Пірэ́вічы (, ) — аграгарадок у Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Пірэвіцкага сельсавета.

Геаграфія Пірэвічы знаходзяцца за 27 км на паўднёвы ўсход ад Жлобіна, за 67 км ад Гомеля і за 3 км ад чыгуначнай станцыі Салтанаўка на лініі Жлобін — Гомель.

Аграгарадок размешчаны на рацэ Рудзенка, прытоку ракі Окра. На правым прытоку Рудзенкі знаходзіцца вадасховішча (сажалка). На захадзе Пірэвічы мяжуюць з лесам.

Транспартная сетка Транспартныя сувязі ажыццяўляюцца па мясцовай дарозе з выхадам на аўтамабільную дарогу Бабруйск — Гомель.

Планіроўка складаецца з трох частак, падзеленых ракой. Паўднёвая частка ўтворана амаль прамалінейнай вуліцай, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Ва ўсходняй частцы да крывалінейнай вуліцы з захаду далучаюцца тры прамалінейныя вуліцы. Заходняя частка складаецца з дзвюх вуліц. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.

Гісторыя

У 1924 годзе ў Пірэвічах былі знойдзены два скарбы манет 1624 года, у склад якіх уваходзілі манеты Рэчы Паспалітай і Нідэрландаў.

Паводле пісьмовых крыніц, паселішча вядома з XVI стагоддзя як сяло ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1525 годзе Пірэвічы згадваліся ў матэрыялах аб спрэчных землях паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай як сяло Стрэшынскай воласці.

У 1740-я гады, паводле інвентара Гомельскага староства, у вёсцы налічвалася 6 дымоў і 2 службы. У гаспадарках утрымліваліся 5 валоў і 5 коней. Згадваліся пустаўшчыны Макоўшчына, Дабрынішчына, Юшкоўшчына і Калініншчына.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Пірэвічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

У 1859 годзе дваранам Салтанам-Перасветавым у Пірэвічах і наваколлі належала 8102 дзесяціны зямлі, вінакурня, тры млыны і цагельны завод. З 1880 года дзейнічаў хлебазапасны магазін. У 1885 годзе працавалі вінакурня і вадзяны млын. Пірэвічы ўваходзілі ў Старажуднянскую воласць Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні.

У пачатку 1880-х гадоў у Пірэвічах адкрылася народнае вучылішча, у якім у 1889 годзе навучаліся 44 вучні. З 1911 года пры вучылішчы працавала бібліятэка.

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы знаходзіліся народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, дзве ветраныя мельніцы, дзве крупадзёркі, крама і піцейны дом. У размешчаным побач аднайменным фальварку было 2 двары і 22 жыхары, працавала крама.

У чэрвені 1902 года была адкрыта цагляная Царква Усіх Святых, пабудаваная ў неарускім стылі.

У пачатку XX стагоддзя Пірэвічы былі адным з мясцовых гандлёвых цэнтраў. У вёсцы праводзіліся кірмашы.

У пачатку 1920-х гадоў у фальварку быў створаны калгас «Праца». З 20 жніўня 1924 года Пірэвічы сталі цэнтрам Пірэвіцкага сельсавета Жлобінскага раёна Бабруйскай акругі. З 20 лютага 1938 года — у складзе Гомельскай вобласці.

У 1929 годзе быў арганізаваны саўгас «Пірэвічы». Працавалі спіртзавод, маслабойня, торфаздабыўная, шавецкая і кравецкая арцелі. Спіртзавод вырабляў спірт-сырэц, які перапрацоўваўся на рэктыфікацыйным заводзе ў вёсцы Старая Рудня.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Пірэвічах быў створаны атрад народнага апалчэння. Абсталяванне спіртзавода эвакуіравалі ў Пензу. Падчас акупацыі частка вёскі была спалена, загінулі 17 жыхароў.

У баях каля Пірэвіч у 1943—1944 гадах загінулі 139 савецкіх салдат і 6 партызан. Яны пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры аграгарадка. Пірэвічы былі вызвалены 2 снежня 1943 года. З снежня 1943 да ліпеня 1944 года тут размяшчаўся палявы шпіталь савецкіх войскаў.

На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 446 жыхароў Пірэвіцкага сельсавета. У 1976 годзе ў парку быў усталяваны абеліск з імёнамі загінулых.

У 1966 годзе да Пірэвіч былі далучаны пасёлкі Літвінаўка, Нікольскі, Машок, Маладняк, Сазонаўка, Селянін і пасёлак спіртзавода.

З мая 1998 года выдавалася саўгасная шматтыражная газета «Пірэвіцкія весці». Пірэвічы былі цэнтрам саўгаса «Пірэвічы».

У склад Пірэвіцкага сельсавета раней уваходзілі населеныя пункты, якія цяпер не існуюць: Парасля, Кастрычнік, Гуцішча, Літвінаўка, Маладняк, Малінаўка, Машок, Нікольскі, Першамайскі, Сазонаўка, Селянін, Узлессе, пасёлак спіртзавода, Нясаеў Барок і Зялёны Рог.

Насельніцтва Дынаміка 1885 год — 93 двары, 570 жыхароў. 1897 год — 164 двары, 1130 жыхароў. 1959 год — 669 жыхароў. 2000 год — 486 двароў, 1132 жыхары. 2004 год — 492 гаспадаркі, 1283 жыхары.

Адукацыя Пірэвіцкая сярэдняя школа Жлобінскага раёна. Музычная школа. Школьны музей.

Ахова здароўя Бальніца для дарослых. Амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Аптэка.

Культура Дом культуры. Бібліятэка. Музей дзяржаўнай установы адукацыі «Пірэвіцкая сярэдняя школа Жлобінскага раёна».

Вядомыя ўраджэнцы Міхаіл Сяргеевіч Башылаў (1821—1870) — мастак, ілюстратар і карыкатурыст Расійскай імперыі. Нарадзіўся ў Пірэвічах, дзе прайшло яго дзяцінства і пачалося навучанне маляванню.

Славутасці

Царква Усіх Святых (1902) — помнік архітэктуры неарускага стылю. Дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера і экстэр’ера — . Бровар — будынак былой вінакурні. Будынак былога народнага вучылішча. Шараговая гістарычная забудова. Воінскі абеліск.

Памятныя мясціны Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Мемарыяльная дошка і супрацьтанкавая гармата ў гонар артылерыстаў 63-га стралковага корпуса і начальніка артылерыі корпуса генерал-маёра Аляксандра Казакова. Мемарыял адкрыты ў 2022 годзе.

Крыніцы

Літаратура — С. 384.

Ліст карты N-36-109. Выданне 1979 г.

Спасылкі

Жлобіншчына валасная ў пачатку ХХ стагоддзя

Катэгорыя:Пірэвіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Жлобінскага раёна