У сучаснай японскай мове ўжываюцца тры асноўныя сістэмы пісьма: іерогліфы кітайскага паходжання кандзі і дзве складовыя азбукі, створаныя ў Японіі: хірагана і катакана. У самой Японіі гэта сістэма традыцыйна завецца .
Часта ў японскім тэксце сустракаюцца лацінскія літары, ужываныя для запісу распаўсюджаных абрэвіятур (напрыклад, DVD альбо NATO) і іншых мэтаў. Транслітарацыя японскай мовы лацінскімі літарамі завецца ромадзі і сустракаецца ў японскіх тэкстах рэдка. Для запісу лічэбнікаў часта ўжываюцца арабскія лічбы (звычайна ў тэкстах з гарызантальным накірункам пісьма). Выключэнне якога-небудзь з пералічаных відаў пісьма ці замена аднаго іншым у іх прынятым ужыванні робіць тэкст цяжкаўспрымальным ці незразумелым увогуле.
Разгледзім прыклад газетнага загалоўка, які ўжывае ў сваім запісе ўсе тыпы пісьма, уключаючы лацінскія літары і арабскія лічбы (загаловак з газеты «Асахі сімбун» ад 19 красавіка 2004 года). Кандзі афарбаваны чырвоным колерам, хірагана — сінім, катакана — зялёным, ромадзі і арабскія лічбы — чорным:
ラドクリフ、マラソン五輪代表に1万m出場にも含み РАДОКУРЫФУ, МАРАСОН горын дайхё: ні іці-ман m (мэ:тору) сюцудзё: ні мо фукумі. «Рэдкліф, удзельнік алімпійскага марафону, таксама выступіць на дыстанцыі 10 000 м.»
Ніжэй пададзены прыклады некаторых слоў японскай мовы, запісаных рознымі сістэмамі пісьменнасці:
КандзіХіраганаКатаканаРомадзіПераклад私わたしワタシwatashiЯ金魚きんぎょキンギョkingyoЗалатая рыбка煙草たばこタバコtabakoТытунь, цыгарэты
Сартаванне слоў у японскай мове ажыццяўляецца паводле парадку каны, якая, у адрозненне ад кандзі, выражае не сэнсавае значэнне, а гучанне. Існуюць два асноўныя тыпы сартавання каны: сучасны годзю:он (літаральна «пяцьдзясят гукаў») і састарэлы іроха. У слоўніках іерогліфаў словы сартуюцца праз сістэму ключоў.
Кандзі
Кандзі (漢字, літ. «Літары (дынастыі) Хань») — кітайскія іерогліфы, што выкарыстоўваюцца ў японскай пісьменнасці пераважна для запісу назоўнікаў, каранёў дзеясловаў і прыметнікаў, а таксама японскіх уласных імёнаў. Першыя кітайскія тэксты былі завезены ў Японію будысцкімі манахамі з карэйскага каралеўства Пэкчэ ў V ст. н. э.. Сёння побач са спрадвечна кітайскімі іерогліфамі ўжываюцца знакі, вынайдзеныя ў самой Японіі, так званыя кокудзі.
У залежнасці ад таго, якім шляхам кандзі трапіў у японскую мову, іерогліфы могуць ужывацца для напісання аднаго ці розных слоў альбо марфем. З пункту гледжання чытача гэта значыць, што кандзі маюць адно ці некалькі чытанняў. Выбар чытання іерогліфа залежыць ад кантэксту, спалучэння з іншымі кандзі, месца ў сказе і інш. Некаторыя часта ўжываныя кандзі маюць дзесяць ці больш розных чытанняў.
Чытанні пераважна падзяляюцца на онныя чытанні, ці он’ёмі (японскія інтэрпрэтацыі кітайскага вымаўлення іерогліфа) і кунныя чытанні, ці кун’ёмі (заснаваныя на вымаўленні спрадвечна японскіх слоў). Некаторыя кандзі маюць некалькі он’ёмі, таму што былі запазычаны з Кітая некалькі разоў: у розны час і з розных абласцей. Некаторыя маюць розныя кун’ёмі, таму што да кітайскага іерогліфа знайшлося некалькі японскіх сінонімаў. З другога боку, кандзі можа і не мець ніводнага он’ёмі альбо ніводнага кун’ёмі.
Рэдкія чытанні іерогліфаў завуцца наноры. Наноры шырока распаўсюджаны ва ўласных імёнах, напрыклад, у прозвішчах.
Існуе шмат спалучэнняў кандзі, для вымаўлення складнікаў якіх выкарыстоўваюцца і он’ёмі, і кун’ёмі; такія словы называюць дзу:бако (重箱) ці юто: (湯桶). Самі гэтыя два тэрміны з’яўляюцца аўталагічнымі: першы кандзі ў слове дзубако чытаецца праз он’ёмі, а другі — праз кун’ёмі, а ў слове юто — наадварот. Іншыя прыклады: 金色 кін’іро — «залаты (колер)» (он-кун); 空手道 каратэдо: — каратэ (кун-кун-он).
Гікун (義訓) — чытанне спалучэнняў кандзі, якое не мае дачынення да кун’ёмі альбо он’ёмі асобных іерогліфаў, а датычыцца сэнсу ўсяго спалучэння. Напрыклад, спалучэнне 一寸 можна прачытаць як іссун (то бок «адзін сун»), аднак на самай справе гэта непадзельнае спалучэнне цётто («трошкі»). Гікун часта сустракаецца ў японскіх прозвішчах.
У большасці выпадкаў, калі для запісу аднаго японскага слова ўжываюцца розныя кандзі, гэта робіцца для адлюстравання адценняў сэнсу. Напрыклад, слова наосу, запісанае як 治す, будзе значыць «лячыць хваробу», а запіс 直す будзе значыць «чыніць» (напрыклад, веласіпед).
У сучаснай пісьмовай мове актыўна выкарыстоўваецца каля 3 тыс. іерогліфаў. 2136 кандзі складае патрэбны мінімум, які выкладаюць у школах з 2010 года (да гэтага мінімум быў 1945 кандзі).
Ад кандзі паходзяць дзве складовыя азбукі — каны: хірагана і катакана.
На Вікісховішчы ёсць старонка з выявамі [ кандзі]
Хірагана
Хірагана — складовая азбука, кожны сімвал якой выказвае адну мору (склад). Хіраганай можна перадаць галосныя гукі, складовыя спалучэнні і адну галосную (н ん). Хірагана выкарыстоўваецца для слоў, для запісу якіх няма кандзі, напрыклад, часціц і суфіксаў. Яна ўжываецца ў словах замест кандзі ў тых выпадках, калі мяркуецца, што чытач не ведае нейкіх іерогліфаў, ці гэтыя іерогліфы незнаёмыя самому пісьменніку, а таксама ў неафіцыйным ліставанні. Формы дзеясловаў і прыметнікаў (окурыгана) таксама запісваюцца хіраганай. Акрамя таго, хірагана выкарыстоўваецца для запісу фанетычных падказак для чытання іерогліфаў — фурыганы.
Хірагана пайшла ад ман’ёганы — сістэмы пісьменнасці, якая ўзнікла ў V стагоддзі н. э., у якой японскія словы запісваліся падобнымі па гучанні кітайскімі іерогліфамі. Знакі хіраганы — гэта запіс ман’ёганы стылем цаошу кітайскай каліграфіі, таму сімвалы гэтай азбукі маюць круглявыя абрысы. Раней у японскіх тэкстах маглі сустракацца розныя напісанні хіраганы для аднаго і таго ж склада, вытворныя ад іерогліфаў з аднолькавым чытаннем, але пасля рэформы 1900 года за кожнай морай быў замацаваны адзін знак, а набор альтэрнатыўных напісанняў стаў называцца хэнтайгана, якая абмежавана ўжываецца і сёння.
Спачатку хірагана выкарыстоўвалася толькі жанчынамі, якім была недаступная добрая адукацыя. Іншая назва хіраганы — «жаночае пісьмо». Гэндзі-моногатары і іншыя раннія жаночыя раманы былі напісаны пераважна ці выключна хіраганай. Сённяшнія тэксты, напісаныя толькі хіраганай, сустракаюцца ў кнігах для дзетак дашкольнага ўзросту. Для зручнасці чытання ў такіх кнігах змешчаны прабелы паміж словамі.
На Вікісховішчы ёсць старонка з выявамі знакаў [ хіраганы]
Катакана
Катакана — другая слогавая азбука японскай мовы. Дазваляе перадаваць гучанне тых жа складоў, што і хірагана. Выкарыстоўваецца для запісу слоў, запазычаных з моў, у якіх не ўжываюцца кітайскія іерогліфы — гайрайго, замежных імёнаў, а таксама гукаперайманняў і навукова-тэхнічных тэрмінаў: назвы раслін, дэталяў машын і інш. Сэнсавы націск на слова ці кавалак тэксту, у якіх звычайна ўжываюцца кандзі і хірагана, можна стварыць, запісаўшы яго катаканай.
Катакана была створана будыйскімі манахамі ў пачатку эпохі Хэйан з ман’ёганы і ўжывалася ў якасці фанетычных падказак (фурыганы) ў камбуне. Напрыклад, склад ка カ паходзіць ад левай часткі кандзі ка 加 «дадаваць, павялічваць». Збольшага катакана адпавядае сістэме ключоў для кандзі з аднолькавым вымаўленнем. Сімвалы катаканы адносна простыя і вуглаватыя, некаторыя з іх нагадваюць аналагічныя знакі хіраганы, аднак цалкам супадае толькі кана «хэ» (へ).
На Вікісховішчы ёсть старонка з выявай знакаў [ катаканы]
Ромадзі
— запіс японскіх слоў лацініцай. Выкарыстоўваецца ў падручніках японскай мовы для замежнікаў, у слоўніках, на чыгуначных і вулічных указальніках. Японскія назвы і імёны запісваюцца з дапамогай ромадзі, каб іх маглі прачытаць замежнікі: напрыклад, у пашпартах ці візітоўках. З дапамогай ромадзі запісваюцца некаторыя абрэвіятуры замежнага паходжання, напрыклад, DVD альбо NATO. Шырока распаўсюджаны ромадзі ў галіне камп’ютарнай тэхнікі: напрыклад, на клавіятурах часта ўжываецца метад уводу (IME) каны праз ромадзі.
Існуе некалькі сістэм лацінізацыі японскай мовы. Самая першая сістэма лацінізацыі асноўвалася на партугальскай мове і яе алфавіце і была распрацавана прыкладна ў 1548 годзе японскімі католікамі. Пасля выгнання хрысціян з Японіі на пачатку XVII стагоддзя ромадзі выйшла з ужытку і выкарыстоўвалася час ад часу да рэстаўрацыі Мэйдзі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі Японія зноў адкрылася для міжнародных кантактаў. Усе сучасныя сістэмы распрацаваны ў другой палове XIX стагоддзя.
Найбольш распаўсюджаная сістэма Хэпбёрна заснавана на фаналогіі англійскай мовы і дае англафонам найлепшае ўяўленне аб тым, як слова вымаўляецца па-японску. Дзяржаўным стандартам у Японіі прызнана іншая сістэма — Кунрэй-сікі, якая больш дакладна перадае граматычную структуру японскай мовы.
Напрамак пісьма
Традыцыйна ў японскай мове выкарыстоўваўся кітайскі вертыкальны спосаб пісьма, 縦書き (たてがき, татэгакі, літаральна «вертыкальнае пісьмо») — сімвалы ідуць зверху ўніз, а слупкі справа налева. Гэты спосаб даволі папулярны ў мастацкай літаратуры і ў часопісах. У навукова-тэхнічнай літаратуры і ў камп’ютарах пераважна ўжываецца еўрапейскі спосаб пісьма, 横書き (よこがき, ёкогакі, літаральна «бакавое пісьмо») — сімвалы ідуць злева направа, а радкі зверху ўніз. Гэта звязана з тым, што ў навуковых тэкстах вельмі часта даводзіцца ўстаўляць словы і фразы на іншых мовах, а таксама матэматычныя і хімічныя формулы. У вертыкальным тэксце гэта надзвычай нязручна. Акрамя таго, да гэтай пары няма паўнавартаснай падтрымкі вертыкальнага пісьма ў HTML.
Афіцыйна гарызантальнае пісьмо злева направа было прынята толькі ў 1959 годзе, да гэтага многія віды тэкстаў набіраліся справа налева. Сёння, хоць і вельмі рэдка, можна сустрэць гарызантальнае пісьмо з напрамкам чытання справа налева на шыльдах і ў лозунгах — гэта можна лічыць падвідам вертыкальнага пісьма, у якім кожны слупок складаецца толькі з аднаго знака.
Гісторыя пісьменнасці
Ранняя пісьменнасць Існая японская сістэма пісьменнасці паходзіць прыкладна з IV стагоддзя н. э., калі з Кітая ў Японію прыйшло іерагліфічнае пісьмо. Няма яўных доказаў таго, што да з’яўлення кітайскіх іерогліфаў у Японіі існавала свая сістэма пісьменнасці. Да паражэння Японіі ў Другой сусветнай вайне на дзяржаўным узроўні навязвалася ідэя аб тым, што да кітайскіх іерогліфаў у Японіі існавала некалькі сістэм ранняй пісьменнасці, так званых дзіндай модзі (ці каміё модзі, , літ. «пісьменнасць эпохі багоў»): некаторыя з іх формай нагадвалі рунічны алфавіт, некаторыя — карэйскі хангыль. Сёння лічыцца агульнапрызнаным, што ўсе яны — містыфікацыі, якія ўзніклі на хвалі нацыяналізму ў XX стагоддзі.
Першапачаткова кітайскія іерогліфы для запісу тэкстаў на японскай мове не ўжываліся; прыкметай адукаванасці лічылася веданне класічнай кітайскай мовы. Пазней з’явілася сістэма камбун (), якая ўжывала кітайскія іерогліфы (кандзі) і кітайскую граматыку, але ўжо змяшчала дыякрытычныя знакі, што пазначалі паслядоўнасць іерогліфаў для чытання на японскай мове. Самая ранняя кніга пра гісторыю Японіі, Кодзікі (), складзеная да 712 года, была напісана камбунам. Сёння вывучэнне камбуна ўваходзіць у школьны курс японскай мовы.
Першай пісьменнасцю для запісу японскай мовы стала ман'ёгана (), у якой для японскіх слоў выкарыстоўваліся кандзі, прычым ад кандзі браліся не сэнсавыя значэнні, а іх фанетычныя гучанні, вытворныя ад кітайскіх чытанняў. Ман’ёгана першапачаткова ўжывалася для запісу паэтычных твораў, такіх як зборнік паэзіі «Ман’ёсю» (), складзены да 759 года, ад якога паходзіць назва гэтай сістэмы пісьменнасці. Ад ман’ёганы пайшлі фанетычныя азбукі — хірагана і катакана.