Паўлінаўская сядзіба — палацава-паркавы ансамбль Бохвіцаў ХІХ — пачатку XX стагоддзя ў в. Паўлінава Баранавіцкага раёна

Гісторыя У 1897 годзе маёнтак Навіцкіх набыў Ян Отан Бохвіц, які спачатку размясціў тут свае гаспадарчыя пабудовы, потым заклаў сад і разбіў пейзажны парк. На р. Лахазва пабудаваў вадзяны млын, паблізу ў лесе працавала смалакурня для вырабу шкіпінару і мазуту. У 1906 годзе Бохвіц заклаў падмурак багатага палаца, будаўніцтва якога завяршыў у 1909 годзе. Тым часам у маёнтку Паўлінава было 7 двароў і 45 жыхароў. Спачатку Бохвіц адбудаваў палац каля Вошкаўцаў (цяпер Ураджайная), што пад Ляхавічамі, і назваў яго ў гонар бацькі — Флер’янова, а закладзены новы палацава-паркавы ансамбль у гонар маці — Паўлінава. У 1909 годзе ў Паўлінава прыязджала гасцяваць Эліза Ажэшка.

Пасля 1915 года ўладанні адышлі сыну Тадэвушу Отану, а в 1930 годзе — ўнуку Яну Отану (памёр у 1937). Апошнім уладальнікам быў Фларыян Бохвіц, жанаты на Алене Кярсноўскай (1875—1939).

У пасляваенны перыяд і да 1995 года на тэрыторыі палацава-паркавага комплекса размяшчаўся вайсковы шпіталь. Захаваліся абодва палацы. Паўночна-ўсходняя частка саду акружана парканам, на гэтай тэрыторыі знаходзіцца вайсковая часць.

Архітэктура

Паўлінаўскі ансамбль уключае палац, флігель, стайню, лядоўню і парк.

Цэнтрам кампазіцыі з’яўляецца палац, прамавугольны ў плане (28х15 м), мае тры паверхі (трэці паверх мансардны). Ён трактаваны ў стылі неаготыкі, мае рызаліты на парадным і паркавым фасадах. Будынак атынкаваны і афарбаваны ў жаўтавата-ружовы колер, ліштва і дэкаратыўныя элементы белыя. Вуглы дэкарыраваны васьміграннымі слупамі. Цэнтральны аб’ём і паўночнае крыло двухпавярховыя. Рызаліт параднага фасада шырокі — 12 м, вырашана з захаваннем сіметрыі, увянчаны ступеністым шчытом з вежкамі з адным спічастым і двума круглымі вокнамі. Да яго прымыкае драўляная тэраса. Паркавы фасад вырашана падобным чынам, але асіметрычна за кошт звужэння рызаліта на 2 м. У рызаліце ​​знаходзяцца ўваходныя дзверы і два вокны. На ступеністым шчыце з вежкамі, над вялікім гатычным акном маецца дата закладкі дома — 1906 год. Паўночны фасад раздзелены гранёнымі і круглымі слупкамі, таксама завершаны шчытом з вежкамі і трыма гатычнымі вокнамі. Аднапавярховы паўднёвы ганак мае мансарду пад двухсхільным дахам.

Парк Захаваўся пейзажны парк, ён займае плошчу каля 7 га, мае форму квадрата з прыгожай сажалкай. Першасная планироўка парка ў XX ст. была часткова парушана.

Да палаца праз сад вядзе ўязная ліпавая алея, Пачатак яе складаюць таполі канадскія. Алея акружана бардзюрам з караганы дрэвападобнай (захаваўся часткова). Перад партэрам захаваўся адзін з двух дамінантных дрэў таполі канадскай. Партэр з тыльнага боку палаца мае форму авала і сфарміраваны 13 дрэвамі дуба звычайнага.

У аснове пейзажнай кампазіцыі знаходзіцца водная сістэма з амаль прамавугольнай сажалкі на рацэ Качарышка і сажалкі на ручаі і вялікая адкрытая паляна. Віды з боку палаца арыентаваны на водную сістэму. З боку ракі паляну абгінае вузкая ліпавая алея, пасярод якой знаходзіцца адзін экзэмпляр ліпы амерыканскай вышынёй 9 м. Уздоўж раўчука вядзе грабавая алея, якая паступова пераходзіць ў ліпавую, якая завяршаецца ля ракі магутнымі хвоямі.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Паўлінава (Баранавіцкі раён) Катэгорыя:Палацава-паркавыя і сядзібна-паркавыя ансамблі Беларусі Катэгорыя:Бохвіцы Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі Катэгорыя:Славутасці Баранавіцкага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў XIX стагоддзі Катэгорыя:Сядзібы Баранавіцкага раёна