Бельскі прывілей — прывілей, выданы вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам 1 ліпеня 1564 года на сойме ў Бельску Падляшскага ваяводства.

Адзін з юрыдычных актаў, што ўдасканальвалі прававыя нормы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Апублікаваны ў час падрыхтоўкі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. пасля настойлівых просьбаў шляхты, якая намагалася пашырыць свае саслоўныя і палітычныя правы.

Паводле прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах судовыя органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Абвяшчаў роўнасць шляхты перад судом і законам. Вялікі князь гарантаваў неўмяшанне адміністрацыі (ваявод і старастаў) у судовыя справы шляхты і абяцаў у хуткім часе выдаць на сойме новы статут, у якім прадугледжвалася ўтварэнне судоў, што выбіраліся шляхтай. Асобна агаворвалася, што правы царквы і духоўных судоў (каталіцкіх і праваслаўных) захоўваюць сваю сілу на падставе даўніх прывілеяў, якія мелі каталіцкія біскупы і праваслаўныя ўладыкі.

У складанай палітычнай сітуацыі ў час Інфлянцкай вайны 1558—1582 гадоў на абмежаванне сваёй улады і прэрагатыў у судовых адносінах пайшлі не толькі вялікі князь, але і паны-рада і старасты (пераважна магнаты). Яны былі вымушаны адмовіцца ад сваіх судовых правоў і даходаў дзеля кансалідацыі саслоўя феадалаў. Усе палажэнні прывілея былі ўзяты з праекта новага статута. Аднак у Статуце 1566 г. яны сфармуляваны больш поўна і дакладна. Дапаможны, службовы характар прывілея выявіўся ў тым, што ў Статуце 1566 ён змешчаны як уводны закон і склаў з ім адзіны прававы акт.

Літаратура

Грыцкевіч, А. П. Бельскі прывілей / А. П. Грыцкевіч //  — С. 10. Грыцкевіч, А. Бельскі прывілей 1564 / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] мастак З. Э. Герасімовіч]. Т. 1: А—К. — Мн: Беларуская энцыклапедыя — 684, с. — С. 310. — ISBN 978-985-11-0393-1

Катэгорыя:Крыніцы права ў Вялікім Княстве Літоўскім Катэгорыя:З’явіліся ў 1564 годзе Катэгорыя:Падзеі 1 ліпеня