Антоніа Вівальдзі (; , Венецыя — ліпень (пахав. 28.7) 1741), італьянскі кампазітар і скрыпач, значная постаць у культуры барока, лічыцца адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў італьянскага скрыпічнага мастацтва XVIII стагоддзя, пры жыцці атрымаў шырокае прызнанне ва ўсёй Еўропе. Майстар ансамблева-аркестравага канцэрта — канчэрта гроса, аўтар каля 40 опер. Яго найбольш вядомай працай з’яўляецца цыкл з чатырох скрыпічных канцэртаў «Поры года».
Паходжанне Далёкія продкі Антоніа Вівальдзі былі шаноўнымі людзьмі ў Брэшыі, дзе нарадзіўся і бацька кампазітара, Джавані Батыста (1655—1736). У дзесяць гадоў Джавані пераехаў з маці ў Венецыю, дзе навучаўся цырульніцкаму рамяству. У той час у італьянскіх цырульнях дзеля баўлення вольнага часу кліентаў зазвычай трымалі розныя музычныя інструменты. Джавані час ад часу музыцыраваў на скрыпцы і пасля цалкам прысвяціў сябе музыцы.
У 1677 годзе Джавані жэніцца з Камілай Калік’я (1655—1728), і годам пазней у іх нараджаецца сын — Антоніа. Паводле царкоўных запісаў, у Антоніа было тры сястры — Маргарыта Габрыэла, Чэчылія Марыя і Дзанета Ганна, і два браты — Банавентура Тамаса і Франчэска Гаэтана, якія працягнулі справу бацькі і пазней сталі цырульнікамі.
У 1685 годзе імя Джавані Батысты значылася ў спісе стваральнікаў музычнай супольнасці «Sovvegno dei musicisti de Santa Cecilia». Пасля ён стаў галоўным скрыпачом у капэле сабора Святога Марка. За нязвыклы для венецыянцаў руды колер валасоў, які Антоніа ўспадкаваў ад бацькі, яго пасля звалі «рудым святаром» (). У 1689 годзе была пастаўлена опера пад назвай «La Fedelta sfortunata», складзеная Джавані Батыста Росі, з чаго можна дапусціць, што бацька Антоніа і сам быў кампазітарам.
Біяграфія
Раннія гады Антоніа Вівальдзі нарадзіўся 4 сакавіка 1678 года ў Венецыі, якая з’яўлялася ў тую пару сталіцай Венецыянскай рэспублікі. Да сярэдзіны XX стагоддзя даследчыкамі біяграфіі Вівальдзі называліся розныя даты нараджэння кампазітара, сустракаліся сцверджанні, што ён нарадзіўся ў 1675 годзе, прыводзіліся і іншыя даты. Выяўленыя ў 1963 годзе англійскім навукоўцам Эрыкам Полам (Eric Paul) запісы царкоўнага прыходу Святога Іаана Прадцечы (Сан-Джавані-ін-Брагора, раён Кастэла) дазволілі канчаткова ўсталяваць дату нараджэння кампазітара. Ён быў ахрышчаны дома адразу ж пасля нараджэння, што было звязана або з яго слабым здароўем, або з землятрусам, які ўзрушыў горад у той дзень. Пад гэтым уражаннем маці Антоніа Вівальдзі адразу ж прызначыла сына ў святары. Афіцыйнае хрышчэнне немаўляці ў царкве адбылося праз два месяцы.
Пра юнацкія гады і музычную адукацыю Антоніа Вівальдзі мала звестак. Напэўна, менавіта бацька стаў яго першым музычным настаўнікам, навучыўшы граць на скрыпцы, да якой юны кампазітар далучыўся з дзесяці гадоў, і ўжо ў 1689—1692 гадах замяшчаў бацьку ў капэле сабора Святога Марка з прычыны яго адлучак з Венецыі.
