Сяргей Валер’евіч Кавалёў (нар. , ) — беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца. Доктар філалагічных навук. Спецыяліст па літаратуры Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII ст. Доктар філалагічных навук (2002), прафесар (2012). Жыве ў Любліне (Польшча).
Біяграфія Скончыў у 1985 годзе філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «беларуская і руская філалогія», у 1988 годзе — аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1991 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.». У 1999 годзе — дактарантуру БДУ. У 2002 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу». Стажыраваўся ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў, Польшча).
У 1988—2004 гадах выкладчык, дацэнт, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. З 1993 года выкладаў, з 2008 — на пастаяннай працы ва Універсітэце імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне (Польшча): прафесар, дырэктар Інстытута славянскай філалогіі, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Інстытута неафілалогіі. Выкладаў гісторыю беларускай і рускай літаратур у навучальных установах Літвы, Харватыі, Германіі ў межах міжнароднай праграмы «Erasmus».
Галоўны рэдактар навуковага часопіса «Studia Białorutenistyczne».
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1989 года.
Творчасць, навуковая дзейнасць Друкуецца з 1980. Даследуе праблемы сучаснай беларускай паэзіі (зборнікі артыкулаў «Як пакахаць ружу», 1989; «Партрэт шкла», 1991), шматмоўную літаратуру Вялікага Княства Літоўскага (кнігі «Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы XVI ст.», 1993; «Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу», 2002).
Драматург, стваральнік жанра герменеўтычнай драматургіі. Аўтар п’ес, напісаных на гістарычным, фальклорным матэрыяле і пастаўленых у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Балгарыі.
Аўтар п’ес «Драўляны рыцар» (паст. 1988), «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (паст. 1991), «Трышчан, або Блазны на пахаванні» (паст. 1995), «Люстэрка Бландоі» (паст. 1996 пад назвай «Заложніца кахання»), «Саламеі і амараты» (паст. 1996), «Стомлены д’ябал» (паст. 1997), «Францішка, або Навука кахання» (2000) і інш., створаных на аснове літаратурных твораў і фальклорным матэрыяле. Інсцэніраваў паэму «Тарас на Парнасе», творы С. Русецкай («Чатыры гісторыі Саламеі»), У. Караткевіча («Заяц варыць піва»).
С. Кавалёў распрацоўвае літаратурную тэхналогію рымейку. Яму ўласціва грунтоўнасць, раскаванасць і нязмушанасць пісьма. Ствараюцца не толькі пераробкі, але і арыгінальныя драматургічныя творы. Да такіх належыць п’еса «Стомлены д’ябал». Па аўтарскім вызначэнні, гэта фантасмагорыя ў дзвюх дзеях з жыцця і літаратуры беларусаў. Натхнёны творамі К. Марашэўскага, Ф. Аляхновіча, С. Кавалёў разгарнуў чараду смешных і павучальных авантур з удзелам селяніна Яські, яго жонкі Паўлінкі і Д’ябла. Нячысцік у творы парадаксальна добры, спагадлівы і безабаронны, ён памятае пра сваё былое анёльскае мінулае і стукаецца ў дзверы раю. Для чалавека, які не дасягнуў яшчэ сваёй дасканаласці, не зразумеў свайго прызначэння, дзверы да шчасця пакуль што зачыненыя.
Піша для дзяцей: «Хохлік» (паст. 1993), «Дарога на Віфліем» (1998). Выкарыстанне аўтарам казачных матываў, міфалагічных сюжэтаў, персанажаў носіць творчы характар. У п’есе-казкцы С. Кавалёва «Хохлік» галоўны герой — «маленькі барадаты дзядок у стракатай апранасе», «сярдзіты з выгляду, але добры ў душы чалавечак з сямейства гномаў». Ён дапамагае Дзяўчынцы, што заблукала ў зімовым лесе, адшукаць дарогу дахаты; ён жа здатны быць, калі што, і «выхавальнікам». Казачны ліхадзей — гном Карузлік, хітры і злы. Драматург знайшоў для звычайнага казачнага канфлікту паміж дабром і злом незвычайных персанажаў, надаўшы твору адценне загадкавасці, чарадзейства.
Напрамкі даследаванняў: старадаўняе беларускае і іншамоўнае пісьменства Вялікага Княства Літоўскага, усходнеславянская драма і тэатр, найноўшая беларуская літаратура.
Узнагароды Лаўрэат Прэміі імя Ежы Гедройца Польскага інстытута ў Мінску (2001). Узнагароджаны медалём Камісіі нацыянальнай адукацыі Польшчы (2008), Залатым Крыжам Рэспублікі Польшча (2016).
Бібліяграфія «Мева» (1988) «Як пакахаць ружу» (1989). «Партрэт шкла» (1991) «Стомлены д’ябал» (2004) «Навука кахання» (2005)
Асноўныя працы Літаратура Вялікага Княства Літоўскага пачатку XVI—XVII стст.: феномен памежжа. Мінск, 2011. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. Мінск, 2010. Літаратура Беларусі позняга Рэнэсансу: жанры, творы, асобы. Мінск, 2005. Гісторыя беларускай літаратуры: другая палова XVI ст.: курс лекцый. Мінск, 2005. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнэсансу. Мінск, 2002. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. Мінск, 1993.
Крыніцы
Літаратура
Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5
Спасылкі Сяргей Кавалёў: біяграфія, спіс публікацый
Катэгорыя:Дактары філалагічных навук Катэгорыя:Крытыкі Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Катэгорыя:Драматургі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага