Дзернава́я (, ) — вёска ў Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Горскага сельсавета.
Геаграфія Вёска знаходзіцца за 20 км на паўднёвы ўсход ад Краснаполля, за 129 км ад Магілёва, за 71 км ад чыгуначнай станцыі Камунары на лініі Крычаў I — Сураж. На захадзе цячэ рака Палуж (прыток ракі Беседзь). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе, далей па шашы Горы—Краснаполле.
Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад уздоўж ракі. Забудавана пераважна аднабакова, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Гісторыя Паводле пісьмовых крыніц вядома з 18 стагоддзя. У 1736 годзе згадваецца як вёска ў Рэчыцкім павеце ВКЛ. У 1777 годзе ў Чэрыкаўскай акрузе Магілёўскай губерні. У 1816 годзе ў Чэрыкаўскім павеце, уласнасць памешчыка. У 1880 годзе частка вяскоўцаў займалася шавецкім і кравецкім промысламі, дзейнічала школа граматы. У 1897 годзе ў Палужскай воласці Чэрыкаўскага павета, меліся школа граматы і хлебазапасны магазін. Падчас рэвалюцыі 1905—07 гадоў адбываліся хваляванні. У 1910 годзе школа граматы пераўтворана ў земскую, для якой у 1917 годзе пабудавана памяшканне.
У 1925 годзе на базе земскай адкрыта працоўная школа 1-й ступені, дзейнічаў драмгурток. У 1930-я гады вяскоўцы ўступілі ў калгас, працавалі кузня і 2 ветракі.
У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 1 кастрычніка 1943 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 22 вяскоўцы змагаліся на фронце, 17 з іх загінулі.
У 1990 годзе ў складзе калгаса імя В.Валадарскага (цэнтр — вёска Горы).
Славутасці На паўднёва-заходняй ускраіне, на левым беразе ракі Палуж, знаходзіцца археалагічны помнік — старажытны могільнік (2 курганы), які сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1816 — 46 двароў, 283 жыхары. 1834—343 жыхары. 1858 — 55 двароў, 372 жыхары. 1880 — 64 двары, 408 жыхароў. 1897 — 96 двароў, 617 жыхароў. XX стагоддзе: 1909—101 двор, 715 жыхароў. 1926—140 двароў, 890 жыхароў. 1990 — 23 гаспадаркі, 59 жыхароў. XXI стагоддзе: 2007 — 15 гаспадарак, 23 жыхары. 2009 — 20 жыхароў.
Вядомыя асобы Пятрусь Трафімавіч Бядулін (1912—1940) — беларускі паэт. Яўген Пятровіч Іваноў (нар. 1939) — беларускі гематолаг. Доктар медыцынскіх навук (1974), прафесар (1976).
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Горскі сельсавет (Краснапольскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Краснапольскага раёна