Ю́рка Ляво́нны, сапраўднае імя Леані́д Мікала́евіч Юрке́віч (, Чавусы, цяпер Магілёўская вобласць — , Менск, НКУС; Псеўданімы: Леанідаў; Леонидов; Крыптанімы: Ю. Л.; Л-ны; Юр. Л-ны; Юр. Ля-ны) — беларускі паэт. Адзін з забітых падчас Ночы растраляных паэтаў.

Біяграфія Паходзіў з сям’і служачага. Вучыўся ў Чавускай сямігодцы, Магілёўскім педтэхнікуме, Мінскім педінстытуце (за распаўсюджванне «контррэвалюцыйных вершаў» выключаны, але пазней аднавіўся і ў 1934 годзе скончыў крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта). Друкавацца пачаў у 1924 або 1925 годзе. Першыя зборнікі паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» выйшлі ў 1930 годзе, наступныя — «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (1931), «Стала і мужна» (1932). Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года.

Працаваў у рэдакцыях газет «Магілёўскі селянін», «Звязда», часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі». Выдаў зборнік нарысаў «Крок пяцігодкі» (1931). Разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Жуль Верна «20 000 лье пад вадой» (1937). Некаторыя вершы Юркі Лявоннага пакладзены на музыку кампазітарамі Мікалаем Чуркіным, Несцерам Сакалоўскім, Ісакам Любанам. Пасмяротна выйшаў зборнік вершаў «Выбранае» (1960).

З успамінаў Сяргея Грахоўскага: «Ён гадзінамі чытаў па памяці Маякоўскага і Кірсанава, Ціханава і Лугаўскога. У яго быў тонкі густ да слова, да формы, а пра сябе ён часта гаварыў: „Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае наперадзе…“»Грахоўскі С. Савецкая № 68: Трыццатыя гады…: Успаміны // Дзень паэзіі. Мн., 1978.. 

Арыштаваны 30 кастрычніка 1936 года ў Менску па адрасе вуліца Фур­манская, д. 9, кв. 2. З тых падследных, хто праходзіў з ім разам, толькі Юрка Лявонны не пацвердзіў, што Цішка Гартны «контррэвалюцыянер», «нацдэм» і таму падобнае. 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны пазасудовым органам (спецтройкай НКУС БССР) як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці.

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 года. Асабовая справа № 10242-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’я 5 лістапада 1938 года ў Менску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2 арыштавана бухгалтар «Белсельэнерга» Яўгенія Абрамаўна Гольдберг, жонка Юркі Лявоннага. 28 лістапада 1938 года асобай нарадай НКУС як «член сям’і ворага народа» прыгаворана да 8 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Этапавана ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5 лістапада 1945 года. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 2 чэрвеня 1956 года трыбуналам Беларускай вайсковай акругі. Асабовая справа № 6656-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Лёс дачкі Іны, якую забралі ў дзіцячы дом, невядомы.

Гл. таксама Спіс дзеячаў Беларусі, расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 года

Заўвагі

Крыніцы

Літаратура

Грахоўскі С. Савецкая № 68: Трыццатыя гады…: Успаміны // Дзень паэзіі. Мн., 1978.

Спасылкі

Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк). Пралетарскі паэт, расстраляны бальшавікамі. 20 фактаў пра Юрку Лявоннага // Радыё Свабода, 29 ліпеня 2018. . .

Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка Катэгорыя:Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк» Катэгорыя:Магілёўская філія Маладняка Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР