Валькоўскае возера — возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на мяжы з Пскоўскай вобласцю Расіі, у басейне ракі Чарапяціца (працякае праз возера), за 8 км у напрамку на паўночны захад ад гарадскога пасёлка Расоны, за 1,5 км на поўнач ад вёскі Глаты.
Плошча паверхні возера 2,43 км². Даўжыня 4,05 км, найбольшая шырыня 1,12 км, даўжыня берагавой лініі 12,13 км. Найбольшая глыбіня 11,6 м, сярэдняя 6,2 м. Аб’ём вады ў возеры 15,06 млн м³. Плошча вадазбору 209 км². Катлавіна возера выцягнутая ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, рэшткавага тыпу. Схілы катлавіны маюць вышыню 3—5 м, паўднёва-ўсходнія — да 10—15 м. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія, паўднёва-заходнія зліваюцца са схіламі катлавіны. Мелкаводдзе вузкае і пясчанае. Глыбей дно возера высцілаюць іл і сапрапель (у заходнім заліве). Возера эўтрофнае, праточнае. Значна зарастае. Злучаецца на паўднёвым усходзе пратокай з возерам Чарапёцкае, на паўночным захадзе пратокай з возерам Чэрпета і ручаём з возерам Ціхае.
У возеры водзяцца шчупак звычайны, лешч, язь, акунь, плотка, краснапёрка, лінь і іншыя віды рыб.
Літаратура Валько́ўскае во́зера // Энцыклапедыя прыроды Беларусі / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — Т. 1. Ааліты — Гасцінец. — С. 409. — 575 с.
Спасылкі Інфармацыя на сайце «Белорусский Посейдон» Иванов-Смоленский В. Г. Все озёра Беларуси. Популярная иллюстрированная энциклопедия. Т. 2. Ліст карты N-35-10. Выданне 1987 г. Стан мясцовасці на 1986 г.
Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці Катэгорыя:Азёры Расонскага раёна