Рыго́р Аляксе́евіч Васіле́віч () — беларускі правазнавец і дзяржаўны службовец. Доктар юрыдычных навук (1994), прафесар кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ, член-карэспандэнт НАН Беларусі (2017).
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь (1997—2008), Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь (2008—2011). Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь (1994). Аўтар першага падручніка па канстытуцыйным праве БеларусіВасілевіч Рыгор Аляксеевіч на сайце «Беларусь у асобах і падзеях» .
Біяграфія Нарадзіўся 13 лютага 1955 года ў Мінску.
У 1972 годзе скончыў сярэднюю школу. Па заканчэнні вячэрняга аддзялення юрыдычнага факультэта БДУ імя У. І. Леніна ў 1980 годзе паступіў на дзённае аддзяленне аспірантуры юрыдычнага факультэта БДУЮрыдычны факультэт. Гісторыя. Сучаснасць. Імёны / рэдсавет : С. А. Балашэнка (старш.) і інш. ; рэдкал. : С. А. Балашэнка (адк. рэд.), А. В. Шыдлоўскі (нам. адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2015. — 263 с. : іл.. Праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі ў Чэхаславакіі (1973—1975).
У 1984 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Харкаўскім юрыдычным інстытуце, а ў 1994 годзе ў БДУ — доктарскую дысертацыю па тэме «Праблемы законатворчай дзейнасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь».
З 1986 года перайшоў на працу ў Сакратарыят Вярхоўнага Савета БССР. Спачатку займаў пасаду намесніка, а ўжо з 1989 па 1994 год быў загадчыкам юрыдычнага аддзела.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года ўтвараўся Канстытуцыйны суд, куды Рыгор Аляксеевіч і быў абраны спачатку суддзём, а ў 1997 годзе быў прызначаны, у адпаведным закону парадку, на пасаду Старшыні Канстытуцыйнага суда.
У 2008 годзе прызначаны на пасаду Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, з якой быў вызвалены ў 2011 годзеРыгор Васілевіч зняты з пасады генпракурора Беларусі (дапоўнена). БелаПАН.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, 2 лютага 2011 года быў унесены ў Чорны спіс Еўрасаюза. Васілевіч як генеральны пракурор у рашэнні Савета Еўрапейскага саюза ад 15 кастрычніка 2012 года быў названы тым, хто кантраляваў пераслед усіх асоб, якія былі арыштаваны пасля мірных дэманстрацый 19 снежня 2010 года.Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures against Belarus, EUR-Lex, 2012.
Пасля вярнуўся на працу ў БДУ, з 2011 года — загадчык кафедры канстытуцыйнага права. У 2017 годзе выбраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі.
15 сакавіка 2021 года ўвайшоў у склад Канстытуцыйнай камісіі, якая паводле рэзалюцыі VI-га Усебеларускага народнага сходу распрацоўвала прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечвала іх усенароднае абмеркаванне.
Навуковая дзейнасць Вядзе актыўную навуковую дзейнасць. Рэгулярна выступае з дакладамі на навуковых і навукова-практычных канферэнцыях як у Беларусі, так і за мяжой. Падрыхтаваў 17 кандыдатаў і 3 дактароў юрыдычных навук. Яго працы апублікаваны ў Расіі, Польшчы, Турцыі, Балгарыі, Італіі, Францыі, Нідэрландах, Арменіі, Літве і Украіне. Уваходзіць у склад рэдакцыйных калегій шэрагу навуковых выданняў, у тым ліку ў рэдакцыйны савет папулярнага сярод вучоных-крыміналістаў Беларусі і краін СНД навукова-практычнага часопіса «Папярэдняе расследаванне».
Навуковыя працы ў галіне канстытуцыйнага права, дзяржаўнага кіравання, крымінальнага права, працоўнага права, тэорыі дзяржавы і права, міжнароднага права, правоў чалавека, гісторыі беларускай дзяржавы і права. Удзельнічаў у падрыхтоўцы большасці заканадаўчых актаў, прынятых Вярхоўным Саветам БССР (Рэспублікі Беларусь) у 1989—1994 гадах. Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі 1994 года. Унёс уклад у развіццё вучэння аб канстытуцыі, аб канстытуцыяналізацыі галіновага заканадаўства, забеспячэнне яго адпаведнасці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права, аб верхавенстве канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў.
Аўтар больш за 1000 навуковых прац, у тым ліку звыш за 100 кніг і манаграфій, больш за 50 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.
Асноўныя працы Парламент Республики Беларусь: конституционно-правовой аспект. Минск, 1995. Конституция Республики Беларусь: науч.-практ. комментарий. Минск, 2005. Белорусское государство на рубеже веков. Минск, 2006. Правонарушения. Закон. Ответственность. Минск, 2011 (Серия «Юридическое обозрение»). Административно-деликтное право : учеб. пособие. Минск, 2013 (в соавт.).
Званні і ўзнагароды Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2021)Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2021 года № 410 «Аб узнагароджанні», нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2005), у тым жа годзе Н. Назарбаеў узнагародзіў яго юбілейным медалём «Да дзесяцігоддзя Канстытуцыі Рэспублікі Казахстан». Мае некалькі дзясяткаў ведамасных медалёў, нагрудных знакаў і ганаровых грамат.
Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь (1994). Лаўрэат прэміі імя У. І. Пічэты (2012, БДУ) за цыкл падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па канстытуцыйным праве. Удастоены нагруднага знака «Ганаровы пракурор краін СНД» у 2016 годзе. Мае класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі І класа і вышэйшы кваліфікацыйны клас суддзі. Міжнародным біяграфічным цэнтрам (Кембрыдж, Вялікабрытанія) уключаны ў спіс выдатнейшых людзей ХХ і ХХІ ст.
Ганаровы прафесар Інстытута заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі (2016).
Крыніцы
Літаратура
Белорусская юридическая энциклопедия: в 4 т. / Белорусский государственный университет, Юридический факультет. — Минск, 2007. — Т. 1. — С. 166—167. Прафесары і дактары навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, 1921—2001 / [складальнік А. А. Яноўскі]. — Мінск, 2001. — С. 44. — С. 591.
Спасылкі Асабістая старонка на сайце юрыдычнага факультэта БДУ Рыгор Аляксеевіч Васілевіч на сайце НАН Беларусі Рыгор Аляксеевіч Васілевіч у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі
Катэгорыя:Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Генеральныя пракуроры Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Юрысты Беларусі Катэгорыя:Заслужаныя юрысты Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Дактары юрыдычных навук Катэгорыя:Члены-карэспандэнты НАНБ Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Члены Канстытуцыйнай камісіі Беларусі (2021) Катэгорыя:Правазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Суддзі Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь