Змітро́к Бяду́ля, сапраўднае імя Самуі́л Яфі́мавіч (Яўхі́мавіч) Пла́ўнік (; 23 красавіка 1886, мястэчка Пасадзец, Вілейскі павет, Віленская губерня — , каля Уральска, Казахская ССР) — беларускі паэт, празаік, публіцыст і мовазнаўца яўрэйскага паходжання. Удзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX ст.

У яго творах адлюстравана сучаснае і гістарычнае мінулае Беларусі, спалучаны рамантычна-пафаснае адлюстраванне рэвалцыйных падзей, часоў прыгоннага права і сацыяльных працэсаў грамадскага жыцця перыяду індустрыялізацыі і калектывізацыі вёскі. Выступаў як аўтар твораў для дзяцей, перакладчык, даследаваў пытанні этнаграфіі і фальклору.

Біяграфія

Дзяцінства

Самуіл Плаўнік нарадзіўся ў небагатай яўрэйскай сям’і ў мястэчку Пасадзец Вілейскага павета Віленскай губерні. Бацька Хаім (Яфім, Яўхім) быў арандатарам, а зімой працаваў на лесанарыхтоўках. Часам ён займаўся дробным гандлем, любіў музыку — іграў на скрыпцы. Маці, Хана Плаўнік (у дзявоцтве Рабіновіч), працавала швачкай-каптурніцай. У Ханы і Хаімы было сямёра дзяцей: сыны Самуіл (1886—1941), Мацвей (1903—1988), Ізраіль (1905—1941), дочкі Марыя (1892—?), Ірына (1901—1976), Яўгенія (1903—1981), Зоф’я (1912—1998). Яшчэ двое дзяцей памерлі немаўлятамі.

Дзед, адзіны ў мястэчку каваль і меднік, меў уласную бібліятэку. У яго на паліцы, акрамя Талмуда і іншых рэлігійных кніг, стаялі тамы «Металічнае справы», «Геаметрыі», «Матэматыкі» і інш. Яго дзеці — трое сыноў і чатыры дачкі, — атрымалі пачатковую адукацыю. Паміж старэйшай і малодшай дочкамі была розніца ў 25 гадоў.

Самуілу з самага дзяцінства прыйшлося дапамагаць у гаспадарцы сваёй вялікай сям’і. На здольнасці і інтарэсы хлопчыка паўплываў бацька, які чытаў сваім дзецям кнігі. Будучы пісьменнік вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе — хедары, а пасля яе заканчэння — у школе рабінаў (ешыбоце), з якой быў выгнаны за вальнадумства. Ведаў іўрыт, ідыш, беларускую, нямецкую, рускую і крыху польскую мовы. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыта.

З дзяцінства захапіўся чытаннем. Выпісваў кнігі з Вільні, Масквы і Санкт-Пецярбурга, выпрошваў у заможных гаспадароў, шукаў у школах, якія былі непадалёк. Як і браты, граў на скрыпцы. Першыя творы пісаў на іўрыце, пасля — на рускай мове. Перайсці на беларускую падказаў яму Вульф Сосенскі з мястэчка Даўгінава, дзе хлопчыкам Самуіл навучаўся ў ешыбоце.

Пачатак актыўнасці. Віленскі і Менскі перыяды

Пасля ешыбота Самуіл Плаўнік працаваў хатнім настаўнікам, а з 1902 года канторшчыкам на лесараспрацоўках. Займаўся самаадукацыяй. Яшчэ ў дзяцінстве Плаўнік складаў вершы на старажытнаяўрэйскай мове, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасці лічыцца 1907 год, калі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове і пасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі. Пачынаючы пісаць, ён арыентаваўся на старадаўнюю яўрэйскую літаратуру (тагачасныя рэлігійныя творы). Але пазней адмовіўся ад гэтай манеры пісьма і стаў вывучаць сучасную літаратуру. У 1909 годзе ў рукі Самуіла Плаўніка, дзякуючы яго сябру Вульфу Сосенскаму, які быў палітычным актывістам, трапіла беларускамоўная газета «Наша Ніва». Факт існавання «простанароднай» газеты ўразіў Самуіла Плаўніка. Знаёмства з беларускай газетай замацоўвае ягоны рэалістычны светапогляд. У 1910 годзе Плаўнік пачынае дасылаць свае вершы ў беларускую газету, але першыя творы не былі апублікаваныя, магчыма праз няспеласць яго творчасці. Першым надрукаваным творам Плаўніка стала імпрэсія на беларускай мове «Пяюць начлежнікі», надрукаваная з подпісам С. Плаўнік у 1910 годзе газетай «Наша ніва». Плаўнік наладжвае сувязь з беларускай газетай і становіцца яе сталым карэспандэнтам. У 1911 годзе пад псеўданімам Змітрок Бядуля ў «Нашай Ніве» быў надрукаваны верш «Мой спеў». У 1911—1912 гадах таксама друкуюцца ягоныя рускамоўныя вершы ў часопісах для маладых літаратараў «На берегах невы» (Санкт-Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня).

