Яго Высокапраасвяшчэнства Станісла́ў Іванавіч Бо́гуш-Сестранцэ́віч (, маёнт. Занкі Ваўкавыскага павета, Вялікае Княства Літоўскае, , цяпер Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч… ЭГБ. Т.2. — С. 52. — , Санкт-Пецярбург) — беларускі рэлігійны дзеяч, літаратар, навуковец.

Біяграфічныя звесткі Са шляхецкага роду Богуш-Сестранцэвічаў герба ўласнага. Яго бацька — міхнеўскі староста і старадубскі стражнік Ян Богуш-Сестранцэвіч (1678—1771), быў па веравызнанні кальвіністам. Маці — Карнелія Адзінец (1698—1773) — каталічкай. Па патрабаванні маці дзіцё было ахрышчана 5 верасня 1731 паводле рымска-каталіцкага абраду ў Заблудаве. Неўзабаве сям’я пераехала з Занкаў у Рале (30 км ад Кальварыі, цяпер тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі). Там і прайшло дзяцінства будучага мітрапалітаМ. Папоў (2007).

Калі Станіславу было 7 гадоў, бацька наняў яму вандроўнага настаўніка П. Касарына, які ў суседнім фальварку Бурняны вучыў дзяцей мазырскага стольніка Яна Канарскага. Неўзабаве падраслі сёстры, і Касарын пачаў пераязджаць з аднаго фальварка ў другі разам са сваімі вучнямі. Адну чвэрць яны вучыліся ў Бурнянах, а на астатні час перабіраліся да Богушаў-Сестранцэвічаў. У 12 гадоў хлопчык пакінуў бацькоўскі дом, каб працягваць адукацыю. У 1743—1745 гадах Богуш-Сестранцэвіч вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім калегіуме і Слуцкай гімназіі. У чэрвені 1745 на пахаванні старадубскага харунжага Воўка 13-гадовы вучань сказаў прачулую памінальную прамову, яна так уразіла кальвіністаў, што яны вырашылі накіраваць юнака на нямецкія землі для далейшай адукацыі.

У жніўні 1745 года Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч выехаў вучыцца ў Берлін. У дарозе быў абакрадзены ў адным з гатэляў Штатгарта Шчэцінскага. Не маючы сродкаў на існаванне, быў вымушаны пайсці на службу ў прускую армію. У Еўропе ў той час ішла вайна за «аўстрыйскую спадчыну». Богуш-Сестранцэвіч служыў афіцэрам у гусарскім палку. 15 снежня 1745 года ў бітве пад Касельдорфам быў цяжка паранены карцеччу ў правую руку. Яго даставілі ў берлінскі шпіталь, а 26 снежня 1745 года, крыху падлячыўшы рану, выпісалі і звольнілі з войска.

У Берліне Станіслаў пазнаёміўся з дамініканінам айцом Армандам, які ўладкаваў яго вучыцца ў гімназію Св. Іахіма. Вучыўся ва ўніверсітэтах Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана. Служыў афіцэрам у гвардыі ВКЛ. Пасля выхаду ў адстаўку (1761) у чыне капітана, працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў.

Магчыма, няўдалае каханне павярнула яго да царкоўнай кар’еры. Скончыў Варшаўскую галоўную школу піяраў (1762) і ў 1763 годзе пасвечаны ў духоўнае званне, быў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай, 3 снежня 1773 года біскуп Богуш-Сестранцэвіч па ініцыятыве Кацярыны II стаў біскупам у «Беларускай дыяцэзіі», якая існавала з 1773 года, але не была зацверджана Ватыканам. З кастрычніка 1773 года быў тытулярным біскупам Малінскім (Маляціцкім?) (Mallus). Жыў у гэты час у Абольцах, каля Оршы.

У 1780 годзе Кацярына II звярнулася да папы Пія VI па дазвол на стварэнне каталіцкага архібіскупства з цэнтрам у Магілёве. З 1780 года С. Богуш-Сестранцэвіч жыў у Магілёве. З 28 студзеня 1782 года стаў архібіскупам Магілёўскім. Архібіскупства складалася з касцёлаў цэнтральнай частцы Расійскай імперыі, а таксама Магілёўскай, Віцебскай і Кіеўскай губерняў. Кацярына II абапіраючыся на С. Богуш-Сестранцэвіча, для якога дамаглася ад Папы права на знак кардынала, процідзейнічала пашырэнню ўплыву Ватыкана на Усходзе.

Спачуваў паўстанню 1794 года.

thumb|Мармуровы бюст С. Богуш-Сестранцэвіча ў Пецярбургу. З 1798 года і да канца жыцця жыў у Санкт-Пецярбургу. З 1798 года — мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі, з 1801 — старшыня Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Памёр на 96 годзе жыцця. Пахаваны ў Пецярбургу ў пабудаваным ім касцёле Св. Станіслава. Да канца жыцця заставаўся архібіскупам Магілёўскім, мітрапалітам рымска-каталіцкіх цэркваў Расіі, адміністратарам Віленскай вакантнай епархіі, старшынёй рымска-каталіцкай духоўнай калегіі.

Уласную маёмасць завяшчаў сваякам. Бібліятэку (3 тысяч тамоў), грашовыя сродкі (20 тысяч рублёў), навуковыя рэчы і прылады — касцёлу Св. Станіслава ў Пецярбургу. Дом у Магілёве — Магілёўскай рымска-каталіцкай кансісторыі. Слуг архібіскупа спадкаемцы мусілі вызваліць з прыгону.

