Беларускі асобны батальён () — асобнае беларускае падраздзяленне ўзброеных сіл Літвы ў 1918—1923 гадах, брала ўдзел у вайне за незалежнасць 1918—1920 гадоў.
Перадумовы
У лістападзе 1918 года пачалося фарміраванне ўзброеных сіл Беларускай Народный Рэспублікі. Пад ціскам нямецкіх акупантаў гэты працэс быў спынены. Кіраўніцтва БНР вырашала, што зможа працягваць фарміраванне ўласных беларускіх падраздзяленняў у складзе ўзброеных сіл Літвы, пра што было дасягнута пагадненне ў кіраўніцтвам Літвы.
Першым міністрам абароны Літвы быў Аўгусцінас Вальдэмарас, а яго намеснікам Кіпрыян Кандратовіч. Штабы 1-га (камандзір — Лаўрэнцьеў) і 2-га палка (камандзір — Волкаў) былі падпарадкаваны Галоўнаму штабу арміі Літвы, фарміраванне гэтых палкоў працягнулася ў Вільні. Вясной 1919 года беларускія фармаванні перадыслакаваны з Вільні ў Гродна. Пасля эміграцыі Кандратовіча ў Францыю штаб 2-га палка расфарміраваны Міністэрствам абароны Літвы ў студзені 1919 года. Фарміраванне 1-га палка, беларускага эскадрона i беларускай камендатуры ў Гродна працягвалася. Па факце і беларускія і літоўскія фарміраванні да другой паловы лютага 1919 года існавалі нелегальна ва ўмовах нямецкай акупацыі, легальнае іх стварэнне і адкрытае фарміраванне пачалося пасля эвакуацыі немцаў.
Для наладжвання сувязі з Міністэрствам абароны Літвы ў Коўна высланы афіцэр Казлоў (меў паўнамоцтвы этапнага каменданта, набіраў добраахвотнікаў). Пасля наступлення польскай арміі на беларускія землі паўстала пытанне эвакуацыі беларускіх фарміраванняў у Сувалкі або Коўна. Праз гэта была спынена адпраўка добраахвотнікаў у Гродна.
Стварэнне Загадам міністэрства абароны ад 11 сакавіка 1919 года № 47 § 17 было дазволена пачаць з 27 лютага фармаванне роты ахвотнікаў у Коўне колькасцю да 200 жаўнераў. З рэшты жаўнераў, якія не былі адпраўленыя ў Гродна, была сфармавана «рота ахвотнікаў пры беларускім стале рэгістрацыі ў Коўні» (сфармавана афіцэрам Казловым, ваенным чыноўнікамі Кадэнюком (былы камендант Усебеларускай Рады ў Мінску) i Жураўскім. Жаўнеры і афіцэры гэтай роты, па ўспамінах маёра Ружанцова, насілі форму з белымі кантамі на каўнерах, пагонах, рукаўках i шапках (беларусы кавалерысты i артылерысты насілі чырвоны кант). Рота мела, як i іншыя беларускія часці, ротны сцяг бела-чырвона-белы.
12 красавіка рота добраахвотнікаў была перайменованая ў 5-ю роту Першага беларускага палка ў Гродне, камандзірам яе быў назначаны афіцэр Яніцкі, але рота, як i раней, працягвала знаходзіцца ў Коўне, з складу яе быў выдзелены вучэбны ўзвод дзеля падрыхтоўкі падафіцэраў у 2-гі батальён. Большасць жаўнераў было неабмундзіравана, толькі частка была апранутая. Узбраенне роты складалі 18 старых германскіх адназарадных вінтовак. 17 красавіка было дазволена фармаваць каманду да 40 жаўнераў для вартавой службы.
У канцы мая стала вядома аб тым, што палякі абязброілі Першы беларускі полк і камендантуру ў Гродна. Пад кіраўніцтвам афіцэра Глінскага беларускі эскадрон перадыслакаваўся ў Коўна. Праз захоп беларускіх зямель палякамі папаўненне беларускіх часцей Літвы рэзка скарацілася.