Паводле некаторых крыніц, Антоніа навучаўся тэорыі музыкі і кампазіцыі ў Джавані Легрэнцы, але ўлічваючы, што Легрэнцы памёр у 1690 годзе, многімі даследчыкамі факт яго настаўніцтва ставіцца пад сумнеў. Аднак люксембургскі навуковец Уолтэр Калнедэр адзначыў уплыў стылю Легрэнцы ўжо ў адной з першых кампазітарскіх прац Вівальдзі — «Laetatus sum…» («Будзем радавацца…»), напісанай ім у 1691 годзе. Віртуозная ігра на скрыпцы і водгаласы ў ранніх творах Антоніа музычнага стылю рымскага скрыпача Арканджэла Карэлі выклікалі здагадкі, што, магчыма, Антоніа навучаўся ў гэтага майстра. Аднак няма сведчанняў, што пацвярджаюць гэта, а храналогія царкоўнай службы Антоніа не супадае з датай меркаванага яго навучання ў 1703 годзе ў РымеWalter Kolneder. Antonio Vivaldi: his life and work. — University of California Press, 1970 — ISBN 0-520-01629-7.
Здароўе Антоніа Вівальдзі было слабым — такія сімптомы, як «strettezza di Petto» («цесната ў грудзях»), былі інтэрпрэтаваныя як форма астмыMichael Talbot, Vivaldi (London: J.M. Dent & Sons, Ltd., 1978), 39..
Юнацтва Служба бацькі ў царкоўным саборы і кантакты з духавенствам паўплывалі на выбар далейшай кар’еры юнага Антоніа. Ён прыняў рашэнне стаць святаром, і гэта цалкам зразумела, бо ў Італіі тых часоў было звыклай справай сумяшчэнне духоўнай і музычнай кар’ер. Неўзабаве пасля свайго пасвячэння ў 1704 годзе ён атрымаў паслабленне ў правядзенні Імшы па прычыне дрэннага стану здароўя. Вівальдзі правёў імшу як святар усяго некалькі разоў, пасля чаго пакінуў свае абавязкі ў царкве, хоць і застаўся пры гэтым святаром.
У верасні 1703 года Вівальдзі стаў Maestro di Violino (майстрам скрыпкі) у дзіцячым доме пад назвай «Pio Ospedale della Pietà» ў Венецыі. З’яўляючыся, перадусім, вядомым кампазітарам, Вівальдзі ў той жа час лічыўся выключным па віртуознасці скрыпачом. Вівальдзі было толькі 25 гадоў, калі ён пачаў працаваць у «Ospedale della Pietà». Менавіта там ён склаў большасць сваіх буйных твораў цягам наступных трыццаці гадоў. У Венецыі існавалі чатыры аналагічныя ўстановы. Іх мэта заключалася ў тым, каб даць прытулак і адукацыю кінутым дзецям, а таксама сіротам, чые сем’і не маглі іх падтрымаць. Гэтыя ўстановы фінансаваліся за кошт сродкаў Рэспублікі. Хлопчыкі навучаліся гандлю і ва ўзросце 15 гадоў павінны былі пакінуць навучальную ўстанову. Дзяўчынкі ж атрымлівалі музычную адукацыю, а самыя таленавітыя заставаліся і рабіліся ўдзельніцамі вядомага аркестра і хору ў Ospedale.
Вівальдзі пісаў канцэрты, кантаты, а таксама вакальную музыку на біблейскія тэксты для навучэнцаў. Гэтыя сачыненні, колькасць якіх перавышае 60, размаітыя: яны складаюцца з сольных спеваў і буйнамаштабных харавых твораў для салістаў, хору і аркестра. У 1704 годзе Вівальдзі да сваіх абавязкаў настаўніка скрыпкі атрымаў таксама абавязкі настаўніка альта. Абавязкі хормайстра, якія былі прынятыя ў свой час Вівальдзі, патрабавалі шмат часу і працы. Ён павінен быў складаць новую араторыю ці канцэрт да кожнага свята, а таксама вучыць сірот тэорыі музыкі і ігры на пэўных інструментах.
