Паўднёва-захо́дні дыяле́кт — адно з двух буйных этнагенетычны тэрытарыяльных аб’яднанняў блізкароднасных гаворак у складзе асноўнага масіву беларускай дыялектнай мовы.

Гісторыя фарміравання Генетычнай асновай паўднёва-заходняга дыялекту ёсць пэўныя падставы лічыць дыялект старажытнага усходнеславянскага племя дрыгавічоў. Пашырэнне ў мінулым дыялекту дрыгавічоў на паўднёвым захадзе сучаснай тэрыторыі Беларусі адбывалася шляхам асіміляцыі і замяшчэння гаворак мясцовага балцкага насельніцтва, якое жыло тут да дрыгавічоў. У выніку гэтага адбыліся натуральный ў падобных абставінах змены ў будове і сродках гэтага дыялекту дрыгавічоў. Адначасова ішло і ўзаемадзеянне з гаворкамі, якія ўтвараліся на аснове племяннога дыялекту смаленска-полацкіх крывічоў, якія пашыраліся сюды з усходу. Гэтым тлумачыцца ўзнікненне розных асаблівасцей гаворак гродзенска-баранавіцкай групы, а таксама і слуцкіх гаворак паўднёва-заходняга дыялекту, якія з’яўляюцца больш познімі ў параўнанні з асаблівасцямі мясцовых гаворак усходнепалескай групы. У гукавым і граматычным абліччы ўсходнепалескіх гаворак і ў іх слоўніку захавалася шмат цікавых з’яў не толькі з усходнеславянскай, але і з агульнаславянскай моўнай старажытнасці.

Зона распаўсюджвання Па сваіх асаблівасцях паўднёва-заходні дыялект адрозніваецца ад паўночна-ўсходняга дыялекту і супрацьпастаўляецца яму тэрытарыяльна. Паўночная мяжа паўднёва-заходняга дыялекту, што аддзяляе яго ад сярэднебеларускіх гаворак, праходзіць прыблізна ад Ліды да Мінска і далей на паўднёвы ўсход да Бабруйска, Рэчыцы і Лоева. На паўднёвым захадзе прыкладна па лініі Пружаны — Івацэвічы — Целяханы — Лунінец — Столін ён мяжуе з заходнепалескай (загародскай, брэсцка-пінскай) групай гаворак. Гаворкі мясцовых жыхароў на пазначанай тэрыторыі адрозніваюцца ад іншых беларускіх гаворак шматлікімі асаблівасцямі на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы.

Класіфікацыя Пры адноснай агульнасці моўных асаблівасцей у межах паўднёва-заходняга дыялекту большасць навукоўцаў дадаткова вылучаюць у ім 3 асобныя групы гаворак: гродзенска-баранавіцкую; слуцкую; мазырскую (усходнепалескую).

Яны адрозніваюцца паміж сабою некаторымі моўнымі рысамі фанетычнага, граматычнага і лексічнага характару.

Асаблівасці

Фанетыка Поўнае (моцнае) недысімілятыўнае аканне ([раса́], [палатно́], [малады́], [чалав’э́к], [вало́к’і], [паду́шка], [арах’і́]), пераважна няпоўнае, з захаваннем у канцавым адкрытым складзе не пад націскам гука [о] ([с’э̂́но], [л’э̂́то], [та́то], [мно́го], [к’э́пско], [чо́рнаго], [на́шаго]), або поўнае оканне ([вода́], [голова́], [го́род], [л’э̂́то]). Поўнае (моцнае) недысімілятыўнае яканне ([з’амл’а́], [м’ан’э́], [z’аўпц’і́], [с’п’ачы́], [п’ац’о́рка], [б’ару́ц’]), або вымаўленне ненаціскнога галоснага ў гэтых умовах і становішчы, у той ці іншай ступені падобнае і да якаючага і да екаючага ([с’аэz’э̂́ў], [с’эаz’э̂́ў] і інш.). Закрыты галосны [э̂] пад націскам у адпаведнасці з былым ѣ: [л’э̂с], [л’э̂́то], [у⁀ваz’э̂́]. Закрыты галосны [о̂] пад націскам у закрытых складах, пераважна ў адпаведнасці з [о] пад націскам у адкрытых складах, калі гэты галосны адпавядае старажытнаму о нерэдукаванаму: [γо̂д], [ко̂т], [паро̂́γ], [сало̂́дк’і], [γадо̂́ў], але ў адкрытым складзе [γо́да], [ко́ц’ік], [с⁀паро́га] і г. д.. Ужыванне пад націскам гука [у] у становішчы пасля цвёрдых губных зычных на месцы [ы]: [бук], [γрыбу́], [пул], [с’л’эпу́], [ву́л’іц’], [ву́п’іц’]. Захаванне спалучэнняў мяккіх зубных і цвёрдых [ж], [ч], [ш] з наступным [й] ці, інакш, адсутнасць падаўжэння зычных: [γал’йэ́], [збо́жйэ], [суz’йа́], [пла́ц’йэ], [бац’в’і́н’йэ], [но́чйу], або [кало́с’э], [в’ас’э́л’э], [збо́жа]. Зацвярдзелая фанема [р] ([γра́тка], [даро́шка], [γрыбы́], [рэ́чка], [рэ́зац’]). Вымаўленне цвёрдых губных [б], [п], [м], [ў] у спалучэнні з наступным [й] перад [а], [о], [о̂| пад націскам ([бйо́рда], [жарабйа́], [пйац’], [спйок], [памйо́р], [мйа́со], [аўйо́с], [ўйа́н’э]), цвёрды губны [м] у спалучэнні з [й] вымаўляецца таксама і перад ненаціскным [э] у назоўніках ніякага роду ([с’э́мйэ], [ц’э́мйэ]). Наяўнасць прыстаўнога [γ] перад пачатковымі націскнымі [о], [у] (часта паралельна з [в] і перад пачатковым ненаціскным [а]): [во́з’аро] і [γо́з’аро], [во́с’ан’] і [γо́с’ан’], [ву́л’іца] і [γу́л’іца], [вусы́] і [γусы́], [γав’э́чк’і], [γану́ча], [γараб’і́на]. Вымаўленне цвёрдага зычнага [с] у зваротным афіксе дзеясловаў перад галоснымі [а], [о]: [мы́л’іса], [зову́са], [с’п’акло́со], [нап’іло́со].

