Белару́скі нацыяна́льны камітэ́т (БНК), таксама вядомы як Магілёўскі беларускі камітэт (МБК), Магілёўскі беларускі арганізацыйны камітэт, Магілёўская беларуская рада — беларуская грамадска-палітычная і культурна-асветная арганізацыя, якая дзейнічала ў Магілёве ў 1917—1918 гадах. З’яўлялася першай нацыянальнай дэмакратычнай палітычнай арганізацыяй беларусаў на ўсходзе краіны. Створаны 17 красавіка 1917 года (паводле іншых звестак, устаноўчы сход адбыўся яшчэ 23 сакавіка).

Гісторыя стварэння і структура Пачатак арганізацыі быў пакладзены 23 сакавіка 1917 года на сходзе «асоб, што прызнаюць сябе беларусамі», які адбыўся на кватэры адваката Івана Рэута. На гэтым пасяджэнні быў створаны Магілёўскі Беларускі гурток, які першапачаткова налічваў 12 асоб. Яго першымі членамі сталі ксёндз Данат Лапошка, Вікенцій Раум, Іван Аляксееў, Афанасій Галаўнёў, Уладзіслаў Пучынскі, Міхаіл Кахановіч, Валерыян Какашынскі, Вікенцій Кміта, ксёндз Пётр Краўяліс, Антон Куніцкі, Антон Жабінскі і Іван Рэут.

31 сакавіка 1917 года на пасяджэнні ў будынку Магілёўскага павятовага з’езда пад старшынствам Мікалая Пахомава быў выбраны арганізацыйны камітэт. 4 красавіка адбыўся сход, на якім было абрана кіраўніцтва арганізацыі. Старшынёй стаў прысяжны павераны Іван Рэут, яго намеснікам — беларускі гісторык і археограф Дзмітрый Даўгяла, сакратаром — студэнт М. Кажамяка, скарбнікам — член акруговага суда І. Раманкевіч. Усяго ў камітэт увайшлі 24 асобы, а ва ўправу — 12 чалавек. Для працы былі створаны спецыяльныя секцыі: палітычная, этнаграфічная, школьная, культурна-асветніцкая, арганізацыйная і фінансавая. 15 красавіка была пададзена заява з просьбай зарэгістраваць арганізацыю, і ўжо 24 красавіка 1917 года яна атрымала афіцыйнае пасведчанне аб рэгістрацыі пад нумарам 247. У складзе арганізацыі дзейнічалі выкладчыкі навучальных устаноў горада, работнікі суда, архіва, бібліятэк, чыгункі, земскіх і гарадскіх устаноў.

Палітычная дзейнасць Мэтай камітэта першапачаткова з’яўлялася аб’яднанне беларускага насельніцтва Магілёўскай губерні для падтрымкі Часовага ўрада, арганізацыі выбараў ва Усерасійскі Устаноўчы сход, а таксама эканамічнага і культурнага ўладкавання Беларусі. На пачатку дзейнасці камітэт выступаў за аўтаномію ў складзе Федэратыўнай Расійскай Рэспублікі і за ўтварэнне Краёвай Беларускай Рады, а з 1918 года — за дзяржаўную незалежнасць Беларусі.

Прадстаўнікі камітэта Міхаіл Кахановіч і Данат Лапошка бралі актыўны ўдзел у З’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый, які адбыўся ў Мінску 25—27 сакавіка 1917 года. Міхаіл Кахановіч быў абраны сакратаром этнаграфічнай камісіі з’езда, якая вызначала межы Беларусі.

У жніўні 1917 года камітэт прыняў удзел у дэмакратычных выбарах у Магілёўскую гарадскую думу. Была распрацавана «Муніцыпальная праграма», якая ўключала харчовае, жыллёвае і школьнае пытанні. За беларускі спіс прагаласавалі каля 2,1 тысячы гараджан, што дазволіла камітэту атрымаць 6 месцаў з 64 і стварыць Беларускі Камітэт гласных Гарадской Думы. Восенню 1917 года члены камітэта ўвайшлі ў адзіны выбарчы спіс беларускіх арганізацый Магілёўскай губерні на выбарах ва Усерасійскі Устаноўчы сход.

