Ісаак Шаевіч Рэйнгольд, у расійскай традыцыі Ісак Ісаевіч Рэйнгольд () — дзяржаўны дзеяч БССР і СССР.

Біяграфія Нарадзіўся 5 лістапада 1897 года ў Грозаве (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці). Старэйшы сын грозаўскага жыхара Шаі Янкелевіча і Гінды Шлёмаўны (народжанай Найкруг), дачкі слуцкага мяшчаніна. У сям’і таксама быў малодшы сын Саламон (нар. 23.1.1904).

У 1913 годзе прыняты па экзамене ў 5-ы клас прыватнага рэальнага вучылішча Хайкіна ў Мінску, дзе вучыўся да 1916 года. Падчас вучобы ў Мінску жыў у доме Вержбоўскага па вуліцы Губернатарскай. Па атрыманні атэстата вучылішча паступіў у Петраградскі псіханеўралагічны інстытут, скончыў адзін курс і ў 1917 годзе вярнуўся ў Мінск. Пазней скончыў два курсы Данскога ўніверсітэта.

З красавіка 1917 года член часовага Мінскага камітэта бальшавікоў і інтэрнацыяналістаў, з кастрычніка — Мінскага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. У студзені 1918 года часовы народны камісар СНК Заходняй вобласці і фронту. У 1918 годзе член Абласнога выканаўчага камітэта Заходняй вобласці і фронту, старшыня Віцебскага губвыканкама, з лістапада — Мінскага губернскага рэўкама.

Дэлегат I з’езда КП(б)Б. Са снежня 1918 года член Цэнтральнага бюро КП(б)Б. Разам з Змітром Жылуновічам, Аляксандрам Чарвяковым і іншымі 1 студзеня 1919 года падпісаў «Маніфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада БССР». З 1 студзеня да 28 лютага 1919 — Народны камісар фінансаў ССРБ; з 28 лютага 1919 да мая 1919 — Народны камісар фінансаў ЛітБел ССР. Дэлегат I Усебеларускага з’езда Саветаў у Мінску, член ЦК КП(б)ЛіБ.

З мая 1919 года на кіруючых пасадах у РСЧА, член Данскога абласнога рэўкама, памочнік начальніка Палітычнага аддзела Паўднёвага фронту. Затым да 1920 года памочнік начальніка Палітычнага аддзела Заходняга фронту.

У 1920 годзе кіраўнік рудніка каменнавугальнага раёна Данбаса. Да 1924 года намеснік старшыні Праўлення Усерасійскага вугальнага сіндыката. Затым начальнік Бюджэтнага ўпраўлення Народнага камісара фінансаў СССР, начальнік Валютнага ўпраўлення Народнага камісарыята фінансаў СССР. З ліпеня да 16 кастрычніка 1926 года старшыня Камітэта дзяржаўных заказаў пры Савеце працы і абароны СССР.

Са снежня 1926 да верасня 1927 года старшыня Ульянаўскай губернскай планавай камісіі. З верасня 1927 года начальнік Планава-эканамічнага аддзела Упраўлення воднай гаспадаркі Сярэдняй Азіі. У лютым—снежні 1928 года галоўны інжынер, намеснік старшыні Сярэдне-Азіяцкага ўпраўлення воднай гаспадаркі.

У 1929 годзе на кіруючай рабоце ў Дзяржплане СССР. 23 жніўня 1929 года сакратарыят ЦК УКП(б) вызваліў яго ад працы ў Дзяржплане і перадаў на кіруючую працу ў распараджэнне Галоўбавоўнкама. У жніўні 1930 — лютым 1931 года старшыня Галоўнага бавоўнавага камітэта Народнага камісарыята земляробства СССР. З лютага 1931 да лютага 1932 года начальнік Бавоўнавага сектара Народнага камісарыята земляробства СССР. З 14 лютага 1932 да 10 красавіка 1934 года намеснік Народнага камісара земляробства СССР, а таксама з лістапада 1932 года начальнік Галоўнага ўпраўлення бавоўнавых машынна-трактарных станцый Народнага камісара земляробства СССР, яшчэ да 16 лістапада 1934 года начальнік Галоўнага бавоўнавага ўпраўлення Народнага камісарыята земляробства СССР. Працаваў начальнікам ірыгацыі Бавоўнавага ўпраўлення Паўднёва-Казахстанскай вобласці. З 1936 года намеснік Народнага камісара земляробства СССР.

Удзельнік трацкісцкай апазіцыі і паплечнік Рыгора Зіноўева. Пастановай XV-га з’езда УКП(б) (2—19 снежня 1927) 18 снежня 1927 года выключаны з УКП(б). У студзені 1928 года публічна заявіў пра адыход ад апазіцыі і 28 чэрвеня 1928 года адноўлены ў партыі.

Паводле адных звестках арыштаваны 16 снежня 1934 і 31 снежня 1934 года выключаны з УКП(б), паводле іншых — у студзені 1935 года Сакольніцкім раённым камітэтам партыі Масквы выключаны як «трацкіст-двурушнік». 27 красавіка 1936 года арыштаваны як удзельнік «трацкісцка-зіноўеўскага тэрарыстычнага цэнтра». Прыгавораны 24 жніўня 1936 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР да расстрэлу. Расстраляны ўначы 25 жніўня, у адзін дзень з Зіноўевым.

Рэабілітаваны 13 чэрвеня 1988 года.

Крыніцы

Літаратура Карніловіч, Э. Рэйнгольд Ісак Ісаевіч / Эдуард Карніловіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузелі—Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с. — С. 168—169. — ISBN 985-11-0214-8. Орлов, А. Тайная история сталинских преступлений. — СПб.: Всемирное слово, 1991. — 317, с. — ISBN 5-86442-001-8.

Катэгорыя:Народныя камісары фінансаў БССР Катэгорыя:Пасмяротна рэабілітаваныя Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Нарадзіліся ў Капыльскім раёне Катэгорыя:Члены ЦК КПБ Катэгорыя:Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі Катэгорыя:Члены Цэнтральнага бюро КП(б)Б Катэгорыя:Намеснікі народных камісараў СССР