«Мерада» — беларускі гурт, які выконвае музыку напрамку кантры, фолк, соўл, рок, блюз. Заснаваны ў 2013 годзе ў Мінску.

Гісторыя Групу стварылі былыя ўдзельнікі блюзавай каманды «Steve Cramer BAND» сямейная пара Стыў і Ганна Крамер у 2013 годзе.

Стыў Крамер (Усевалад Крамушчанка) пачынаў як гукарэжысёр гурта «Бонда». Эмігрыраваў з Беларусі ў 1989 годзе. Граў па клубах Лондана, Нью-Ёрка, у ізраільскім Бэіт-Шэане. Пасля 17-ці год музычных вандраванняў вярнуўся ў Мінск. Тут ён пазнаёміўся з Ганнай, якая, маючы дзве вакальныя адукацыі, займалася педагагічнай і арганізатарскай дзейнасцю. Спачатку яны выступалі з каверамі класічнага блюзу і англамоўнымі ўласнымі песнямі пад назвай «Steve Cramer Band». Але ў 2013 годзе ў розных інтэрнэт- і радыё-плебісцытах пачалі гучаць ужо іх беларускамоўныя хіты пад назвай «Мерада».

Пра гурт сам заснавальнік «Мерады» Стыў Крамер кажа, што «ў творчасці свайго гурта „Мерада“ ён разам са сваёй жонкай, спявачкай Ганнай Крамэр, імкнецца аб'яднаць духоўнасць „Песняроў“, меладызм „Бонды“ і мадэрн „Улісу“, а таксама найлепшыя сусветныя напрацоўкі ў кантры, року, фольку і госпэлу».

Улетку 2015 года гурт выдаў свой першы альбом — «Проста вер», у які ўвайшло 10 песень, запісаных пры дапамозе запрошаных іншых музыкантаў, сярод якіх: Валерый Дасюкевіч (гурт «J:морс»), Ігар Варашкевіч (гурт «Крама»), Іван Махновіч (экс-гурт «Харлі»), Іван Кучарэнка (Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр), Уладзімір Міхновіч (экс-гурт «Остров Пришельцев»), Аляксей Золатаў (экс-гурт «Svet Boogie Band») і іншыя.

У верасні 2015 года гурт прапанаваў свой першы прафесійны кліп на кампазіцыю «Начны праспект», сцэнарыстам і рэжысёрам якога стаў Стыў Крамер. У тым жа месяцы ў відэа-чарце Tuzin.fm кліп трымаўся на 1-м месцы.

Склад гурту Ганна Крамер — вакал, бэк-вакал, вуснавы гармонік, бубны Стыў Крамер — гітары, слайд, мандаліна, перкусія, бэк-вакал запрошаныя музыкі

Альбомы «Проста вер» (CD; Вігма, 2015)

Спасылкі

Катэгорыя:Музычныя калектывы Беларусі Катэгорыя:Рок-гурты Беларусі Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 2013 годзе