Лю́цынская дзяржа́ўная белару́ская гімна́зія — сярэдняя навучальная ўстанова беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, якая існавала ў 1922—1925 гадах у горадзе Люцыне (цяпер Лудза).

Гісторыя Заснавана 1 верасня 1922 года як прыватная гімназія беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Бацькаўшчына». Гімназія мела 4 класы, у якіх навучалася каля 80—85 вучняў. Навучэнцаў набіралі з 30 навакольных пачатковых беларускіх школ Латгаліі. Са жніўня 1923 года ўстанова перайшла на ўтрыманне Беларускага аддзела пры Міністэрстве асветы Латвіі і набыла дзяржаўны статус. Дырэктарамі гімназіі ў розны час былі Г. С. Плыгаўка, К. Б. Езавітаў і У. В. Пігулеўскі.

12 жніўня 1925 года гімназія была закрыта ўладамі Латвіі. Пасля ліквідацыі ўстановы частка вучняў вярнулася дадому, некаторыя паступілі ў рускія школы, а 34 вучні працягнулі вучобу ў Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі.

Вучэбная і грамадская дзейнасць Вучні і настаўнікі гімназіі былі глыбока заангажаваныя ў нацыянальна-культурнае жыццё беларускай дыяспары. Навучэнцы выдавалі ўласны літаратурны часопіс «Ластаўка», а таксама збіралі і запісвалі беларускі фальклор. Пэўны час у мурах гімназіі дзейнічаў непрацяглы скаўцкі рух. Настаўніцай у гімназіі працавала Вольга Сахарава, жонка беларускага дзеяча Сяргея Пятровіча Сахарава, якая актыўна займалася тэатральнымі пастаноўкамі і драматургіяй.

Выпускнікі гімназіі сутыкаліся з цяжкасцямі пры працягу адукацыі ў Латвійскім універсітэце. Напрыклад, у 1925 годзе трое выхаванцаў Люцынскай гімназіі не змаглі паступіць у ВНУ з-за таго, што праваліліся на абавязковым іспыце па латышскай мовеЦяжка беларусам папасьць у Латвійскі Унівэрсітэт // Голас Беларуса. 1925. № 12. С. 4.. Тым не менш, асобныя вучні дасягалі поспеху: у 1929 годзе выпускнік гімназіі Уладзімір Мінчонак паспяхова распачаў навучанне на філалагічна-філасофскім факультэце Латвійскага ўніверсітэта. У пачатку 1920-х гадоў Кастусь Езавітаў таксама рабіў арганізацыйныя спробы наладзіць выезд люцынскіх вучняў на вучобу ў вышэйшыя школы Чэхаславакіі, нягледзячы на заўвагі цэнтральных органаў аб тым, што на той час выхаванцы былі яшчэ недастаткова «нацыянальна свядомымі».

Тэатральнае жыццё З канца 1922 года пры гімназіі пачала працаваць самадзейная драматычная дружына. Спачатку ёй кіраваў настаўнік Сяргей Казека, а пазней — Кастусь Езавітаў. Сярод найбольш актыўных і таленавітых артыстаў-вучняў былі Янка Доўгі, Юзэфа Васілеўская, Валянціна Казлоўская, Гіпаліт Паўлоўскі і Ян Кудраўцоў.

Асаблівай увагай гурток карыстаўся з боку Надзеі Мікалаевай. Дзякуючы яе намаганням, на працягу 1921—1924 гадоў у гімназіі неаднаразова ставілася п'еса Янкі Купалы «Паўлінка». 28 сакавіка 1923 года люцынскія гімназісты накіравалі выдатнаму латышскаму паэту і абаронцу беларускай меншасці Янісу Райнісу фатаграфію Надзеі Мікалаевай у вобразе Паўлінкі з асабістым дарчым надпісам.

З 20 па 22 мая 1923 года вучні гімназіі пад кіраўніцтвам К. Езавітава зладзілі экскурсію ў Зілупэ і маёнтак Залессе. Падчас гэтага мерапрыемства драматычная дружына пад кіраўніцтвам С. Казекі паказала спектакль «Паўлінка» перад мясцовай публікайАрхівы Беларускай Народнай Рэспублікі. 1998. Т. 1. Кн. 2. Укл.: С. Шупа. Вільня — Ню Ёрк — Менск — Прага. С. 1506.. Драматычная дружына працягвала сваю дзейнасць аж да самага закрыцця гімназіі ў 1925 годзе.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Беларуская мова ў Латвіі Катэгорыя:Лудза Катэгорыя:Гімназіі Латвіі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы з беларускай мовай навучання Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Зніклі ў 1925 годзе