Пя́тніцкая царква́ — адна з чатырох вядомых цэркваў колішняга Бельчыцкага манастыра ў Полацку. Помнік полацкай школы дойлідства. Храм быў узведзены ў XII стагоддзі. Архітэктарам Пятніцкага храма, як і суседняй Барысаглебскай царквы, лічыцца мясцовы майстар дойлід Іаан. Такое меркаванне грунтуецца на тым, што ў названых будынках выкарыстаны шэраг прыёмаў, якія знайшлі потым найбольш поўнае і завершанае ўвасабленне ў Спаса-Праабражэнскім саборы Ефрасіннеўскага манастыра, аўтарам якога Іаан быў паводле летапісных крыніц.

Пасля Першай сусветнай вайны на манастырскім двары размяшчаліся ваенныя склады. У гэты час Пятніцкая царква пачала трухлець. Сцены храма мясцовае насельніцтва разбірала на будматэрыялы. Царква была канчаткова разбурана пасля 1920 года. У 1928 годзе вывучэнне Барысаглебскай і Пятніцкай цэркваў Барысаглебскага манастыра праводзіў гісторык архітэктуры І. М. Хозераў. Ён паспеў даследаваць рэшткі і замаляваць фрагменты фрэскавага роспісу помнікаў.

Архітэктура

Храм уяўляў сабой бесслуповы аднанефавы будынак вельмі невялікіх памераў з бакамі плана каля 5,1—5,8 м. Ён меў адну прамавугольную ў плане апсіду, прытвор з захаду, а таксама паўпадвальны склеп. Гэты склеп (крыпта), які быў, верагодна, пахавальняй полацкага князя Барыса Усяславіча, размяшчаўся пад усім будынкам, акрамя алтарнай часткі. Наяўнасць такога паўпадвальнага паверха вымусіла будаўнікоў змяніць традыцыйную для Полацка тэхналогію: падмуркі тут былі выкладзены не насуха, як звычайна, а на вапнавым растворы.

Сістэма муроўкі сцен з чырвонай плінфы на ружовым растворы цамянкі засноўвалася на чаргаванні ўтопленых і выступаючых радоў — класічнай для Полацка муроўцы «са схаваным радам». Нават пры невялікіх знешніх памерах храм меў манументальны выгляд і ясна выказаную слуповасць (вежападобнасць) сілуэта, якую яму надавалі ніжэйшыя за асноўны аб'ём апсіда і прытвор, а таксама падкрэслівалі плоскія вонкавыя лапаткі і вертыкалі аконных праёмаў, размешчаных у два ярусы.

Аб характары перакрыццяў і завяршэння царквы існуюць дзве версіі. Паводле першай, зыходзячы з планіроўкі і адсутнасці паўкруглых апсід, храм меў корабавыя скляпенні і быў бяскупальным (без барабана). Згодна з другой версіяй — храм вянчаў традыцыйны купал. Цікава, што пры даследаваннях падобных невялікіх помнікаў выяўляецца дыферэнцыяваны падыход будаўнікоў да муроўкі розных канструкцый. Магчыма, гэта было звязана менавіта з перакрыццямі, і таму адсутнасць масіўных скляпенняў магла ўплываць на агульную схему будынка.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Віцебскай вобласці Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Полацка Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Полацка Катэгорыя:З’явіліся ў XII стагоддзі Катэгорыя:Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр Катэгорыя:Дойлід Іаан