Чырвоная крэпасць, або Лал-Кі́ла () — фартыфікацыйнае збудаванне XVII — XIX стагоддзяў, помнік сусветнай спадчыны ў старой частцы Дэлі. Займае плошчу 49 га.

Гісторыя Будаўніцтва Чырвонай крэпасці было распачата магольскім імператарам Шах-Джаханам у 1638 г. у сувязі з пераносам сталіцы з Агры ў Дэлі. Да 1857 г. яна выконвала функцыю рэзідэнцыі Вялікіх Маголаў. Пасля была перададзена адміністрацыі Брытанскай Індыі. Да 1905 г. брытанцы зруйнавалі дзве трэці ўнутраных пабудоў, узвялі ваенныя казармы, адрамантавалі муры.

У 1947 г. у Чырвонай крэпасці была абвешчана незалежнасць Індыі.

Славутыя мясціны

Частку Чырвонай крэпасці займае ваенны гарнізон, аднак яна адчынена для наведвальнікаў. Захаваліся муры і вежы крэпасці, знутры — ваенныя баракі брытанскіх войск, сажалкі для захавання пітной вады, аднак найбольшую каштоўнасць уяўляюць наступныя канструкцыі:

Лахорская і Дэлійская брамы, якія з'яўляюцца месцамі ўваходу ў крэпасць на заходнім і паўднёвым напрамках. У нашы дні Лахорская брама — галоўны ўваход для наведвальнікаў.

Чата-Чоўк — доўгая аркада ў заходнім баку, якая традыцыйна з'яўляецца вуліцай гандляроў.

Наўбат-Хана́ , або «дом барабаншчыкаў», у якім у магольскую эпоху жылі прыдворныя музыканты.

Ваенны музей у будынку старой брытанскай казармы.

Дыван-і-Ам — будынак для публічных аўдыенцый імператараў.

Археалагічны музей у часткова перабудаваным гарэмным палацы Мумтаз-Махал.

Ранг-Махал, або «палац кветак» — дзённая рэзідэнцыя імператараў.

Хас-Махал — палац для адпачынку імператараў.

Дыван-і-Хас  — будынак для прыватных аўдыенцый. У мінулым у ім знаходзіўся Паўлінавы трон, змайстраваны з слановай косці і золата, упрыгожаны каштоўнымі каменямі.

Жамчужная мячэць.

Імператарскія лазні

Шах-і-Бурдж — будынак для бібліятэкі, школы і абсерваторыі.

На поўнач ад Чырвонай крэпасці знаходзіцца Салімгарх — самастойнае фартыфікацыйнае збудаванне 1546 г. У мінулым яно знаходзілася на востраве пасярод ракі Джамна і выкарыстоўвалася Вялікімі Маголамі ў якасці месца зняволення. У наш час лічыцца часткай комплекса Чырвонай крэпасці. Да яго таксама далучана Сунехры-Масджыд, трохкупальная мячэць XVIII ст. каля Дэлійскай брамы.

Ахова У 2007 годзе Лал-Кіла трапіла ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Крыніцы

Спасылкі

Чырвоная крэпасць на сайце ЮНЕСКА Даведнік для вандроўніка па Старому Дэлі

Катэгорыя:Сусветная спадчына ў Індыі Катэгорыя:Дэлі Катэгорыя:Крэпасці Індыі