Паўліна Вінцэнтаўна Мядзёлка (12(24) верасня 1893, м. Будслаў, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — , Будслаў; Псеўданімы: Паўлінка; крыптанімы: М.) — беларуская артыстка, педагог, мемуарыстка.
Біяграфія
Бацька, Вінцэнт Зыгмунтавіч, у маладосці быў настройшчыкам арганаў і раяляў, пазней рабочым на заводзе, прадаўцом у кааператыве. Маці, Францішка, была хатняй гаспадыняй. Акрамя Паўліны, у сям’і гадавалася трое сыноў: Казімір, Зыгмусь, Станіслаў. У 1898 годзе сям’я Мядзёлкаў пераехала ў Глыбокае. Там дзяўчынка самастойна вучылася чытаць, яе першым лемантаром была , якую выпісваў бацька, потым сапраўдны польскі лемантар «Elementarz na którym nauczysz czytać». У 1903 годзе скончыла адзінае ў Глыбокім царкоўнапрыходскае вучылішча, дзе навучанне вялося ўжо на рускай мове. Адчуваючы прагу да ведаў, яна пачала займацца самаадукацыяй. Знайшліся неабыякавыя глыбоцкія жыхары, якія дазвалялі ёй карыстацца сваімі кнігамі на польскай і рускай мовах, запрапанавалі бясплатныя ўрокі па польскай мове, гісторыі, геаграфіі, музыцы і спевам. Дзяўчына навучылася іграць на фартэпіяна, зацікавілася творамі класічнай музыкі і народнай песняй. У 1905 годзе да Паўліны незнарок папалі некалькі нумароў газеты «Наша доля», кніга Мацея Бурачка «Дудка беларуская», якія зрабілі на яе моцнае ўражанне і абудзілі ўсведамленне сваёй беларускасці. У гэтым яе падтрымаў бацька, які, па сведчаннях Паўліны, у часе перапісу насельніцтва запісаўся беларусам.
З 1907 у Рызе, вучылася на вячэрніх курсах для дарослых. З 1909 у Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер. Зблізілася з віленскім беларускім і сацыялістычным рухамі. Увосень 1912 года, пасля сканчэння гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914 годзе. У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Я. Купалы. Падчас 1-ай сусветнай вайны ў эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 у Петраградзе сакратар Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 працавала ў Кіеве (Саюз гарадоў). У кастрычніку 1917 года па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў Жорнаўцы Ігуменскага павету. Пасля таго, як у сакавіку 1918 года школа закрылася, перабралася ў Мінск.
Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. З 1918 года выступала ў друку з вершамі. З вясны 1919 інспектар беларускіх школ, кіраўнік Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне. 20 ліпеня 1919 арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газеты «Родны край» (Гродна), дзе, дарэчы, і друкавалася.
З пачатку 1920 года ў Мінску, кіравала беларускай жаночай школай. Зноў арыштавана разам з мужам Т. Грыбам польскімі ўладамі ў маі 1920. Перад наступленнем Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме на Пазнаншчыне. Пасля вызвалення накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на «ўсходнія крэсы». Па падробленых дакументах выехала ў Вільню, потым (у лютым 1921) трапіла ў Літву. У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Друкавалася ў газеце «Сялянская доля». З восені 1921 года па прапанове Ц. Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне.
У 1922 пераехала ў Латвію, выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). У маі 1924 арыштавана латышскімі ўладамі разам з іншымі выкладчыкамі. Апраўдана судом у красавіку 1925 года. 22.5.1925 разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта. У 1927—1930 гадах выкладала беларускую мову ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.
Арыштавана ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі», выслана ў Казань. З восені 1932 года выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Будслаў, дзе да 1958 года працавала настаўніцай.
У Будславе былі напісаны мемуары «Сцежкамі жыцця», якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 (асобным выданнем выйшлі ў 1974, праз некалькі месяцаў пасля яе смерці). Новае выданне мемуараў, заснаванае найперш на рукапісах, што захоўваюцца ў асабістым фондзе П. Мядзёлкі (БДАМЛМ, Ф. 403), пераважае папярэдняе амаль у тры разы. Яно ўвабрала ў сябе першую кнігу «Сцежак жыцця» (са шматлікімі адноўленымі фрагментамі), другую кнігу ўспамінаў і «Беглыя нататкі для памяці. Факты, якія не могуць і не павінны быць апублікаваны», а таксама лісты і іншыя дакументы да гісторыі выдання ўспамінаў П. Мядзёлкі.
Памерла 13 лютага 1974 года ў Будславе. Дзень свайго зыходу вызначыла сама, не вытрымала апошняга выпрабавання — выпрабавання адзінотай.
Пахаваная на старых каталіцкіх могілках у Будславе побач з бацькам і маціМесца пахавання Паўліны Мядзёлкі.
Узнагароды Заслужаны дзеяч культуры БССР (1966). Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Памяць
Імя Паўліны Мядзёлкі нададзена вуліцы ў Мінску.
Творы Сялянская доля: Паэма. Б.м., 1921; Сцежкамі жыцця: Успаміны / П. В. Мядзёлка; пад рэд. А. С. Ліса. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1974. — 242 с.: іл. Сцежкамі жыцця / П. Мядзёлка; уступны артыкул У. Калесніка «Галгофа адроджаных»; падрыхт. да друку А. Федарэнкі // Полымя. — 1993. — № 2. — С. 171—212; № 3. — С. 201—240; № 4. — С. 184—209; № 5. — С. 182—209.
Крыніцы
Літаратура
— С. 156.
Ермаловіч М. Першая выканаўца // Настаўніцкая газета. 1973, 15 вер. Марціновіч А. Паўліна, Паўлінка, Журавінка // ЛіМ. 1993, 10 вер. Ліўшыц У. «Была адорана шчодра…» У кн: Раскопкі вакол горацкага «Парнаса». Літаратуразнаўчыя нарысы. — Горкі: аддзел культуры Горацкага райвыканкама, 2001. — С. 119—124. іл. ISBN 985-6120-44-6 Янушкевіч Я. Невядомыя старонкі жыцця Паўліны Мядзёлкі // Голас Радзімы. 1993, 23 вер. Міхнюк У. «Невінаватым ад нас не выйдзеш…» // Беларуская мінуўшчына. 1995, № 6
Спасылкі МЯДЗЁЛКА Паўліна Вінцэнтаўна Алесь Высоцкі. Паўлінка з Будслава: успамінае сваячка // «Рэгіянальная газета» Мемуарыстка, настаўніца і муза Купалы: шляхам жыцця Паўліны Мядзёлкі
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Вілейскім павеце Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Мемуарысты Беларусі Катэгорыя:Асобы, звязаныя з Янкам Купалам Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Памерлі ў Будславе Катэгорыя:Акцёры Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939) Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Выкладчыкі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР Катэгорыя:Аршанскі Маладняк Катэгорыя:Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі