Хата канца XIX — пачатку XX стагоддзя з в. Ісерна Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Перанесены ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо, дзе прадстаўлена ў экспазіцыі «Цэнтральная Беларусь». Адразу за хатай размешчаны хлеў з вёскі Солан.

Гісторыя Сенцы і клець сядзібы былі пабудаваны ў 1880—1890 гадах Ціханам Горбачам, а хата зрублена Еўдакімам Самусевічам у пачатку ХХ стагоддзя. У хаце жылі Раман Арцёмавіч Трухан з жонкай Ірынай (у дзявоцтве — Самусевіч). Сенцы і клець аддаў свайму сыну Раману Арцём Трухан, а хату пабудаваў зяцю Еўдакім Самусевіч. Гэта першы помнік, адрэстаўраваны ў музеі ў 1984 годзе.

Архітэктура

З'яўляецца прыкладам лінейнай (пагоннай) забудовы на пачатковым этапе яе развіцця. Трохкамерная зрубная пабудова (хата + сенцы + клець). Хата пастаўлена без падмурка, замест яго — ніжні вянок з дубу. Страха двухсхільная, накрытая саломай. Франтон вынесены наперад, вертыкальна ашаляваны. У хаце справа ад уваходу печ на драўляным падрубе. Сенцы ўлетку маглі выкарыстоўваць як жылое памяшканне.

Інтэр'ер хаты традыцыйны: печ, па дыяганалі чырвоны кут з абразамі, уздоўж сцен — шырокія лавы, насціл з дошак «на козлах» — пол — месца для адпачынку. Насупраць вусця печы — бабін кут з паліцай для посуду.

Клець прызначана для захоўвання прадуктаў і вопраткі і размешчана на двух узроўнях. Другі ўзровень — вышкі — навісае над сенцамі. Над вышкамі зроблена дадатковая скляпеністая страха «закот» з бярвёнаў, пакладзеных шчыльна ў выглядзе аркі. Столь у хаце з дошак на папярочных бэльках. У канструкцыі хаты шмат архаічных элементаў: кладка ў зрубе сцен драчкай уверх.

Спасылкі

ХАТА З ВЁСКІ ІСЕРНА СЛУЦКАГА РАЁНА

Катэгорыя:Музеі Слуцкага раёна Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту Катэгорыя:Пагонныя двары Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў XX стагоддзі Катэгорыя:Ісерна Катэгорыя:Перамешчаныя будынкі і збудаванні Беларусі