Кавалер ордэнаў Андрэя Першазванага, Аляксандра Неўскага, крыжоў Уладзіміра Вялікага і Ганны першай ступені, Белага арла, Святога Станіслава і Іаана Іерусалімскага.

Дзейнасць і творчасць 250px|thumb|Касцёл Святога Станіслава ў вёсцы Маляцічы ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці, пабудаваны С. Богуш-Сестранцэвічам. Быў прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, спрыяў адкрыццю школ, развіццю кнігавыдавецкай справы.

Заснаваў Магілёўскую друкарню (1774), дзе выдавалася духоўная і свецкая літаратура, урадавыя пастановы. У 1783 годзе ў Магілёве адкрыўся заснаваны архібіскупам тэатр, кіраўніком якога быў А. Жукоўскі, мастаком — А. Главацкі. Паспяховая вёў гаспадарчую дзейнасць, заснаваў бровар і суконную фабрыку, у яго працавалі дывановыя майстры, меў аранжарэю ў Буйнічах.

Аўтар вершаў, казанняў і іншых дыдактычных твораў. Напісаў, паставіў і выдаў у Магілёве вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), а таксама трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788). У рукапісах засталіся паэмы «Выратаваны кароль» і «Аб узяцці Ачакава».

Апекаваў навуцы, сам працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш. Выбіраўся членам Імператарскай Акадэміі навук, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. У 1813—1823 гадах старшыня Вольнага эканамічнага таварыства. У 1813 годзе часова быў прэзідэнтам Імператарскай Акадэміі навук.

Трымаўся «заходнерускіх» поглядаў. У 1793 годзе выдаў у Магілёве сваю гістарычна-краязнаўчую працу «O Rosji zachodniej» , якая стала першай «ластаўкай», абвясціўшай аб з’яўленні «западно-русизма», ён разгледзеў праблему паходжання беларусаў, украінцаў і рускіх. У гэтай невялікай кніжцы сфармуляваны асноўныя пастулаты ідэалогіі «западно-русизма»: беларускія землі са старажытных часоў былі складанай часткай адзінай рускай зямлі, беларусы — частка адзінага «рускага племені», якая мае толькі некаторыя адметнасці ў сувязі з яе гістарычным лёсам; падзелы Рэчы Паспалітай аднавілі страчанае адзінства рускіх зямель. Абгрунтаванне для свайго гістарычнага міфа С. Богуш-Сестранцэвіч чэрпаў з тагачаснай расійскай гістарычнай думкі, не прэтэндуючы на распрацоўку ўласнай гістарычнай канцэпцыі.

Аўтар «Гісторыі Таўрыды» (т. 1-2. Брауншвейг, 1800, руск. перакл. СПб., 1806), «Гісторыі сарматаў і славян» (т. 1-4. СПб., 1812).

Таксама, магчыма, С. Богуш-Сестранцэвіч быў аўтарам «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам. Праца не публікавалася, а рукапіс не знойдзены. А. Мальдзіс, а за ім Г. Каханоўскі, выказвалі думку, што пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская, аднак Сяргей Запрудскі паказаў, што ў раздзеле пра літоўскую мову сваёй «Гісторыі сарматаў і славян» С. Богуш-Сестранцэвіч дае словы ugnis, akis, wodas, bailus, bruwis, то-бок пад «літоўскай мовай» разумее менавіта літоўскуюНазвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў пачатку ХІХ ст. // Беларуская мова і мовазнаўства: ХІХ стагоддзе. — Мн.: БДУ, 2013. — С. 97..

Захапляўся помнікамі старажытнасці, збіраў манускрыпты.

Галерэя

Літаратура

Каханоўскі Г. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў 16—19 стст. — Мн., 1984. — С. 11—22; Каханоўскі Г. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч //  — С. 52; Папоў М. Мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731—1826): Нарыс жыцця і царкоўнай дзейнасці // Веснік ГрДУ. Сер. І. — 2007. № 2. — С. 3—10; Філіповіч І. Міфы і праўда аб Магілёве. — Магілёў, 1993. — С. 77—79; Хаўратовіч I. Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў Іванавіч. (3.9.1731 — 1.12.1826) // Мысліцелі і асветнікі. Энц.давед. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 185; Яцкевіч З. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч // «Веснік Магілёва», 11 снежня 1992.

Спасылкі

Archbishop Stanislaw Jan Siestrzencewicz Bohusz † Богуш-Сестранцэвіч Станіслаў (ВКЛ, Расійск. Імп.) (1731—1826) — першы рымска-кат. мітрапаліт у Расійск. Імп. Попов М. А. Митрополит Станислав Богуш-Сестренцевич и Павел I «Первый Митрополит Могилёвский Архиепископ Станислав Иоанн Сестренцевич-Богуш» на сайте otechestvo.org.ua Станислав-Иоанн (Сестренцевич-Богуш), митрополит. Изображение происшествий в духовенстве Западного последования, в России пребывающем, от того времени, как поручено оное епископу, а ныне митрополиту Сестренцевичу-Богушу / Сообщ. А. Н. Поповым // Русский архив, 1870. — Изд. 2-е. — М., 1871. — Стб. 1745—1768.

Катэгорыя:Постаці Магілёва Катэгорыя:Архібіскупы магілёўскія Катэгорыя:Члены Акадэміі Расійскай Катэгорыя:Вучоныя Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Заходнерусізм Катэгорыя:Старшыні Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі Расійскай імперыі Катэгорыя:Канонікі Віленскага кафедральнага капітула