход ад Клічаў, за 55 км ад Магілёў, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Мілоева на лініі Магілёў—Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на захадзе мяжуе з лесам. На паўночнай ускраіне цячэ рака Дажанка (прыток ракі Друць). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Доўгае, Малінне і далей па шашы Клічаў—Чачэвічы.

Гісторыя Вядома з XVIII стагоддзя. У 1745 годзе вёска ў Быхаўскім графстве Вялікага Княства Літоўскага, прыватнае ўладанне. У 1758 годзе было 22 двары, 56 жыхароў мужчынскага полу, меліся карчма і млын. У 1858 годзе — вёска (164 жыхары мужчынскага полу) і аднайменны фальварак у Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні. Гаспадар маёнтка меў у 1873 годзе 1980 дзесяцін зямлі і 2 млыны. У 1880 годзе — 59 двароў, 380 жыхароў. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся кравецкім і кавальскім промысламі, сплавам лесу па рацэ Дажанка. Мелася драўляная царква (адкрыта не пазней 1880 года). У 1897 годзе ў Гарадзішчанскай воласці Быхаўскага павета Магілёўскай губерні было 83 двары, 555 жыхароў, дзейнічала школа граматы. У фальварку — 7 двароў, 18 жыхароў, вадзяны млын.

У 1909 годзе ў вёсцы 93 двары, 578 жыхароў. З 20 жніўня 1924 года ў Ядрынаслабодскім сельсавеце Чачэвіцкага раёна Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года Магілёўскай вобласці. На базе дарэвалюцыйнай школы створана працоўная школа 1-й ступені. Дзейнічаў гурток па ліквідацыі непісьменнасці. У красавіку 1921 года створана сельскагаспадарчая арцель «Веснік», у 1931 годзе — калгас «Перамога», арганізатарам і першым кіраўніком якога быў Н.С.Краўцоў.

У 1940 годзе 143 двары, 170 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну ў пачатку ліпеня 1941 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Падчас блакады ў жніўні 1942 года гітлераўцы поўнасцю спалілі вёску, загубілі 64 жыхары. Вызвалена 30 чэрвеня 1944 года войскамі 3-й арміі 1-га Беларускага фронту. Пасля вайны адбудавана. З 20 верасня 1944 года ў Клічаўскім раёне Бабруйскай, з 8 студзеня 1954 года Магілёўскай абласцей, з 25 снежня 1962 года ў Кіраўскім, з 6 студзеня 1965 года зноў у Клічаўскім раёнах.

У 1990 годзе — 100 гаспадарак, 208 жыхароў, у складзе саўгаса «Доўгайскі» (цэнтр – вёска Доўгае). Размешчаны магазін. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы шыротнай арыентацыі, да якой на ўсходзе далучаецца крывалінейная вуліца мерыдыянальнай арыентацыі. Забудавана двухбакова, шчыльна, традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. Гаспадарчы сектар – на заходняй ускраіне.

Насельніцтва XVIII стагоддзе 1758 год — 56 жыхароў мужчынскага полу. 1858 год — 164 жыхары мужчынскага полу. 1880 год — 380 жыхароў. 1897 год — 555 жыхароў. XX стагоддзе 1909 год — 578 жыхароў. 1940 год — 170 жыхароў. 1990 год — 208 жыхароў. XXI стагоддзе 2007 год — 76 жыхароў.

Вядомыя асобы Уладзімір Віктаравіч Казлоў (1924 — 1985) — беларускі педагог, заслужаны настаўнік БССР (1972).

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Доўгаўскі сельсавет (Клічаўскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Клічаўскага раёна