Адносіны Вівальдзі з саветам дырэктараў Ospedale часта былі напружанымі. Апошні кожны год праводзіў галасаванні, ці пакідаць яго на працы ў якасці настаўніка. Галасаванні рэдка праходзілі ўзгоднена; і ў 1709 годзе яго не падтрымалі. Праз год пасля службы ў якасці пазаштатнага музыканта Савет Ospedale аднагалосна прыняў рашэнне вярнуць кампазітара назад (у 1711 г.). За час гадавой адсутнасці Вівальдзі ў Савеце ўсвядомілі важнасць яго ролі. У 1716 годзе ён быў прызначаны музычным кіраўніком Ospedale і стаў адказным за ўсю музычную дзейнасць установыHeller, Karl Antonio Vivaldi: The Red Priest of Venice, Amadeus Press (1997), ISBN 1-57467-015-8.
У 1705 годзе выдавецтва Джузэпэ Сала ў Венецыі апублікавала яго 12 санат, пазначаныя як опус 1. У наступныя гады Вівальдзі неаднаразова звяртаўся да жанру санаты для аднаго і некалькіх інструментаў. Другі опус Вівальдзі, апублікаваны ў Венецыі выдавецтвам Барталі ў 1709 годзе, уключаў 12 санат для скрыпкі з суправаджэннем чэмбала (італьянская назва клавесіна). У 1706 годзе адбыўся першы публічны выступ Вівальдзі ў палацы французскага пасольства. Імёны віртуозных скрыпачоў, бацькі і сына Вівальдзі, згадваюцца і ў выданні «Даведніка па Венецыі», падрыхтаванага італьянскім картографам Вінчэнца Каранэлі. У гэты перыяд Вівальдзі пераязджае з плошчы Брагара ў новы, больш прасторны дом у суседнім прыходзе Сан-Правола. У 1711 годзе былі апублікаваныя 12 канцэртаў «L’estro armonico» («Гарманічнае натхненне»). У гэтым жа годзе ён атрымаў цвёрды гадавы аклад і стаў галоўным кіраўніком канцэртаў выхаванак, з 1713 года дырэктарам жаночай кансерваторыі «П’ета» («Ospedale della Pietà»). У гэтыя гады малады Вівальдзі ўзмоцнена працуе, сумяшчаючы выкладчыцкую і кампазітарскую дзейнасць. Яго імя робіцца вядомым у роднай Венецыі, а ўлічваючы тое, што Венецыя ў тую пару наведвалася вялікай колькасцю вандроўнікаў, папулярнасць Вівальдзі шырыцца за межы Венецыі. Так, у 1709 годзе падчас выканання араторыі ў «П’еце» Вівальдзі быў прадстаўлены дацкаму каралю Фрэдэрыку IV, якому пазней прысвяціў 12 скрыпічных санат. У 1712 годзе, падчас знаходжання ў Венецыі, адбылася сустрэча нямецкага кампазітара, капельмайстра з Брэслава Готфрыда Шцёльцэля (Gottfried Heinrich Stölzel) з Антоніа. Такім чынам, Шцёльцль быў першым нямецкім музыкантам, які асабіста кантактаваў з Вівальдзі.
Нягледзячы на частыя адлучкі Вівальдзі на гастролі, пачынаючы з 1718 года, «Pietà» плацілі яму 2 цэхіны ў месяц за абавязанне пісаць па два канцэрты ў месяц для аркестра, а таксама рэпетаваць з імі не менш за пяць разоў падчас яго знаходжання ў Венецыі. Запісы «Pietà» паказваюць, што кампазітару аплацілі 140 канцэртаў паміж 1723 і 1733 гадамі.