Пасля Кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе, прадстаўнікі камітэта не прызналі ўладу бальшавікоў і 28 кастрычніка 1917 года ўвайшлі ў склад антыбальшавіцкага Магілёўскага губернскага камітэта грамадскай бяспекі. Спробы пераўтварыць камітэт у губернскі цэнтр беларускіх нацыянальных арганізацый не мелі поспеху. У снежні 1917 года члены камітэта ўдзельнічалі ў працы Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску.

Культурна-асветніцкая дзейнасць Камітэт надаваў вялікую ўвагу пытанням беларускай мовы і нацыянальнай адукацыі. У чэрвені 1917 года ў Магілёве былі арганізаваны «Дні вольнай Беларусі», прымеркаваныя да свята Купалля. Вуліцы горада былі ўпрыгожаны плакатамі і нацыянальнымі беларускімі сцягамі, праводзіўся збор сродкаў на патрэбы беларускага руху. У выніку было сабрана больш за дзве тысячы рублёў.

Восенню 1917 года члены камітэта распрацавалі і выдалі «Праграму па гісторыі Беларускага народа», якая прызначалася для сярэдніх навучальных устаноў, настаўніцкіх інстытутаў і самаадукацыі. У лістападзе 1917 года камітэт разаслаў гэтую праграму ў 78 навучальных устаноў розных гарадоў Беларусі. Гэта быў адзін з першых дакументаў у краіне, у якім сістэматычна і метадычна прапаноўвалася выкладанне гісторыі беларускага народа.

Падтрымка Беларускай Народнай Рэспублікі

З цягам часу погляды кіраўніцтва камітэта эвалюцыянавалі ад ідэі дзяржаўнай аўтаноміі да поўнай незалежнасці Беларусі. 31 сакавіка 1918 года ў будынку Марыінскай гімназіі ў Магілёве адбыўся агульны сход гараджан пад старшынствам Міхаіла Кахановіча. На сходзе прысутнічала каля 400 дэлегатаў ад розных прафесійных, нацыянальных і культурных арганізацый. Удзельнікі сходу амаль аднагалосна прынялі рашэнне аб падтрымцы стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі і прызнанні ўлады Цэнтральнай Беларускай Рады. Пасля гэтага Магілёўскі Беларускі Камітэт быў пераўтвораны ў Магілёўскую Беларускую Раду.

У верасні 1918 года кіраўніцтва Магілёўскай Беларускай Рады накіравала афіцыйныя пратэсты ўрадам РСФСР і Украінскай дзяржавы супраць дадатковай дамовы паміж Савецкай Расіяй і Германіяй, паводле якой германскія войскі павінны былі пакінуць тэрыторыі на ўсход ад Бярэзіны. У дакументах падкрэслівалася, што гэты дагавор парушае правы беларускага народа на незалежнасць і непадзельнасць Беларусі.

У кастрычніку-лістападзе 1918 года, у сувязі з хуткім набліжэннем войскаў Чырвонай Арміі, дзейнасць камітэта ў Магілёве была згорнута. Ратуючыся ад магчымых рэпрэсій з боку бальшавікоў, частка кіраўніцтва, у тым ліку Міхаіл Кахановіч, эвакуіравалася ў Мінск, а пазней перабралася ў Вільню.

Крыніцы

Літаратура

Агееў А.Р., Пушкін І. А. Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917–1918): манаграфія. – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2017. – 292 с. ISBN 978-985-568-270-8

Катэгорыя:Беларускія грамадскія арганізацыі Катэгорыя:1917 год у Магілёве Катэгорыя:Беларускі нацыянальны рух Катэгорыя:Гісторыя Магілёва