Францу́зы () — раманскі народ, асноўнае насельніцтва Францыі. Жывуць таксама ў сумежных дзяржавах Еўропы, заморскіх дэпартаментах Францыі, былых французскіх калоніях, ЗША і іншых краінах. Агульная колькасць (2012 г.) — 42 244 000 чал.French Асноўная мова — французская. У мінулым на поўдні Францыі таксама была шырока распаўсюджана аксітанская мова. Акрамя таго, французы як палітычная нацыя прадстаўляюць усіх грамадзян Францыі незалежна ад іх этнічнага паходжання, што вызначана Грамадзянскім кодэксам Францыі.

Гісторыя

У антычнасці на тэрыторыі сучаснай Францыі жылі розныя па паходжанню народы. Большую частку насельніцтва складалі кельцкія плямёны галаў, на поўдні жылі лігуры, іберы-аквітаны і васконы (продкі баскаў), а ў VII — VI ст. да н.э. з’явіліся грэкі і фінікійцы. Ужо да прыходу рымлян у Галію перасяляліся германскія плямёны. У 58 — 52 гг. Галія была заваявана рымлянамі. Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н.э. на яе землях адбываўся імклівы працэс раманізацыі, які асабліва адчуваўся на поўдні краіны і вельмі павярхоўна закранаў насельнікаў паўночных памежных рэгіёнаў. Галія з’яўлялася буйным пастаўшчыком у Рым сельскагаспадарчай прадукцыі. У часы Рымскай імперыі на яе тэрыторыі было заснавана каля 100 гарадоў.

З III ст. н.э. Галія адчувала ўсё большы націск суседзяў-германцаў. У V — VI стст. яна была захоплена вестготамі, франкамі, бургундамі. У вобласці Арморыка (сучасная Брэтань) пасяліліся кельты з суседняй Брытаніі (продкі брэтонцаў). Паступова франкская дзяржава Меравінгаў пашырала свае межы. У 751 г. Піпін Кароткі заснаваў дынастыю франкскіх манархаў Каралінгаў. Яго сын Карл Вялікі (742—814 гг.) ператварыў дзяржаву франкаў у магутную імперыю, у склад якой увайшла ўся тэрыторыя Францыі, значныя часткі Германіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў і інш. У 843 г. яна распалася, прычым Францыя апынулася ў складзе дзяржавы заходніх франкаў. У 911 г. выхадцы са Скандынавіі заснавалі Нармандыю.

Пасля заваявання Галіі германцамі тут адбыліся істотныя змены. Германцы не імкнуліся наўмысна разбураць існуючы лад. Многія парадкі, заведзеныя яшчэ рымлянамі, захоўваліся даволі працяглы час. Важным было прыняцце франкамі каталіцызму. Каталіцкая царква захоўвала лацінскую мову, хаця трэба прызнаць, што да VIII — IX стст. нават літаратурная мова зведала значныя змены. У яе ўвайшло шмат слоў германскага паходжання, асабліва тых, што мелі адносіны да ваеннай справы і адміністрацыйнага кіравання. У канцы VIII ст., калі Карл Вялікі імкнуўся адрадзіць пісьменнасць, прыйшлося складаць спецыяльны гласар, куды ўвайшло некалькі сотняў народных слоў, невядомых у класічнай лаціне. У 842 г. Карл II Лысы склаў клятву (sermen) на раманскай мове, якую некаторыя даследчыкі ўжо лічаць французскай. На поўдні, дзе лацінская мова зведала ўплыў вестготаў, пачала фарміравацца мова ок. У XII ст. яна набыла літаратурную аснову і стала галоўнай мовай трубадураў.

Гарады першапачаткова захоўвалі старыя традыцыі, але яны зведалі ў ранняе Сярэднявечча моцны эканамічны і дэмаграфічны заняпад. У аграрных раёнах распаўсюдзілася абшчыннае землекарыстанне па германскаму ўзору. Адначасова з ростам дзяржавы ўкараняліся феадальныя прывілегіі. Ужо ў перыяд кіравання Каралінгаў вылучыліся асобныя рэгіёны, што мелі значную спецыфіку — Нейстрыя, Бургундыя, Аквітанія і Аўстразія. У X ст. у Францыі вылучыліся буйныя феадальныя дамены — графствы і герцагствы, кіраўнікі якіх вельмі ўмоўна залежалі ад каралеўскай улады ў Нейстрыі, дзе нават вылучылася вобласць Іль-дэ-Франс з цэнтрам у Парыжы. Яе кантралявалі непасрэдна каралі. Землі паўднёвай Францыі эканамічна былі больш злучаны з Міжземнамор’ем. Гэта садзейнічала далейшаму падзелу краіны на культурныя і дыялектныя рэгіёны. Наяўнасць розных сацыяльных пластоў, меўшых розны прававы статус, прывяло да з’яўлення саслоўнай культуры. У сярэднявечнай Францыі саслоўны культурны падзел на рыцараў, святароў, гараджан і сялян быў вельмі значным.

