Калі́нья (саманазвы: Kali'na, Cariña, Kariña, Kalihna, Kalinya, Karìna, Kalina), таксама вядомы як карыбы (, , , ) і галібі () — індзейскі народ, карэнныя жыхары Гвіяны. Жывуць у Венесуэле, Гаяне, Сурынаме, Французскай Гвіяне і Бразіліі. Агульная колькасць (2015 г.) — каля 30 000 чал.Carib, Galibi do Uaca in BrazilCarib, Galibi
Паходжанне Паходжанне індзейцаў-калінья мала даследавана. Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Гвіяны сведчаць пра тое, што земляробчыя культуры пачалі развівацца на прыбярэжных тэрыторыях у 4 тысячагоддзі да н. э. Аднак прамыя паралелі старажытных культур з сучаснымі індзейскімі не праглядаюцца з-за імклівых працэсаў міграцый і змен у паўсядзённым жыцці, што адбываліся апошнія тры стагоддзі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што калінья маглі з’явіцца ў Гвіяне ў выніку міграцыі носьбітаў саладоіднай культуры з даліны Арынока ў 1 тысячагоддзі н. э. Аднак гэтую міграцыю звычайна атаясняюць з аравакамі.
Прыхільнікі другой версіі сцвярджаюць, што сучасныя калінья сфарміраваліся ў першай палове 2 тысячагоддзя н. э. пры змяшэнні культуры земляробаў-саладоідаў з культурай Карыяба. Прадстаўнікі апошняй былі качэўнікамі і прыйшлі з усходу. Раскопкі ў Сурынаме паказваюць, што носьбіты саладоіднай культуры і Карыяба некаторы час існавалі поруч. Такая версія супярэчыць традыцыйнаму погляду на паходжанне карыбаў Антыльскіх астравоў, якія самі сцвярджалі аб роднасці з карыбамі Паўднёвай Амерыкі, але мігрыравалі на астравы раней, чым магло адбыцца змешванне саладоідаў і Карыяба ў Гвіяне.
Трэцяя версія заснавана на думцы, што калінья — старадаўнія насельнікі Гвіяны. У Гаяне прыняты пункт гледжання, што іх культура склалася ў ніжняй плыні ракі Памерун 2000 — 3000 гадоў таму і вызначалася каляровай керамікай. Сюды яны маглі трапіць з тэрыторыі Калумбіі. З Памеруна гэта кераміка распаўсюдзілася па іншых рэгіёнах ад Арынока да АмазонкіThe Amerindians of Guyana . Каляровая кераміка сустракаецца і на Малых Антыльскіх астравах, дзе жылі астраўныя карыбы, але антыльскія керамічныя вырабы адрозніваюцца ад гвіянскіх.
Асаблівасці культуры Калінья звычайна селяцца на прыбярэжных узвышшах каля вусця рэк. Асноўныя заняткі — рыбалоўства і земляробства. Распаўсюджана рыбалка з лукам і стрэламі, навершы якіх насычаюць атрутай. Земляробства падсечна-агнявое. Зямлю ад лесу вызваляюць мужчыны, а апрацоўваюць жанчыны. Гатовыя зямельныя надзелы лічацца маёмасцю жанчын. Вырошчваюць маніёк, цукровы трыснёг, ананасы, бананы і інш. Збіральніцтва мае сезонны характар.
Звычайны тып паселішча — вёска. Жытлы драўляныя каркасныя, будуюцца на слупах. Спяць або ў памяшканнях, або каля жытла ў гамаках. Кожная вёска ўяўляе сабою абшчыну, на чале якой стаіць правадыр.
Дзяўчынкі пасля першай менструацыі праходзяць абрад ініцыяцыі ў дарослае жыццё. Хлопчыкі лічацца непаўнагадовымі да жаніцьбы. Маладыя выбіраюць пару самастойна. Хлопец дорыць дзяўчыне рыбіну. Калі яна дае згоду, то прымае падарунак і пераносіць гамак мужа ў сваю хаціну. Разводы разглядаюцца як звычайная з’ява. Дзеці пры гэтым застаюцца з маці. Частыя паўторныя шлюбы.
Калінья знакаміты музычным мастацтвам. Традыцыйныя музычныя інструменты — перкусія, барабан, маракасы.
Мова Калінья размаўляюць на 4 дыялектах, якія вызначаюцца як адна асобная мова або група моў паўночнай галіны карыбскай моўнай сям’і. Распаўсюджана пісьмовасць з 15 лацінскіх літар, складзеная місіянерамі.
Рэлігія У канцы XIX ст. большасць калінья прынялі хрысціянства. Захаваліся вераванні ў шматлікіх духаў прыроды, рытуалы жаночай ініцыяцыі, сезонныя святы, некаторыя абрады пахавання.
Спасылкі
Carib Indian Culture and History Galibi do Oiapoque E. Dally, Observations sur les Galibis Indigenous Caribbean Center Suriname before Columbus Davis D., Goodwin R., Island Carib Origins: Evidence and Nonevidence Hendrik Courtz, The Carib language Maroni Carib
Катэгорыя:Індзейцы Паўднёвай Амерыкі