Ву́жалкі — у беларускай міфалогіі дачкі Вужынага Караля (Гаспадара вужоў), маладыя прыгожыя дзяўчаты з доўгімі распушчанымі валасамі, са змяінымі хвастамі замест ног.
Вакол іх заўсёды збіралася безліч вартаўнікоў-змей, таму ніхто з людзей не мог да іх наблізіцца. Яны вельмі любяць сядзець на старых дрэвах і часаць залатымі грабёнкамі свае цудоўныя валасы. У вужалак шмат залатых упрыгожванняў — бранзалеты, каралі і іншае багацце. Чалавеку не робяць ніякай шкоды, але той, хто іх пакрыўдзіць, можа зрабіцца ахвярай незлічоных бедстваў, а ўвесь ягоны род можа знікнуцьКаляндар «Беларускія нячысцікі» — Мінск: «Асобны дах», 2005.
Апісанне Да паловы вужалкі — гэта прыгожыя маладыя дзяўчаты, з доўгімі распушчанымі валасамі. Але замест ног у іх — змяіны хвост. Яны не маюць ніякага адзення, хоць і іхні бацька, Гаспадар вужоў, вельмі багаты. Пад аховай іх бацькі знаходзіцца шмат скарбаў, таму яны не адмаўляюць сабе ў дарагіх аздобах і упрыгожваннях: каралях, бранзалетах, пярсцёнках, завушніцах. Залатыя завушніцы — іх абавязковы атрыбут, менавіта па ім можна адрозніць такую змейку.
Месцаванне Вужалкі звычайна жывуць у лесе ці паблізу вадаёмаў. Часта сядзяць на старых раскідзістых дрэвах, любяць расчэсваць залатымі грабеньчыкамі свае даўгія валасы. Бывае, што якая з іх можа згубіць што-небудзь з упрыгожанняў. Лічыцца, калі знойдзеш такую рэч — яна будзе прыносіць шчасце, а таму чалавеку можна не баяцца змяінага ўкусу.
Вакол таго месца, дзе знаходзяцца вужалкі, звычайна кішма кішыць змеямі — гэтак іх бацька, Змяіны кароль, ахоўвае сваіх дачок.
Згадкі пра вужалак сустракаюцца на Вілейшчыне.
Вобраз у мастацкай літаратуры Апавяданне «Жаўнер і вужалка» (2015 г.), Алег Грушэцкі. "Рыцар Янка і Каралеўна Мілана: Таямнічае каралеўства" (2022). Аповесць Марыі Шабанец "Пасланцы Цмока" (2023).
Гл. таксама Нагі Юань-ці
Крыніцы
Літаратура У. Васілевіч. Вужалкі // Беларускі фальклор : энцыклапедыя ў 2т. Т.1 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і [інш.]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — С. 94. — 768 с. : іл.
Спасылкі Вужалкі. Гаспадар гадзюк (сайт «Мифология славян»)
Катэгорыя:Беларуская міфалогія Катэгорыя:Беларуская народная дэманалогія