У маі i чэрвені беларусы атрымалі абмундзіраванне i нямецкія вінтоўкі Маўзер узору 1898 года, кулямёты Максім.
5-я рота палка ў Коўне была перайменаваная ў «1-ю асобную беларускую роту», а 25 чэрвеня i «каманда пры стале рэгістрацыі ў 2-ю асобную беларускую роту», якія ўтварылі разам Беларускі асобны батальён войска Літоўскай Рэспублікі.
1-я асобная беларуская рота 20 чэрвеня была адпраўлена з Коўна на Дзвінскі фронт, дзе вайшла ў склад асобнай (потым 2-ой) брыгады. 22-23 чэрвеня з 2-ім Пешым Вялікага Літоўскага Князя Альгерда палком вяла наступленне на бальшавікоў каля мястэчка Аляксандраўка. 27 чэрвеня рота ў мястэчку Абеле прысутнічала на аглядзе войскаў (агляд праводзіў генерал літоўскай арміі Жукоўскі).
Пачатак баявога шляху З 29 чэрвеня да 7 ліпеня рота займала пазіцыі Дарожка — Юнкуны — Буракішкі (на ўсход ад станцыі Абеле). Рота перайшла ў падпарадкаванне камандзіра Марыямпольскага Асобнага батальёну. За час знаходжання на пазіцыях адбыліся дзве перастрэлкі з чырвонымі каля млыну Цукрынішкі. Гэтыя падзеі сталі пачаткам баявога шляху роты. Былі узятыя ў палон чырвоны афіцэр i адзінаццаць чырвонаармейцаў, 2 коні i «двухколка з набоямі».
Ліпень 1919 года 7 ліпеня літоўская армія (разам з латышскай) пачала агульны наступ на пазіцыі бальшавікоў. 8 ліпеня беларусы пачалі бой з бальшавікамі каля двара Анэнгоф (забіты стралок Казімер Патаковіч). Бой працягваўся ўвесь дзень. Бальшавікі адышлі да вёскі Разматка, а потым, былі выбітыя да ст. Ялоўка.
9-11 ліпеня адбыўся бой паміж беларускімі жаўнерамі з аднаго боку і бальшавікамі і чырвонымі латышамі з другога каля фальварка Танэнфельд, Грынвальд, вёскі Дубоўка. 12 ліпеня, сумесна з іншымі часцямі, вярнуліся на свае старыя пазыцыі (бальшавікі прарваліся паміж арміямі Латвіі i Літвы i зайшлі ў левы бок Дзвінскай групы літоўскай арміі). Страціўшы за ўвесь час супрацьстаяння два жаўнеры забітымі, шэсць параненымі, двух без вестак зніклымі. Падчас бою быў выратаваны літоўскі кулямёт, разлік каторага быў знішчаны. Падчас баёў часова камандавалі ротай: 7-10 ліпеня афіцэр Ружанцаў, 11 ліпеня афіцэр Бумажнікаў.
12 ліпеня прыбыў на фронт i прыняў роту прызначаны замест адхіленага галоўнакамандуючым афіцэра Яніцкага новы камандзір афіцэр Уладзімір Міхайлоўскі.
13 ліпеня беларуская разведка сутыкнулася з разведкай РСЧА каля вёскі Саманцэ, 16 ліпеня былі захопленыя ў палон 5 чырвонаармейцаў з бронецягніка; 17, 18 i 21 ліпеня здарыліся некалькі перастрэлак паміж бакамі (беларускія часці супраць РСЧА і латышскіх стралкоў) каля вёсак Бароўка, Саманцэ i Страмілішкі; 22 ліпеня ўзвод беларусаў зрабіў выведку пазіцыі чырвоных каля в. Падбержэ; 23 ліпеня беларускія выведнікі зноў сутыкнулася з выведкай РСЧА ў вёсцы Саманцэ.
28 ліпеня адбыўся напад латышскіх стралкоў на беларускую роту (да 80 чырвоных латышоў з чатырма кулямётамі здзейснілі напад на вёску Шапелі, дзе была застава беларусаў, маючая каля 30 стралкоў пад камандай афіцэра Ружанцава, пры кулямёце). Пасля працяглага бою беларусы адагналі латышоў пры дапамозе суседняй заставы марыямпольцаў i свайго правафланговага караула, якія ахапілі праціўніка з флангаў, страціўшы раненымі двух кулямётчыкаў. Страты латышоў склалі адзін забіты i тры параненыя.
24 ліпеня чатыры беларускія выведчыкі выбілі з пазіцый варту чырвоных латышоў з гаю каля фальварку Чырвонка i захапілі вайсковае абмундзіраванне.
З 25 да 29 жніўня рота была пачала наступ супраць РСЧА. Часці РСЧА вымушаныя былі адыйсці на пазіцыі за р. Дзвіну, знаходзячыся ў пастаянным судакрананні з беларусамі: 26 ліпеня каля двара Камарышкі, 27 ліпеня каля млына Шэдэрн, 28 ліпеня пад Сусэкле. Менавіта 28 ліпеня часці правага флангу натраілі на супраціў з боку жаўнераў РСЧА, займаючых добра ўмацаваныя акопы каля в. Сусэкле i двара Шэдэрн на ўсходнім берагу ракі Ілукшты.
Баі з палякамі 28 ліпеня беларускі эскадрон вёў бой з палякамі каля мястэчак Друскенікі i Лейпуны, згубіўшы пры гэтым забітымі, раненымі а палоннымі аднаго афіцэра, дванаццаць жаўнераў i трынаццаць коней. Некалькі палонных уцяклі, астатнія былі адпраўленыя ў Гродзенскі лагер ваеннапалонных.
Баі супраць РСЧА Нечаканая атака на пазіцыі РСЧА, здзейсненая групай камандзіра беларускай роты Міхайлоўскага, вымусіла чырвонаармейцаў адысці на пазіцыі за раку Ілукшта. Беларускі эскадрон страціў падпаручніка Юрыя Пліску, малодшых падафіцэраў Міхала Вайцэхоўскага, Юрыя Раманава, Андрэя Мазоля i стралка Янку Рынкевіча. 28 ліпеня рота заняла двор Н. [Новы?] Грынвальд. Падчас пастою ў двары Танэнфельд было захоплена два кулямёты, палонныя i іншая зброя. Страты склалі адзін афіцэр, трынаццаць жаўнераў (з ix чацвёра забітыя, шэсць чалавек раненыя i трое прапалі без вестак). Войскі РСЧА спыніліся за Дзвіной.
З 22 верасня па 3 кастрычніка рота займала баявы ўчастак на Дзвіне ад в. Гурна да в. Нізгаляны.
4 кастрычніка рота перадыслакавалася ў двор Анэнгоф і была выдзелена са складу Марыямпальскага асобнага батальёну і 7 кастрычніка перайшла ў м. Ілукстэ, дзе значылася як запасная ў складзе 1-га батальёну 3-га Вялікага князя Літоўскага Вітаўта палка, несучы вартавую службу на месцы i на батарэях участка.
Аб адносінах марыямпальцаў [вайскоўцаў Марыямпальскага асобнага батальёну] i беларусаў сведчыць ліст кулямётчыкаў-беларусаў марыямпальцам: «Ад нас беларускіх кулямётчыкаў Вам, браты афіцэры і кулямётчыкі, сардэчнае разьвітальнае прывітаньне. Пасля амаль чатырохмесячнай работы рука аб руку, плячо ў плячо на полі бойкi супраць агульных ворагаў вашай і нашай волі і незалежнасьці, з болем у сэрцы мы разьвітваемся з вамі. Жадаем вам сардэчна хутчэйшага выгнаньня ўсіх нашых ворагаў з Літвы і Белай Pyci і вяртаньня жывымі ў родны кут».
10 кастрычніка ў Коўна адбылася нарада па пытанні аб пашырэнні беларускіх фармаванняў у Літве. На ёй прысутнічалі: галоўнакамандуючы генерал-лейтэнант Лятукас, міністр беларускіх спраў ва ўрадзе Літвы Варонка, начальнік беларускага вайсковага бюро афіцэр Казлоў i камандзіры 2-ой асобнай роты афіцэр Ганзен i 1-ага эскадрону афіцэр Глінскі.
15 кастрычніка прыбыла на фронт 2-ая беларуская асобная рота з часткай беларускага эскадрона (каля двара Шэдэрн).
17 кастрычніка 1-ая беларуская асобная рота была пераведзеная ў вёску Сусэкле (каля двара Шэдэрн). Абедзве роты складалі запас 2-ой брыгады.
20 лістапада 2-ая беларуская асобная рота заняла пазіцыі на участку Энішкельскага батальёну (пазіцыя роты па Дзвіне ад в. Aciнаўка да фальварка Рубанішкі). Падчас перастрэлак з вайскамі РСЧА страціла жаўнера параненым. 10 снежня рота адышла зноў у двор Шэдэрн. Загадам Літоўскаму войску № 190 § 9 абедзве роты былі аб’яднаныя ў беларускі батальён 17 лістапада 1919 г. Камандзірам батальёна быў назначаны малодшы афіцэр 1-ай беларускай асобнай роты маёр Ружанцаў. У войску ўводзіліся чыны. Афіцэрскі склад батальёна: палкоўнік Міхайлоўскі, палкоўнік-лейтэнант Яніцкі, маёры Ружанцаў i Ганзен, капітаны Казлоў, Дзехцяровы Пётр i Уладзімір, Феранцэвіч, старшыя лейтэнанты — Ласінскі i Парахоўнікаў. Беларускае вайсковае бюро было расфармавана, а яго начальнік капітан Казлоў прызначаны беларускім афіцэрам сувязі ў Генеральны Штаб.
У пачатку снежня роты ўвайшлі ў склад батальёна, былі сфармаваны кулямётная, сувязі i нестраевая каманды. 28 снежня батальён заняў сумесна з Энішкельскім батальёнам (потым 9-ты Вялікага літоўскага князя Віценя полк) пазіцыі па Дзвіне. Да 3 студзеня 1920 г. адбылося некалькі перастрэлак з жаўнерамі РСЧА.
Нацыянальна-культурная дзейнасць Сярод вайскоўцаў выхоўвалася беларусацэнтрычная грамадзянская свядомасьць. Пры штабе батальёну на беларускай мове пачынае выдавацца часопіс для жаўнераў-беларусаў Літоўскага войска «Варта Бацькаўшчыны», заснавана вайскова-гістарычная камісія для збору i апрацавання ўсіх матэрыялаў аб удзеле беларусаў у баявых дзеяннях, выходзяць некалькі лістовак i брашураў у выдавецтве «Варты Бацькаўшчыны» i вайскова-гістарычнай камісіі. Дапамогу аказваў міністр беларускіх спраў Язэп Варонка. На чале справы асветы стаялі падпаручнік Маёраў i маёр Ружанцаў.
1920 15 студзеня батальён стаў запасным батальёнам 2-ой брыгады ў раёне двароў Шэдэрн, Раутэнзэе i в. Сусэкле.
4 лютага беларусы выйшлі з складу 2-ой пешай дывізіі i вайшлі ў склад 3-яй пешай дывізыі. Загадам Літоўскаму войску 14 студзеня № 218 зацверджана ўрачыстае свята батальёну 27 лютага.
Батальён адсвяткаваў 16 лютага 2-я ўгодкі незалежнасці Літвы, а 27 лютага свае першыя ўгодкі. На свяце батальёна прысутнічалі прадстаўнік Міністэрства Беларускіх спраў Чэркас, начальнік з дывізіі генерал-лейтэнант Гальвідзіс-Быкоўскі, камандзір i афіцэры 6-ага пешага Піленскага князя Маргіса палка.