Себеж () — горад (з 1772 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Себежскага раёна Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 6,2 тыс. чалавек (2021). Заснаваны ў 1414 годзе.

Геаграфія Горад размешчаны за 180 км ад Пскова, за 600 км ад Масквы, за 450 км ад Санкт-Пецярбурга на беразе Себежскага возера і возера Орана.

Рэльеф узгорысты. Непадалёк ад Себежа маецца значная гара «Уздыхалінка».

Клімат пераходны ад умерана марскога да ўмерана кантынентальнага, з мяккай зімой і цёплым летам. Ападкаў найбольш выпадае ўлетку і рана ўвосень. Сярэдняя хуткасць ветру — 3,9 м/с, вільготнасць паветра — 78 %.

Гісторыя Упершыню згаданы пад 1414 годам, калі яго здабыў вялікі князь літоўскі Вітаўт у паходзе паход на Пскоў. Паводле дагавора паміж вялікім князем літоўскім Казімірам і вялікім князем маскоўскім гаспадаром Васілём Васілевічам Вялікае Княства Літоўскае адмовілася ад уплыву на справы Ноўгарада і Пскова, але захавала за сабою Себеж. У 1535 годзе маскоўскія войскі на чале з Васілём Шуйскім захапілі ваколіцы горада. Загадам ваяводы на беразе Себежскага возера збудавалі замак, які атрымаў назву Новы Себеж, або Іван-горад. У 1536 годзе сам горад трапіў пад уладу Масквы.

thumb|злева|200px|План разбудовы Себежа, 1785

Паводле Дэулінскага перамір’я (1618) Себеж вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага. Станам на 1619 год, паводле інвентара, тут было 9 вуліц, 6 цэркваў і манастыр. 22 сакавіка 1623 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў гораду Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі постаць Самсона, які дужаецца з ільвом»Себеж // . З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Себеж, але ў 1661 годзе мясцовыя жыхары перадалі горад войску Вялікага Княства Літоўскага. Згодна з дамовай 1676 года Себеж вярнуўся ў склад Рэчы Паспалітай. У канцы ХVII стагоддзя тут было 300 будынкаў.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) двойчы ў 1705 і 1707 гадах Себеж займалі расійскія войскі Пятра I. Станам на 1755 год горад налічваў 150 будынкаў.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Себеж разам з большай часткай Полацкага ваяводства апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета Полацкага намесніцтва, з 1796 года Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерні. У пачатку XIX стагоддзz тут існавала 5 скарбавых будынкаў (з якіх адзін быў мураваны), прыватных — 202 (3 мураваныя), крамаў — 2, столькі ж цэркваў і касцёл. У маі 1885 года ў горадзе здарыўся страшэнны пажар, які знішчыў каля 600 будынкаў.

З 1917 года Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці, з 1918 года ў Заходняй камуне РСФСР. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў Беларускую ССР, дзе Себеж меў стаць цэнтрам павета («падраёна»), аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць Віцебшчыну са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Віцебскую губерню часткай РСФСР.

З 1924 года ў Пскоўскай губерні. У 1926 годзе беларускія бальшавікі прасілі вярнуць Себеж у склад БССР, аднак Масква не задаволіла гэтую просьбуБеларускія тэрыторыі ў 20-м стагоддзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007..

Раённы цэнтр Велікалуцкай акругі (1927—1930, 1935—1938) у складзе Ле­нінградскай вобласці (1927—1929) і Зах­одняй вобласці (1929—1935), Калінін­скай вобласці (1935—1944).

У Другую сусветную вайну з 9 ліпеня 1941 года да 17 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Раённы цэнтр Велікалуцкай вобласці (1944—1957), з 1957 года — Пскоўскай вобласці.

Насельніцтва

XVIII стагоддзе: 1780 — 418 чал., з якіх 361 хрысціян і 57 іўдзеяўSiebież // S. 484; 1799 — 1711 чал. XIX стагоддзе: 1801  — 2064 чал.; 1867 — 2909 чал., з іх 205 каталікоў, 19 пратэстантаў і 1189 іўдзеяў; 1886 — 4051 чал., з іх 1214 праваслаўных, 393 каталікі, 7 стараабрадцаў, 1 пратэстант і 2436 іўдзеяў; 1894 — 4344 чал. (2089 муж. і 2255 жан.), з іх праваслаўныя складалі каля 25 %, каталікі 11 %, іўдзеі 61 %, іншай веры да 3 %; мяшчане складалі 86 % ад усяго насельніцтваСебеж // XX стагоддзе: 1926 — 5,5 тыс. чал.; 1959 — 6994 чал.Всесоюзная перепись населения СССР 1959 года ; 1979 — 10,5 тыс. чал.; 1993 — 9,2 тыс. чал.Себеж // XXI стагоддзе: 2002 — 7198 чал.Всероссийская перепись населения 2002 года ; 2009 — 6263 чал.

Эканоміка Вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, прадпрыемствы лясной, лёгкай і харчовай прамысловасці.

Славутасці thumb|Званіца зруйнаванага сабора Раства Хрыстова.

Себежскі краязнаўчы музей Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ стст.; фрагменты) Замчышча (1535) Званіца (XIX ст.) Касцёл Найсвяцейшай Тройцы і Святога Антонія (1625; цяпер царква Св. Тройцы МП) Могілкі старыя каталіцкія

Страчаная спадчына Сабор Раства Хрыстова Сінагога Царква (грэка-каталіцкая) Царква Успення Прасв. Багародзіцы

Вядомыя асобы Ганна Іванаўна Барысаглебская — украінская актрыса. Зіновій Герт (1916—1996) — акцёр тэатра і кіно. Абрам Мордухавіч Давыдаў (1899—?) — урач-тэрапеўт. Доктар медыцынскіх навук (1957), прафесар (1959). Антон Камінскі (1862—1936) — савецкі кліматолаг. Вітальд Рудзінскі (1913—2004) — польскі кампазітар. Сямён Тамсінскі (1894—1938) — гісторык, археограф.

Літаратура

Siebież // S. 484—488.

Спасылкі

г. Себеж на Radzima.org Азёрны Себежскі край // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 23 студзеня 2009 Афіцыйны сайт горада Себежскі краязнаўчы музей

Катэгорыя:Гарады Пскоўскай вобласці Катэгорыя:Населеныя пункты Себежскага раёна