З XI ст. каралі Францыі праводзілі палітыку аб’яднання дзяржавы. Асабліва важным было далучэнне багатых паўднёвых зямель Праванса ў XIII ст. падчас войн з альбігойцамі, заходніх зямель у выніку Стагадовай вайны і Бургундыі ў 1482 г. Людовік XI правёў шэраг рэформ, якія садзейнічалі цэнтралізацыі, але эканамічныя і культурныя сувязі паміж рэгіёнамі ўсталёўваліся вельмі паступова. У XV ст. усталявалася адзіная для Францыі Галіканская царква. У 1539 г. Францыск I выдаў закон аб выкарыстанні французскай мовы ў судовай і адміністрацыйнай сферах. Рэлігійныя войны 1562—1592 гг. прывялі да перамяшчэння вялікай колькасці насельніцтва.

Істотныя наступствы мела эпоха абсалютызму. З мэтай абмежавання буйных феадалаў і павышэння асабістых прыбыткаў каралі Францыі садзейнічалі пашырэнню правоў дробных шляхцічаў і гараджан. Яшчэ ў перыяд аб’яднання большасць сялян атрымалі асабістую свабоду. У абсалютысцкай дзяржаве сфарміраваўся пласт чыноўнікаў і адміністратараў, якія арыентаваліся на адзіныя ўзоры мовы і культуры. Францыя ператварылася ў каланіяльную імперыю. Перасяленцы ў французскіх калоніях, незалежна ад паходжання, атаясамлялі сябе з Францыяй і абаранялі яе дзяржаўныя сімвалы. У XVII — XVIII стст. адбывалася экспансія французскай прыдворнай культуры ў іншыя краіны Еўропы. На яе арыентаваліся заможныя жыхары самой Францыі. Французская мова набыла міжнародны характар.

У гады Вялікай французскай рэвалюцыі была абвешчана ідэя адзінай французскай нацыі. У адрозненні ад нямецкіх філосафаў, французскія рацыяналісты арыентаваліся на нацыю, якая аб’ядноўвалася палітычна, а не моўна. Такое палітычнае тлумачэнне і атаясненне французаў менавіта з дзяржавай характэрна і ў нашы дні. Уводзілася заканадаўства з адзінымі для ўсіх грамадзян правамі, дзяржава брала пад кантроль школу і адукацыю. Прызыўная сістэма садзейнічала таму, што большасць маладых мужчын служыла ў арміі, дзе мела магчымасць пашырыць кантакты з прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў, вывучыць французскую літаратурную мову і набыць агульную нацыянальную тоеснасць. Гэта адыграла значную ролю ў перыяд Напалеонаўскіх войн, калі Францыя заявіла пра сябе як гегемон Еўропы.

У канцы XVIII—XIX стст. адбывалася індустрыалізацыя і павелічэнне гарадскога насельніцтва за лік мігрантаў з сельскай мясцовасці. Французскі пралетарыят дэманстраваў значную згуртаванасць падчас рэвалюцыйных падзей 1848, 1870—1871 гг. Пасля II Сусветнай вайны і набыцця незалежнасці большасці французскіх калоній вызначыліся сучасныя межы Францыі, пашырыліся грамадзянскія правы.

Народная культура

Сям’я

Да пачатку XX ст. і нават пазней у Францыі, асабліва ў сельскай мясцовасці, мелася шмат пашыраных сем’яў, калі жанатыя сыны не адлучаліся ад бацькоў. Гэта тлумачыцца эканамічнымі асаблівасцямі (звычайна 1 сям’я валодала або арандавала 1 зямельны надзел, прычым адносна невялікі, каб яго далей дзяліць) і больш раннімі шлюбамі, чым у суседніх еўрапейскіх краінах. Законы 1938 г. і 1943 г. сцвярджалі правіла, згодна якому дзеці, што пакідалі гаспадарку бацькоў, гублялі права спадчыны. Усе дзеці атрымоўвалі роўнае права на маёмасць бацькоў, але па традыцыі зямлю і дом успадкоўваў старэйшы сын, а яго браты і сёстры атрымоўвалі ад яго кампенсацыю. У асяроддзі рабочых, дзе дзеці рана пачыналі працаваць і станавіліся эканамічна незалежнымі ад бацькоў, пераважалі малыя нуклеарныя сем’і.

У традыцыйных сем’ях главой лічыцца бацька. У сельскай мясцовасці ён сам размяркоўвае прыбыткі. У гарадах сямейны бюджэт звычайна кантралюе маці. Характэрна, што ўжо ў канцы Сярэднявечча ў Францыі склаўся асобны інстытут карміцелек — жанчын, якія зараблялі грудным гадаваннем і выхаваннем немаўлят. Звычайна да карміцелек звярталіся прадстаўнікі шляхты, каралеўскія служкі, гараджане. Паміж сям’ёй карміцелькі і яе выхаванцамі маглі ўсталёўвацца вельмі цесныя, амаль сваяцкія ўзаемаадносіны. Дзяцей на выхаванне таксама бралі кляштары. У XIX ст. пашырылася практыка перадаваць дзяцей на выхаванне ў спецыяльныя пансіёны. У вёсках гэты абавязак найчасцей выконвалі бабуля і дзядуля, часам больш старэйшыя дзеці, але не самі бацькі. У наш час адказнасць за выхаванне кладзецца на бацькоў, дзіцячыя садкі і школы, але розніца ва ўспрыманні сям’і як адзінага цэлага ў буйных гарадах і вёсках захоўваецца. У сельскай мясцовасці і дробных гарадах прыняты абавязковыя вячэрнія сумесныя абеды і сямейная ўзаемадапамога.

