Палача́ны (, ) — аграгарадок у Беларусі, у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Палачанскага сельсавета.
Геаграфія Знаходзіцца за 15 км у напрамку на паўднёвы захад ад горада Маладзечна, за 88 км ад Мінска. Праз аграгарадок пралягае аўтамабільная дарога . На поўдзень ад Палачан працякае канава Быстрая і рака Заходняя Бярэзіна. Чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна — Ліда.
Гісторыя Упершыню ўпамінаецца ў 1434 г., калі вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч «дае и даруе вечными часы» сяло Палачанкі вялікаму чашніку літоўскаму і старосце крэўскаму Судзімонту Доргевічу.
У 1575 г. сяло — шляхецкая ўласнасць у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1738 г. ўласнасць Антонія Юзафа Сулістроўскага. У тым жа годзе ён разам са сваёй жонкай Тэрэзай аднавілі грэка-каталіцкую царкву ў Палачанах.
У 1773 годзе рыма-каталіцкі касцёл з Груздава быў перанесены ў фальварак Аборак, які знаходзіцца ў сучасных межах Палачанаў. Касцёл быў цэнтрам культу святога Роха, у ім знаходзіўся абраз гэтага святога, што лічыўся цудадзейным. Адзін з абразоў у касцёле - Маці Божай з Дзіцём - праўдападобна напісаў Францішак Смуглевіч.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, вёска ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні.
6 лістапада 1800 года ў фальварку Аборак нарадзіўся гісторык, публіцыст і выдавец Леанард Ходзька. У 1847-1850 гадах там жыў паэт, філамат Тамаш Зан.
У 1866 г. Палачаны - цэнтр маёнтка, у вёсцы 66 рэвізскіх душ, уласнасць Сулістроўскага. У 1866 годзе збудаваная мураваная праваслаўная царква.
У 1-й пал. 1880-х гг. вёска, 10 двароў, 155 жыхароў, цэнтр Палачанскай воласці. У вёсцы размяшчаліся валасное праўленне, народнае вучылішча, праваслаўная капліца, піцейны дом, за 5 вёрст ад вёскі — вінакурны завод. У 1897 г. 25 двароў, 180 жыхароў. У пач. XX ст. сяло, 206 дзее. зямлі, цэнтр воласці і сельскай грамады.
У 1904 г. 180 жыхароў, маёнтак Аляксандра Любанскага, які меў 274 дзесяцін зямлі. У рэвалюцыю 1905—07 гг. Смаргонская акруговая арганізацыя РСДРП у 1906 г. мела ў 4 вёсках Палачанскай воласці 25 прыхільнікаў. Яны вялі сярод сялян палітычную прапаганду, арганізоўвалі мітынгі. У воласці баставала 70 парабкаў, 8 з іх былі арыштаваны.
У 1902-1907 гг збудаваная Балагое-Сядлецкая чыгунка, у 1906 годзе пачаўся рух цягнікоў праз станцыю Палачаны.
Падчас Першай Сусветнай вайны Палачаны знаходзіліся недалёка ад фронта па расійскім баку, станцыя стала лагістычнай базай расійскага войска. 9 (22) верасня 1917 года ў Палачанах памёр заснавальнік першай беларускай тэатральнай трупы Ігнат Буйніцкі.
З лютага да снежня 1918 года сяло акупіравана войскамі Германіі. З 1920 года ў Сярэдняй Літве.
У 1920/21 навучальным годзе ў Палачанах існавала беларуская школа. У 1921 годзе настаўнікі Канстанцін Філіповіч і Ганна Шпакова звольненыя польскімі ўладамі.
З 1921 года ў складзе Польшчы, цэнтр Палачанскай гміны Ашмянскага павета Навагрудскага ваяводства, з 1922 - Віленскай зямлі, у вёсцы 40 двароў, 304 жыхары, у фальварку 4 двары, 77 жыхароў. З 1926 года ў Маладзечанскім павеце.
З 1939 г. ў БССР, з 12.10.1940 г. цэнтр сельсавета Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці. У З канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года акупіраваны нацыстамі, якія ў 1941 г. расстралялі 12 савецкіх актывістаў і З камсамольцаў.
З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай, з 20 студзеня 1960 года ў Мінскай абласцях. У 1965 годзе ў вёску сселена в. Баршчы (29 двароў, 82 жыхары), у 1966 г. — в. Чарапы (39 двароў, 116 жыхароў). У вёсцы размяшчалася цэнтральная сядзіба калгаса «50-годдзе Кастрычніка».
У пасляваенны час касцёл быў зачынены, а яго будынак паступова прыйшоў у заняпад.
З 1991 года ў незалежнай Беларусі. У 2000 годзе 424 двары.
1 мая 2007 года кансэкраваны касцёл святога Роха ў Палачанах.
Насельніцтва
Інфраструктура У 2011 годзе працуюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, З магазіны.
Славутасці Каменны крыж перыяду позняга сярэднявечча, за 1,5 км на поўнач ад вёскі, справа ад дарогі на в. Зоранька — Царква Раства Багародзіцы (1866) Будынак чыгуначнай станцыі Палачаны (пачатак XX ст.) Касцёл Святога Роха (2006) Хрысціянскія могілкі
Страчаная спадчына Касцёл Святога Роха (1773)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі radzima.org
Катэгорыя:Палачанскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Маладзечанскага раёна
Катэгорыя:Любанскія