Анто́ній Глава́цкі (; каля 1750 — ) — тэатральны мастак, архітэктар-дэкарататар і партрэтыст. Прадстаўнік класіцызму. Яго творчасць была шчыльна звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Літвы і Польшчы .

Біяграфія і творчасць Нарадзіўся каля 1750 года. З 1787 года працаваў у Шклове ў якасці прыдворнага мастака пры палацы генерала-маёра С. Зорыча. Там ён пераважна пісаў партрэты знаці і ствараў дэкарацыі для розных урачыстасцей.

З 1788 года працаваў у тэатры магілёўскага архібіскупа С. Богуш-Сестранцэвіча ў Магілёве (мастак таксама напісаў партрэт уладальніка тэатра). У 1790—1792 гадах жыў у Мінску, дзе працаваў тэатральным дэкаратарам (да 1793 года ў трупе Ш. Жукоўскага).

У 1794—1802 гадах мастак зноў жыў у маёнтку С. Богуш-Сестранцэвіча ў Магілёве. У гэты час ён інтэнсіўна працаваў у галіне рэлігійнага мастацтва: пісаў станковыя карціны і ствараў манументальную паліхрамію (ілюзіяністычны жывапіс) для многіх каталіцкіх і праваслаўных храмаў Магілёўшчыны. Адначасова працягваў працаваць у магілёўскім тэатры. Звяртаючыся да манументальнага жывапісу Антонія Главацкага, варта адзначыць, што мастацтвазнаўца А. Кулагін прыпісваў яму аўтарства ілюзорных роспісаў мсціслаўскага касцёла кармелітаў (якія датуюцца 1765—1767 гадамі), аднак даследчыца Даля Клаюмене абвяргае гэтую атрыбуцыю, бо ў той час мастак быў яшчэ зусім юным, а ў Магілёве і ваколіцах працаваў значна пазней — паміж 1798 і 1802 гадамі.

У 1797—1801 і 1802—1805 гадах А. Главацкі зноў працаваў у Мінску ў тэатры М. Кажынскага. У 1805 годзе мастак пераехаў у Вільню, дзе яму было даручана абсталяваць і стварыць дэкарацыі для тэатра Марыяны Мараўскай (у 1801—1802 і 1805—1810 гадах згадваецца таксама яго праца ў віленскім тэатры М. Кажынскага).

Сын Антонія, Юзаф Гілярый (Іосіф) Главацкі (нар. у 1800 годзе), таксама стаў вядомым тэатральным мастаком і працаваў у Варшаве.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Мастакі Беларусі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі-манументалісты Беларусі Катэгорыя:Тэатральныя мастакі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1750-я гады Катэгорыя:Памерлі ў 1811 годзе Катэгорыя:Мастакі Беларусі XIX стагоддзя Катэгорыя:Мастакі класіцызму