У мінулым вяселле лічылася адной з галоўных падзей у жыцці і ўяўляла сабою складаны абрад. Маладыя звычайна дамаўляліся аб шлюбе незалежна ад бацькоў. Пасля гэтага сам жаніх або яго прадстаўнік intermediaire шоу рабіць прапанову аб шлюбе ў сям’ю нявесты. Адказ даваўся ў іншасказальнай форме. У выпадку станоўчага рашэння прасілі свата сесці справа ад нявесты, распальвалі печ і г. д. Станоўчы адказ дазваляў маладому чалавеку адкрыта сустракацца з абранай, суправаджаць яе на святы, кірмашы, вячоркі. Між тым, бацькі жаніха і нявесты неаднаразова абменьваліся візітамі, аглядалі гаспадарку, дамаўляліся пра пасаг. Ён мог уключаць грошы, мэблю, вопратку і інш. У выпадку дамоўленасці адбывалася заручыны fiangailles, accord. Бацька жаніха рабіў падарунак у выглядзе пярсцёнка ці іншых каштоўнасцей. Калі вяселле раптам зрывалася, то гэты падарунак павінен быў вярнуцца былому гаспадару. Пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі шлюб рэгістраваўся толькі ў дзяржаўных органах. Касцёльныя цырымоніі сталі не абавязковымі. Але і да гэтага практыкаваліся дэталёвыя шлюбныя кантракты contrat de mariage, зафіксаваныя ў натарыуса. Запрашэнне на вяселле маладыя рабілі асабіста. Акрамя сваякоў і сяброў запрашалі хросных бацькоў, прадстаўнікоў улады, святароў, паважаных гараджан або аднавяскоўцаў. Напярэдадні вяселлі жаніх арганізоўваў вясёлую вечарыну для сяброў. Нявеста таксама магла запрашаць да сябе сябровак.

Вяселле гулялі ў час, калі не было важных гаспадарчых заняткаў або рэлігійных свят. Зраніцы жаніх і яго суправаджалыя ішлі да дома нявесты, пры гэтым гучна крычалі, стралялі ў паветра, спявалі песні. Нявеста раздавала белыя банты і стужкі. Вясельная працэсія размяркоўвалася па парах і накіроўвалася ў касцёл. Суседзі маглі спыніць картэж і запатрабаваць умоўны выкуп. Пасля цырымоніі пры выхадзе з касцёла новым мужу і жонцы давалі з’есці мясны суп ці малочную зацірку, абсыпалі збожжам, арэхамі і каляровымі цукеркамі. Застолле арганізоўвалі ў доме жаніха, але часцей у карчме або нават на адкрытым паветры. Нават у нашы дні захоўваецца жартаўлівы звычай выкрадання адным з нежанатых госцяў жаніха туфлі або белай падвязкі з нагі нявесты. «Злодзей» дэманструе скрадзенае астатнім прысутным, пасля чаго абвяшчае аўкцыён па яго продажу. Усе, хто пакідае вяселле, атрымоўваюць пачастунак са стала. Маладыя маглі пайсці да шлюбнага ложка да таго, як застолле сканчалася. У такім выпадку сябры ўрываліся да іх, прапаноўвалі выпіць віна або з’есці нясмачную страву.

Народная архітэктура

Народныя архітэктурныя традыцыі Францыі фарміраваліся стагоддзямі. Некаторыя тыпы пабудоў і спосабы будаўніцтва ўзніклі яшчэ ў антычнасці.

У розных раёнах краіны часцяком сустракаюцца мураваныя жытлы. Пераважна для іх выкарыстоўваецца вапняк, радзей — базальт (у Аверні) або сланец (на паўночным усходзе). Найбольш старыя мураваныя жытлы захаваліся ў Цэнтральнай Францыі. Звычайна яны ладзіліся з камянёў, замацаваных глінай. Фундамент заглыбляўся ў зямлю да 1 м. У ранейшыя часы на палетках можна было ўбачыць часовыя летнія хаціны з шырокіх каменных пліт.

У Нармандыі, некаторых паўночных і паўночна-усходніх рэгіёнах папулярны каркасныя дамы. У мінулым пераважаў фахверкавы спосаб будаўніцтва, пазней драўляныя сцены, запоўненыя знутры глінай і саломай, сталі тынкаваць з усіх бакоў, і яны знешне мала адрозніваюцца ад каменных. Фундамент каркасных будынкаў робяць з каменю або цэглы, што асабліва важна ў мясцовасцях, дзе магчыма сезоннае затапленне.