Мікола (Мікалай) Мікалаевіч Шчакаціхін (,  — , Белябей, Башкірская АССР) — беларускі мастацтвазнавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, педагог.

Біяграфія

Сям’я і дзяцінства Нарадзіўся ў Маскве. Маці Мікалая, Лідзія Пятроўна Шчакаціхіна нарадзіла сына ад інжынера, які рана пакінуў сям’юСоболев А. Л.На краешке стола (Записки комментатора) .

Сястра маці М. Шчакахіна, Варвара Пятроўна, была жонкай расійскага юрыста . Іх сын, знакаміты савецкі музыкант Аляксандр Барысавіч Гальдэнвейзер пакінуў пра сваю цётку Лідзію такія ўспаміны:

З дзяцінства размаўляў на 4 мовах, пазней вывучыў яшчэ некалькі (паводле розных звестак, ведаў 12 моў).

Адукацыя і прафесійная дзейнасць

Скончыў у 1914 годзе і зрабіўся паэтам. Ён уваходзіў у малавядомы літаратурны гурток, які застаўся ў летапісах адным-адзіным друкаваным зборнікам «Дворец мечтаний» і некалькімі публічнымі выступамі. У 1915 годзе выйшаў альманах гуртка, які ўтрымлівае шэсць яго вершаў. На адным з маскоўскіх аўкцыёнаў у 2018 годзе быў выстаўлены рукапісны зборнік «Щекатихин Н. Браслет экстазов», атрыбуцыя і набыццё якога дазволілі пашырыць корпус вершаў М. Шчакаціхіна ў некалькі разоў.

У 1914—1918 вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, куды паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт, праз год перавёўся на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага, а ў 1917 годзе вярнуўся назад на гісторыка-філалагічны. З 1922 года ў Мінску. У 1922—1924 працаваў у БДУ, дацэнт; у 1925—1928 — у Інбелкульце (стварыў пры Інбелкульце Камісію па гісторыі мастацтва), у 1929—1930 — у БелАН.

Рэпрэсіі 18 ліпеня 1930 года арыштаваны ДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 года па пастанове пазасудовага органа (калегіі АДПУ СССР) быў высланы ў Белябей Башкірскай АССР тэрмінам на 5 гадоў. Працаваў статыстыкам, планавіком у кааперацыі, выкладаў у сярэдніх навучальных установах. Нейкі час жыў у в. Колтаўцы (30 км ад Белябея). Працягваў займацца навуковай дзейнасцю, аб выніках якой пісаў у лістах да акадэміка У. Пічэты. Але на навуковыя пасады яму не дазволілі вярнуцца. Рэгулярна перад рэвалюцыйнымі святамі М. Шчыкаціхіна ў «прафілактычных» мэтах арыштоўвалі. У турмах захварэў на туберкулёз, ад якога і памёр. Рэабілітаваны 30 студзеня 1956 года судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Групавая справа М. Шчакаціхіна і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Навуковая дзейнасць

Адзін з заснавальнікаў беларускага мастацтвазнаўства. Даследаваў выяўленчае мастацтва і архітэктуру Беларусі ад старажытных часоў да сучаснасці: культавае дойлідства і манументальны жывапіс XI—XIX стагоддзяў, іканапіс XVII—XVIII стагоддзяў, абарончыя збудаванні, старажытныя беларускія гравюры, мастацтва кніг Ф. Скарыны, творчасць многіх беларускіх мастакоў, у тым ліку В. Вашчанкі, М. Філіповіча, В. Волкава, А. Грубэ, І. Ахрэмчыка, У. Кудрэвіча, і інш. Упершыню ў беларускім савецкім мастацтвазнаўстве выпрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі беларускага мастацтва, асноўныя кірункі яго развіцця, зрабіў спробу перыядызацыі. Пільную ўвагу аддаваў станаўленню нацыянальнай мастацкай школы, арганізацыі мастацкага жыцця рэспублікі. Выступаў з публікацыямі па праблемах беларускага мастацтва, аўтар артыкула пра беларускае мастацтва для 1-га выдання Вялікай Савецкай Энцыклапедыі (т. 5, 1930). Разглядзеў і апісаў будынак Мінскай халоднай сінагогі.

У 1928 годзе выдаў т. 1 сваёй галоўнай працы «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». Прадоўжыць гэта выданне не здолеў, бо 18 ліпеня 1930 быў арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У час арышту навуковы супрацоўнік БелАН, дацэнт БДУ, гадаваў дваіх дзяцей.

Памяць

У 2008 годзе на доме Кастравіцкай (вул. Валадарскага, 24) у Мінску, дзе ў 1922—1930 гадах жыў Мікалай Шчакаціхін, устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар К. Селіханаў). На адкрыцці дошкі з прамовамі выступілі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, старшыня праўлення Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, пісьменнік Арсень Ліс і іншыяУ памяць пра Мікалая Шчакаціхіна.

Творы Феликс Валлотон. М., 1918; Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVI — пачатку XVIII сталецця. Мн., 1925; Матар’ялы да гісторыі беларускага малярства XVIII ст. // Віцебшчына. Т. 1. 1925; Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925, № 1; Наша сучаснае мастацтва і нацыянальны стыль // Трыбуна мастацтва. 1925, № 3; Гравюры i кнiжныя аздобы ў выданьнях Францiшка Скарыны // Чатырохсотлецьце беларускага друку 1525–1925. Мн., 1926. С. 180–227; Беларуская архiтэктура ў XI-XII ст. Мн., 1927; На шляхох новага беларускага мастацтва // Полымя. 1927, № 2; Да пытання аб храналогіі «Малой падарожнай кніжыцы» Скарыны: Scoriniana // Запіскі аддзела гуманітарных навук Інбелкульта. Кн. 3. Працы клясы гісторыі. Т. 2. — Мн., 1928; Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1928; факсімільнае выд.: Мн., 1993; Помнікі старадаўняй архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў у Мінску // Запіскі аддзела гуманітарных навук. Мн., 1928. Кн. 6. Працы камісіі гісторыі мастацтва. Т. 1, сш. 1; Сучаснае беларускае мастацтва. Праваднік па аддзеле сучаснага беларускага малярства і різьбярства. Мн., 1929; Новы Менск // Чырвоная Беларусь. 1930, № 1.

У філатэліі У 2021 годзе быў выпушчаны мастацкі маркіраваны канверт «Вядомыя асобы Беларусі. М. М. Шчакаціхін» . Дызайн канверта Святлана Цырулік. У 1996 годзе, да 100 — годдзя з дня нараджэння навукоўца, РУП «Белпошта» выпусціла паштовую марку.

Літаратура

— C. 466.

Ліс А. Мікола Шчакаціхін. — Мн., 1968;

Спасылкі

Шчакаціхін Мікалай Мікалаевіч

Катэгорыя:Памерлі ў Башкартастане Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі СССР Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы СССР Катэгорыя:Асобы на марках Катэгорыя:Выкладчыкі БДУ Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Пасмяротна рэабілітаваныя ў СССР