У 1912 годзе пераязджае ў Вільню, дзе на сталую працу ўладкоўваецца ў беларускія культурныя арганізацыі. Наладжвае знаёмства з такімі дзеячамі беларускага адраджэння, як Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Алаіза Пашкевіч, Ядвігін Ш. і інш. Працаваў у выдавецкім таварыстве, змяшчаў вершы і артыкулы ў газеце «Biełarus». Удзельнічае ў віленскім беларускім грамадска-палітычным жыцці, у Беларускім музычна-драматычным гуртку. У друку выступае з вершамі, апавяданнямі, публіцыстычнымі, гістарычна-папулярнымі артыкуламі. Апавяданні, напісаныя Змітраком Бядулям у тыя гады, у далейшым сталі класікай беларускай літаратуры. У 1913 годзе санкт-пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала яго першы зборнік вершаў «Абразкі» (арыгінальнае напісанне лацінкай: «Abrazki»). У 1914 годзе прызначаны сакратаром у «Нашай Ніве», дзе працаваў разам з Янкам Купалам.

З пачаткам нямецкай акупацыі Вільні ў час Першай сусветнай вайны газета «Наша ніва» спыняе сваю дзейнасць. Улетку 1915 года Змітрок Бядуля з Вільні вярнуўся ў роднае мястэчка Пасадзец, але калі фронт наблізіўся да родных мясцін, то сям’я яго была вымушана ратавацца ад яўрэйскіх пагромаў (падзеі адлюстраваны ў паэме «Жыды», напісанай Бядулем у тым жа годзе). Самуіл Плаўнік пераязджае ў Мінск. Працуе ў Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1916—1917 гадах збліжаецца з Максімам Багдановічам, яны разам жывуць у кватэры дома на Мала-Георгіеўскай вуліцы № 12.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў творчасці Бядулі ўзмацняецца нацыянальная беларуская ідэя, якая адлюстроўваецца ў публікацыях мінскай газеты «Вольная Беларусь» пад псеўданімам Ясакар. Уваходзіць у арганізацыйнае бюро Беларускай народнай партыі сацыялістаў, створанай у траўні 1917 года ў Мінску, блізкай да Беларускай сацыялістычнай грамады, але з менш радыкальнай, на думку заснавальнікаў, ідэалогіяй. Удзельнік Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года, разагнанага бальшавікамі, склаў пра яго справаздачу для газеты «Вольная Беларусь». У 1918 годзе супрацоўнічаў з газетай «Беларускі шлях», якая выходзіла за часам нямецкай акупацыі Менска і падтрымлівала палітыку Беларускай Народнай Рэспублікі. У публікацыях выступаў з незалежніцкіх беларускіх пазіцый, абараняў дэмакратыю, крытыкаваў бальшавізм. Апрача таго, ён выступаў як прыхільнік супрацоўніцтва і добрых адносін яўрэяў і беларусаў, напісаў нарысы «Жыды на Беларусі: бытавыя штрыхі» (1918), «Да жыдоўства» (1919), «На дарозе да сваёй бацькаўшчыны» (1920, пра канферэнцыю сіяністаў, якая адбылася ў Менску ў снежні 1919).

З польскай акупацыяй у 1919 годзе стаў карэспандэнтам грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса «Беларускае жыццё», у пачатку 1920 года, калі рэдакцыя месцілася ў Менску, быў яго літаратурным рэдактарам. 6 лістапада 1919 года разам з Язэпам Лёсікам, Макарам Краўцовым і Янкам Купалам звяртаўся да старшыні Рады Народных міністраў БНР Антона Луцкевіча па атрыманне субсідый для газеты «Беларусь». Падтрымліваў намаганні па стварэнні беларускага войска, дапамагаў у рабоце Беларускай вайсковай камісіі пры польскай адміністрацыі, выступаў у жанры «жаўнерскай песні».

Савецкая Беларусь

Па ўсталяванні савецкай улады і паўторным абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі ў ліпені 1920 года падтрымаў курс на адраджэнне беларускай культуры і пазнейшую беларусізацыю, актыўна ўключыўся ў культурнае і грамадска-палітычнае жыцця савецкай Беларусі. Жыве ў Менску.

З 1920 па 1926 гады Змітрок Бядуля працуе загадчыкам літаратурна-крытычнага аддзела газеты «Савецкая Беларусь». У перыяд з 1921 па 1923 гады таксама рэдагуе дзіцячы часопіс «Зоркі». У ліку нямногіх старэйшых пісьменнікаў быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», у 1926 годзе перайшоў ува «Узвышша». У 1926 годзе пачаў працу ў Інстытуце беларускай культуры (Інбелкульт), быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса «Наш край». Удзельнік менскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 года. 10 снежня 1928 года ў ліку дзесяці беларускіх дзеячаў культуры падпісаў хадайніцтва на імя старшыні СНК БССР Мікалая Галадзеда аб вызваленні «першага створцы і арганізатара Беларускага тэатру» Францішка Аляхновіча, які дагэтуль быў асуджаны і адпраўлены на Салаўкі.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з моманту заснавання ў 1934 годзе. Няма звестак пра тое, што ў час палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў Змітрок Бядуля падвяргаўся арышту, пры гэтым вядома што арыштоўвалі яго брата Ізраіля Плаўніка, паэта і перакладчыка. Змітрок Бядуля трапляў пад крытыку ў друку за «нацыянал-дэмакратызм». У жніўні 1936 годзе разам з іншымі беларускімі літаратарамі ад імя Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР падпісаў зварот да «роднага, любага» Сталіна з заклікам знішчыць «бандыцкіх вылюдкаў» з «контррэвалюцыйнай трацкісцка-зіноўеўскай хеўры». У 1939 годзе ўзнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Апошнія гады. Смерць

У чэрвені 1941 года з наступам войскаў Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны эвакуяваўся з Беларусі. Вярнуўся з Хойнікаў у Мінск, забраў маці і дабраўся з ёй да Барысава, дзе паспеў сесці на цягнік, які ішоў у Расію. Нейкі час жыў у Піжме Горкаўскай вобласці, потым разам з жонкай і дзецьмі ў пасёлку Новыя Бурасы Саратаўскай вобласці, дзе яны жылі да канца кастрычніка 1941 года. Памёр ад інфаркту ў эвакуацыі каля Уральска (Казахстан), дзе і быў пахаваны. У пахаванні Змітрака Бядулі ўдзельнічаў Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр, які ў гэты час гастраляваў ва Уральску. Было зладжана тэатральнае развітанне, труна стаяла на чырвоным узвышшы. Акцёры чыталі яго творы.

Перапахаванне У лютым 2020 года адбылася эксгумацыя рэшткаў Змітрака Бядулі, самалётам іх даставілі ў Беларусь. Праз жаданне сваякоў рэшткі захоўваліся з бласлаўлення мітрапаліта ў Ільінскай царкве ў Бабруйску, нягледзячы на тое што Бядуля быў іўдзеем і пазней атэістам. 3 лістапада 2020 года, у 79-ю гадавіну смерці пісьменніка, рэшткі даставілі ў Мінск. Шыльды, літары з надмагілля таксама былі прывезены ў Беларусь і перададзены ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (філія Беларуская хатка). Рэшткі Змітрака Бядулі ўрачыста перапахавалі на Усходніх могілках Мінска, паніхіду адслужыў праваслаўны святар і іўдзейскі рабін, на магіле ўсталяваны праваслаўны крыж з надпісам на рускай мове. У 2021 годзе быў абвешчаны збор сродкаў на стварэнне надмагільнага помніка. У 2022 годзе, паводле «Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні „Года гістарычнай памяці“», помнік Бядулю планавалася ўсталявацьhttps://edu.gov.by/kalendar-meropriyatiy/respublikanskiy-plan-meropriyatiy-po-provedniyu-v-2022-godu-goda-istoricheskoy-pamyati/ , аднак станам на травень 2023 года быў зроблены эскіз манумента, абвешчаны паўторны збор сродкаў на выраб і ўстаноўкуЗбор сродкаў на помнік Змітраку Бядулю — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (bellitmuseum.by). 3 лістапада 2025 года быў адкрыты помнік з надпісам на беларускай мове (скульптар — Сяргей Гумілеўскі).

Сям’я Жонка — Марыя Ісакаўна Плаўнік (дзявочае прозвішча Шыркес; 1900—1984), дзеці Зоя (1929—1975) і Яфім (1934).

Творчасць

Дарэвалюцыйная творчасць

Пісаў неапублікаваныя вершы на іўрыце, пазней на рускай мове. Першы твор надрукаваны ў газеце «Наша Ніва» ў 1910 годзе, ім стала імпрэсія на беларускай мове «Пяюць начлежнікі». У 1911—1912 гадах друкаваў вершы на рускай мове ў часопісах «На берегах Невы» (Санкт-Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). У 1913 годзе апублікаваў зборнік лірычных імпрэсій «Абразкі» (выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Санкт-Пецярбург).