Пачатак кампазітарскай дзейнасці. Венецыя (1713—1718)
На пачатку XVIII стагоддзя опера была самай папулярнай музычнай забаўкай. Гэты жанр стаўся найболей выгадным для Вівальдзі. У Венецыі існавала некалькі тэатраў, што супернічалі за ўвагу публікі. Вівальдзі пачаў сваю кар’еру ў якасці опернага кампазітара паступова: у 1713 годзе Вівальдзі напісаў свой першы твор, трохактавую оперу «Ottone in villa» («Атон на віле»), прэм’ера пастаноўкі якой адбылася 17 мая таго ж года на сцэне венецыянскага Тэатра дэле Грацыі (Teatro delle Grazie)Reinhard Strohm. The Operas of Antonio Vivaldi. — L.S. Olschki, 2008 — p. 111 — ISBN 88-222-5682-4. Гэтая опера ўяўляе сабой характэрны ўзор оперы-серыі з яе расцягненасцю дзеяння і заблытанай сюжэтнай інтрыгай. Напісаная на лібрэта Даменіка Лолі, з якім Вівальдзі пазней неаднаразова супрацоўнічаў, яна ўзнаўляе адзін з эпізодаў рымскай гісторыі. У адпаведнасці са звычаем, у якасці салістаў, якія выконвалі і мужчынскія, і жаночыя партыі, выступалі спевакі-пакладанцы. Іх выкананне спалучала сілу і бляск мужчынскіх галасоў з лёгкасцю і рухомасцю жаночых. Відаць, пастаноўка мела значны поспех, бо прыцягнула ўвагу венецыянскіх імпрэсарыа. Неўзабаве Вівальдзі атрымаў заказ (scrittura) на новую оперу ад Мадота, уладальніка тэатра Сан-Анджэла, з якім ён падтрымваў кантакт аж да сваёй апошняй оперы «Фераспе» (1739)Игорь Белецкий. Антонио Вивальди: краткий очерк жизни и творчества. — : Музыка, Ленинградское отд., 1975.. Праз год, у 1714 годзе, ён напісаў сваю другую оперу «Orlando finto pazzo» («Роланд, уяўны вар’ят»), напісаную на лібрэта Грацыа Брач’ёлі, якая ўяўляла сабой вольную перапрацоўку вядомай паэмы «Апантаны Роланд» італьянскага паэта Лудовіка АрыёстаМуз-лит-ра. Вивальди — биография. Muzlitra.ru. Неўзабаве кампазітар напісаў дзве араторыі на лацінскія тэксты, «Майсей, бог фараонаў» у 1714 годзе і «Юдзіф пераможная» ў 1716 годзе. Партытура яго першай араторыі «Майсей, бог фараонаў» была пасля згублена. У рымскай кансерваторыі Святой Сесіліі захаваўся толькі тэкст араторыі з указаннем імёнаў выканаўцаў, з якога бачна, што ўсе партыі, уключаючы мужчынскіх персанажаў, выконваліся дзяўчынамі-выхаванкамі. Араторыя «Юдзіф пераможная», якая адрозніваецца свежасцю меладычнага натхнення і тонкасцю аркестравага каларыту, належыць да найлепшых стварэнняў Вівальдзі. З шырокім прызнаннем таленту кампазітара і педагога павялічвалася і колькасць вучняў Вівальдзі, аднак ні новыя вучні, ні дастатак кампазітарскай працы ў кансерваторыі «П’ета» не маглі адарваць Вівальдзі ад інтэнсіўнай працы ў тэатры. У 1715 годзе ён атрымаў заказ ад тэатра Сан-Анджэла — 12 галоўных арый у оперы «Nerone fatto Cesare» («Нерон, які стаў Цэзарам»). У 1716 годзе Вівальдзі на заказ тэатра Сан-Анджэла напісаў яшчэ адну оперу «L’incoronazione di Dario» («Каранаванне Дарыя»). У тым жа годзе ім была напісана опера «La costanza trionfante degl’amori e de gl’odii» («Нязменнасць, пераможная над каханнем і нянавісцю») для другога па значнасці венецыянскага тэатра Сан-Мазе, з якім кампазітар быў таксама цесна звязаны ў наступныя гады. Прэм’еры гэтых опер адбыліся на карнавале 1716 года. Пра рост папулярнасці Вівальдзі не толькі ў Венецыі, але і за яе межамі, сведчыць і тое, што ў 1718 годзе яго опера «Scanderbeg» («Скандэрбег») ставіцца на сцэне фларэнтыйскага тэатра.