Марфалогія

Назоўнік Канчатак -ою (-ёю, -аю), -ею назоўнікаў жаночага роду ў творным склоне адзіночнага ліку: зямлёю, ха́таю, гу́сею. Канчатак -а (-я) назоўнікаў ніякага роду ў назоўным склоне множнага ліку: сёла, во́кна, вёдра. Націскны канчатак -э (-е) назоўнікаў мужчынскага роду з асновай на мяккі, цвёрды або зацвярдзелы зычны ў назоўным склоне множнага ліку: грыбэ́, лясэ́, нажэ́, буряке́, мяхе́. Канчатак -ом (-ём) назоўнікаў у давальным склоне множнага ліку: гарадо́м, дамо́м, лясо́м, сыно́м, палём. Канчатак -ох (-ёх) назоўнікаў у месным склоне множнага ліку: у гарадо́х, у дамо́х, у лясо́х, у палёх. Канструкцыі з роднага склону, гэта значыць ужыванне неадушаўлёных назоўнікаў у форме адушаўлёных: знайшо́ў гры́ба, набі́ла сіняка́.

Прыметнік, займеннік, лічэбнік Канчатак -ы (-і) прыметнікаў, неасабовых займеннікаў і парадкавых лічэбнікаў мужчынскага роду ў назоўным склоне адзіночнага ліку: бе́лы, сі́ні, пя́ты, гэ́ты. Канчаткі -а (-я) у назоўным і -у (-ю) у вінавальным склонах прыметнікаў жаночага роду адзіночнага ліку: но́ва ха́та, сі́ня ху́стка; но́ву ха́ту, сі́ню ху́стку. Канчаткі -ое (-ае), -яе прыметнікаў жаночага роду ў родным склоне адзіночнага ліку: но́вае ха́ты, маладо́е дзе́ўкі, паро́жняе су́мкі. Канчатак [-о̂м] пад націскам ([-ум] не пад націскам) у прыметніках і займенніках у месным склоне адзіночнага ліку жаночага роду: [на⁀круто̂́м], [у⁀сухо̂́м], [у⁀то̂́м], [у⁀майо̂́м], [у⁀но́вум], [у⁀γэ́тум].

Дзеяслоў Адсутнасць канчатка -ць у формах трэцяй асобы адзіночнага ліку дзеясловаў першага спражэння (нясе́, ка́жа) і наяўнасць канчатка -ць у дзеясловах другога спражэння (ко́сіць, ляці́ць). Націскны канчатак -це́ ў форме дзеясловаў другой асобы множнага ліку абвеснага ладу: бераце́, несяце́. Нерухомы націск у асабовых формах прыставачных дзеясловаў другога спражэння: прыхо́дзіць, прыхо́джу, прыхо́дзіш, адыхо́дзіць, адыхо́джу, адыхо́дзіш. Наяўнасць [л’] пасля губнога зычнага асновы ў асабовых формах дзеясловаў цяперашняга часу першага спражэння: сы́плеш, сы́плюць, дрэ́млеш, дрэ́млюць. Канчатак -мо (-ма) у формах дзеясловаў першай асобы множнага ліку: стаімо́, маўчымо́, ідзе́мо, ка́жэмо. Ужыванне злітнай сінтэтычнай формы дзеясловаў будучага складанага часу, што ўтворана шляхам зрастання інфінітыва асноўнага дзеяслова са старажытным дапаможным дзеясловам иму (и́мешь, и́мет), формы якога змяніліся на -му (-іму), -меш, -ме: рабі́ціму, рабі́цьму, рабі́цьмеш, рабі́цьме, рабі́цьмуць.

Акцэнталогія У галіне акцэнталогіі гаворкам паўднёва-заходняга дыялекту ўсласціва перамяшчэнне націску да пачатку слова ў назоўным і вінавальным склонах назоўнікаў жаночага роду адзіночнага ліку (ро́шчына, за́гадка, скі́рда; на но́гу, пайшо́ў на во́йну), а таксама прыметнікаў (то́ўсты, про́сты, блі́зкі) і прыслоўяў (хо́ладна, ві́дна).

Лексіка У галіне лексікі — ужыванне спецыфічных слоў (адры́на ‘пабудова для сена’, по́куць ‘кут, чырвоны вугал’, біч ‘дэталь цэпа’, седала ‘курасадня’, мы́са, мы́за ‘пярэдняя частка галавы ў жывёлы’, жу́йка ‘жвачка’, жы́рны ‘пражэрлівы, пра карову’, рахма́ны ‘жвавы, пра курыцу’).

Прыклад

Колісь тутака стаялі вялікія горы з песковей. На іх стаяў цёмны драмучы лес. Кала лесу было глыбокае гозера. У лесе жылі дэкеі зверы. Воны хадзілі піці воду да гозера. Больш за ўсё тутака было лосяў. Гозера перасохла. Людзі вырубілі лес, пастроілі хаты. Сяло назвалі Лосінцы.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы