Падлабе́нне (, ) — аграгарадок у Беларусі, у Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Падлабенскага сельсавета. Знаходзіцца за 8 км у напрамку на захад ад горада Гродна.

Гісторыя Першапачаткова населены пункт існаваў як каралеўскі двор. Паводле Пісцовай кнігі Гарадзенскай эканоміі 1558 года, асноўную частку вялікакняжацкіх сялянгароднікаў у двары Лабна і навакольных вёсках складалі праваслаўныя сяляне, што можна прачыць па імёнах: Трахім, Анупрый, Харытон, Панас, Мікіта, Сенька, Хама, Дзям’ян, Палікарп, Цімафей, Панкрат, Даніла, Парфён. Аднак сустракаліся і імёны каталіцкія — Станіслаў, Барталамей, Мацей.

У 1715 годзе кароль Аўгуст ІІ, «жадаючы, каб хвала Божая памнажалася ў яго падданых», заснаваў уніяцкую парафію ў Лабне. Да гэтага часу мясцовыя сяляне належалі да парафіі саборнай царквы ў Гродне (маецца на ўвазе Прачысценская царква), выбіраліся туды вельмі рэдка, нараджаліся і паміралі без адпаведных царкоўных абрадаў, «застаючыся амаль без ведання Бога, свайго стваральніка». Гродзенскі эканом Мацей Грабоўскі пабудаваў святыню на некалькіх закінутых дзялянках лабненскіх сялян-агароднікаў, а кароль надзяліў яе 5-цю валокамі зямлі ў Навасёлках, Канюхах і пад самым горадам. Першым святаром у Лабне быў кс. Пётр Губінскі. У склад парафіі ўваходзілі вёскі Лабна (або Падлабенне), Агароднікі (цяпер Лабна-Агароднікі), Навасёлкі, Канюхі, Багатыры-Польныя, Навумавічы і Салаўі, Адамавічы (тут грэка-каталіцкай была толькі нязначная частка насельніцтва) і Пракаповічы.

У 1804 годзе пастаўленая ў часы Аўгуста ІІ царква яшчэ існавала. Гэта быў невялікі драўляны храм, крыты гонтам, з адной маленькай вежачкай над галоўным фасадам і 4-ма вокнамі. Вакол працягвалі хаваць памерлых, паколькі асобная тэрыторыя пад могілкі яшчэ не была выдзелена. У храме размяшчаліся 3 алтары з абразамі Святой Тройцы, Маці Божай і Божага Нараджэння. Кнігі былі ўсходнеславянскай традыцыі: служэбнік, надрукаваны ў Супраслі, Актоіх, Евангелле, Трэбнік і Псалтыр. Святаром у царкве быў Юстын Медзяеўскі, базыльянін. Уніяцкая парафія Лабна фармальна ўваходзіла ў склад Рымска-каталіцкай парафіі Адамавічы.

Пасля далучэння ўніятаў да праваслаўя ў 1875 годзе на месцы старой царквы ўзвялі мураваную Пакроўскую царкву. Адбылося гэта каля 1882 года. Царква была тыповай «мураўёўкай» з вежайзваніцай і асноўным чатырохкутным аб’ёмам. Можна меркаваць, што канчаткова будаўніцтва святыні завяршылася каля 1887 года. Вядома, што на будоўлю было выдзелена 6929 рублёў, а працамі кіраваў член тэхнічна-будаўнічага камітэта Міністэрства ўнутраных спраў Жыбер.

Пасля дэкрэта аб рэлігійнай талерантнасці 1905 года большасць насельніцтва хутка перайшла ў каталіцтва, аднак праваслаўная парафія яшчэ трымалася да 1915 года. Тады немцы, якія акупіравалі нашы землі, зрабілі ў будынку склад. У такім стане ён прастаяў больш за 10 гадоў, ажно пакуль у 1929 годзе не была створана каталіцкая парафія з касцёлам Маці Божай Ружанцовай.

З 1939 года ў БССР.

Да 11 лютага 1972 года вёска ўваходзіла ў склад Навумавіцкага сельсаветаРашэнне выканаўчага камітэта Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 11 лютага 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 8 (1346)..

У 2000 годзе 624 жыхары, 186 двароў.

Насельніцтва

Славутасці Касцёл Маці Божай Ружанцовай

Крыніцы

Літаратура  — С. 500.

Спасылкі Лабна — slowo.grodnensis.by

Катэгорыя:Падлабенскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Гродзенскага раёна