Язэ́п Нарцы́завіч Драздо́віч (; ; Псеўданімы: Я. Нарцызаў) — беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Біяграфія

Дзяцінства і маладосць

З шляхецкага роду Драздовічаў герба «Ястрабец». Нарадзіўся года ў засценку Пунькі Дзісенскага павета Віленскай губерні на пушчы Цытавізна-Галубіцкай у каталіцкай сям’і збяднелага шляхціца-арандатара Дзісненскага павета Нарцыза Стафанавіча Драздовіча і Юзэфы з Карчэўскіх.

Ахрышчаны 11 студзеня 1889 года (старога стылю) ў Глыбоцкім прыходскім касцёле ксяндзом-настаяцелем А. Якудоўскім з усімі таямніцамі, хроснымі былі Аляксандр Янкоўскі і дзявіца Юлія Драздовічаўна.

У два гады застаўся без бацькі, яго і пяцёра братоў выхоўвала маці Юзэфа, неўзабаве сям’я засталася без зямлі і дома. Сям’я мусіла часта пераязджаць, арандуючы чужую зямлю. Язэп Драздовіч пачаў вучобу ў прыватнай настаўніцы, пасля вучыўся ў школе ў Дзісне, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню і паступіў у мастацкую школу вядомага расійскага жывапісца Івана Трутнева, якую скончыў у 1908 годзе. Праз нястачу Драздовіч падрабляў у мастацкіх майстэрнях, планаваў выехаць па заработкі за граніцу.

Творчае станаўленне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэння. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае серыю графічных работ з краявідамі Дзісеншчыны, аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага «Нашай Нівай».

У 1910 годзе прызваны на тэрміновую службу Рускую імператарскую армію. Пасля двух гадоў тэрміновай службы ў Саратаве скончыў фельчарскую школу і пачаў працаваць у амбулаторыі. Першая сусветная вайна заспела яго ротным фельчарам 34-га пяхотнага запаснога батальёна (стаяў у Сімферопалі). Паводле асабістай карткі шпіталя, Драздовіч захварэў на брушны тыф і 30 лістапада 1914 года паступіў у заразны лазарэт у Пятроўск (цяпер Ленінскае, паўдарогі паміж Феадосіяй і Керчу). Імаверна, неўзабаве яму стала лепей, бо ўжо 12 снежня 1914 года накіраваны на медыцынскую камісію. Пасля сямімесячнага адпачынку з адведваннем радзімы Драздовіч вярнуўся ў армію.

Пасля рэвалюцыі

У 1917 годзе, пасля сямі гадоў службы, Язэп Драздовіч вяртаецца дамоў. Жыў у родных, сваякоў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля Германавіч, дасылаў у «Нашу Ніву» допісы пра клопаты хлебаробаў-землякоў. З аптымізмам вітаў Першы Усебеларускі з’езд. У лісце да Антона Грыневіча Драздовіч выказваў задуму аб арганізацыі акадэміі мастацтваў. На сваёй радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, тэатр.

У 1919 годзе, пасля абвяшчэння Савецкай Беларусі, Драздовіч пераехаў у Менск. У Менску працаваў у Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы ССРБ, мастак-дэкаратар у «Беларускай хатцы», у 1919 годзе арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. За польскай акупацыяй Менска (9 жніўня 1919 — 11 ліпеня 1920) супрацоўнічаў з Часовым беларускім нацыянальным камітэтам і Беларускай вайсковай камісіяй, афармляў часопісы «Беларускае жыццё» і «Рунь». У Менску Драздовіч стварыў серыю ўнікальных малюнкаў гістарычных раёнаў места — Замчышча, Верхняга Рынка, Татарскага прадмесця. Даследаваў рэчышча Нямігі, праводзіў раскопкі ў Заслаўі, Свіры.

1920-я гады 11 ліпеня 1920 года Менск занялі войскі Чырвонай арміі, пасля чаго 31 ліпеня 1920 года адбылося паўторнае абвяшчэнне незалежнасці Беларускай ССР. З ліпеня 1920 года прынамсі да кастрычніка 1920 года Язэп Драздовіч вёў урокі ў 13-й (Беларуская гімназія, 13-я Беларуская радная школа) і 15-й школах 2-й ступені. Таксама з жніўня да канца кастрычніка працаваў мастаком і ілюстратарам у Народным камісарыяце асветы Беларускай ССРНАРБ, ф. 42, воп. 3, спр. 3, 11, 15, 18..

Пазней вярнуўся на родную Дзісеншчыну, занятую палякамі і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года адышоўшую да Польшчы (Заходняя Беларусь). Нягледзячы на перашкоды польскіх уладаў, разгортвае тут культурна-асветніцкую дзейнасць. У 1921—1924 гадах — кааператар. У 1921 годзе Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу, якая, аднак, праіснаваўшы толькі тры месяцы, была закрытая польскай адміністрацыяй.

У гэты ж час Язэп Драздовіч спрабуе займацца літаратурнай дзейнасцю. Бярэцца за напісанне гістарычнага рамана пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 годзе была выдадзена і прыхільна сустрэтая беларускай грамадскасцю аповесць Драздовіча «Вялікая шышка».

Язэп Драздовіч супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўнення экспазіцыі ён займаўся раскопкамі гарадзішчаў, збіраў фальклор, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялян. З гэтай мэтай у 1926 годзе Драздовіч выправіўся ў навукова-творчую экспедыцыю на Піншчыну, а ў наступныя два гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Наваградак, Любчу, Мір. У выніку гэтых вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, з’явіліся ёмістыя альбомы графікі.

У 1924—1926 гадах выкладаў маляванне ў Глыбоцкай польскай школе, актыўна супрацоўнічаў з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны. У 1926—1927 гадах супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Маланка». У 1927 годзе заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай гімназіі. Пры студыі Язэп Драздовіч гуртаваў маладых беларускіх мастакоў, сярод якіх былі Васіль Сідаровіч і Мікола Васілеўскі. У 1927—1929 гадах выкладаў маляванне ў Наваградскай беларускай гімназіі.

Драздовіч усталяваў шчыльныя сувязі з Інстытутам беларускай культуры ў Менску (з 1929 года — Акадэмія Навук), дасылаў замалёўкі і абмеры драўлянай архітэктуры і прадметаў сялянскага побыту. За мастацкія і навуковыя работы неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Акадэміі Навук.

На пачатку 1930-х гадоў непрацяглы час працуе на Беласточчыне на запрашэнне ТБШ: афармляе спектаклі на аматарскай сцэне таварыства, удзельнічае ў працы кааператыўнага выдавецтва «Сяўба».

Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было захапленне космасам. У 1931 годзе Драздовіч выдаў у Вільні на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці, пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы і вярчэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя рысункі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».

Дзісенскі перыяд

У 1933 годзе Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну да брата Канстанціна. Тут мастак стварыў вялікую колькасць графічных і жывапісных твораў. Язэп Драздовіч працягнуў супрацоўніцтва з Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча, дасылаючы туды замалёўкі замчышчаў, гарадзішчаў, сялянскай архітэктуры і побыту. Разам з Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам Драздовіч стварыў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі, у часе якіх вырабляў для вяскоўцаў маляваныя дываны і партрэты.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і ў 1940—1941 гадах працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў Глыбокім і Лужках. Праз нястачу настаўнікаў ён быў вымушаны выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляванне і гісторыю. Педагагічная дзейнасць Драздовіча перапынілася ў 1941 годзе ў сувязі з нападам нацысцкай Германіі на СССР у Другой сусветнай вайне. У часе нямецкай акупацыі Драздовіч працягнуў сваю творчую дзейнасць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.

Па заканчэнні вайны праз праблемы са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заработку былі маляваныя дываны для сялян. Зрэдчас пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалогіі і культуры ставіліся да творчасці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны роспіс сталоўкі ў Лужках, які быў зафарбаваны на загад полацкага чыноўніка. Драздовіч не быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.

У 1954 годзе на адной з вясковых дарог беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» знайшлі сяляне. Яго адвезлі ў Падсвільскую бальніцу, дзе праз некаторы час ён памёр. Пахаваны Драздовіч на могілках паміж вёскамі Ліпляні і Малыя Давыдкі. У 1982 годзе на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» (скульптар Алесь Шатэрнік).

Творчасць

У Язэпа Драздовіча было шырокае кола інтарэсаў: гісторыя, археалогія, этнаграфія, літаратура, астраномія. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны, склаў зборнік «Песні Дзісеншчыны». Пісаў вершы, прозу, вёў дзённікі.

У 1923 годзе ў Вільні была надрукаваная першая частка яго аповесці «Вар’ят без вар’яцтва». Бальшыня ягоных твораў, у тым ліку паэма «Трызна мінуўшчыны», прысвечаная старажытнай Полаччыне, і гістарычная аповесць «Гарадольская пушча», апавяданне «Сон Гараноса» з ягонымі ілюстрацыямі засталіся ў рукапісах. У паэме «Трызна мінуўшчыны» (працоўныя назвы «Песні аб мінуўшчыне, або Беларусь спрадвеку», 1936 год) Драздовіч апісвае падзеі, якія адбываліся на нашых землях ад VI да XX ст. У паэме аўтар сам выступае ў якасці Бая-песняра, постаць, якая паўтараецца ў дальнейшых этапах творчасці Язэпа Драздовіча. Падзеі ў аповесці «Гарадольская пушча» адбываюцца на роднай яму Дзісеншчыне ў XIII ст. У Вільні пад псеўданімам Я. Нарцызаў выдаў кніжку «Пабрацімцы і вялікая шышка» (1923).У Свіры праводзіў археалагічныя даследаванні. У ненадрукаванай працы «Дзісенская дагістарычная старына» апісаў 30 археалагічных помнікаў. Адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, шмат каменных крыжоў, сабраў калекцыю каменных сякер. У выніку археалагічных пошукаў напісаў працу «Дзе знаходзяцца Дудуткі і Гародня». Дзённікі Язэпа Драздовіча, якія ён вёў у 1930—1950-я гады, былі надрукаваныя ў 1991 годзе («Маладосць» № 5—12). Аўтар навукова-папулярнай брашуры па астраноміі «Нябесныя бегі» (1931).