Але́сь Сцяпа́навіч Раза́наў () — беларускі паэт, перакладчык, эсэіст. Вядомы як паэт-наватар, аўтар новых паэтычных форм.

Біяграфія Нарадзіўся 5 снежня 1947 года ў сям’і служачых. Бацька — Сцяпан Разанаў, паходзіў з вёскі Вялікая Ржакса Тамбоўскай вобласці, прыехаў з геадэзічнай экспедыцыяй да вайны ў Беларусь, дзе яго застала Другая сусветнай вайна. У 1942 годзе быў вывезены на прымусовыя працы ў Германію, дзе працаваў на заводзе, быў у канцлагерах Заксенгаўзен і Маўтгаўзен, вызвалены ў 1945 годзе Савецкай Арміяй. Вярнуўся да сям’і ў Брэсцкую вобласць і застаўся жыць у вёсцы Сялец. Маці, Надзея Іванаўна, працавала медсястрой, фельчарам-акушэркай, пазней — у бальніцы вёскі Сялец.

У 1955 годзе пайшоў у Сялецкую сярэднюю школу, якую скончыў у 1966 годзе. У 1966 годзе Алесь Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ. Паралельна з вучобай працаваў ліцейшчыкам на Мінскім заводзе ацяпляльнага абсталявання. У кастрычніку 1968 студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, сабралі подпісы студэнтаў (ліст падпісала некалькі соцень чалавек), дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове. У выніку тройца ініцыятараў звароту атрымала ярлыкі «нацыяналістаў». А калі неўзабаве Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Коўтун з’ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, два першыя ўзімку 1969 года былі выключаны з БДУ (праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы; да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Дзякуючы падтрымцы ўніверсітэцкага куратара Ніла Гілевіча і Максіма Танка, рэктару БПІ Сяргею Гусаку і загадчыку кафедры беларускай мовы і літаратуры БПІ Уладзіміру Калесніку, Алесь Разанаў працягнуў вучобу на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута, які скончыў у 1970 годзе.

У 1970—1971 працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе вёскі Кругель Камянецкага раёна. У 1971—1972 гадах на тэрміновай службе ў Савецкай Арміі. З 1972 года ў Мінску. У 1972—1974 гадах літаратурны супрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Родная прырода». Член Саюза пісьменнікаў БССР і Саюза пісьменнікаў СССР з 1972 года. У 1974—1986 гадах рэдактар і старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1986 года на творчай рабоце. У 1988 годзе вучыўся ў славістычнай школе ў Чэхаславакіі. У 1989 выбіраўся віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра. У 1990-х гадах супрацоўнічаў з часопісам «Крыніца».

З 1990 года старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў, з 1992 года навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. З 1990 года сябра Рады Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Памёр 26 жніўня 2021 года.

Сям’я Быў жанаты з Галінай Разанавай, дачка Таццяна.

Творчасць Пачаў публікавацца ў 1961 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэнне», «Назаўжды», «Каардынаты быцця», «Шлях — 360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод» (Вершасказы і пункціры). Творчасці Разанава ўласціва неардынарнае мысленне і нетрадыцыйны вобразна-паэтычны стыль самавыяўлення. Ужываў наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацйныя формы з гуманістычным напаўненнем.

Выступаў з артыкуламі ў пытаннях сучаснага літаратурнага працэсу, публікаваў эсэ.

Перакладаў з літоўскай, латышскай, грузінскай, балгарскай, сербскахарвацкай, чэшскай, англійскай моў. Пераклаў кнігу Казіса Саі для дзяцей «Гэй, хавайцеся!» (1982), п’есу Уільяма Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (аўт. «Сон у Іванаву ноч» у зборніку «Тры камедыі», 1989), раман Ёнаса Авіжуса «Час, калі пусцеюць сядзібы» (1989), выбраную паэзію Улдыса Бэрзыньша (2013). Склаў кнігу паэзіі Янкі Купалы «Выйду з сэрцам, як з паходняй!..» (1982). Выдаў па-нямецку зборнік «Wortdichte» (2003).

На рускай мове выйшаў зборнік паэзіі Алеся Разанава «Вместе с травой» (2016) у перакладах Валерыя Ліпневіча.

Бібліяграфія

«Адраджэнне» (1970) (першапачатковая назва — «Адрачэнне») «Назаўжды» (1974) «Каардынаты быцця» (1976) «Шлях — 360» (1981) «Вастрыё стралы» (1988, Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы) «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992) «Паляванне ў райскай даліне» (1994, прэмія «Гліняны Вялес») «Гліна. Камень. Жалеза» (2000) «Wortdichte» (2003) (па-нямецку, прэмія Гердэра) «Кніга ўзнаўленняў» (2005) «Лясная дарога: версэты» (2005) «Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць: паэмы» (2006) «Der Zweig zeigt dem Baum wohin er wachsen soll: gedichte» (2006) «Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры» (2007) «Пчала пачала паломнічаць: вершаказы» (2009) «Сума немагчымасцяў: зномы» (2009) «Воплескі даланёю адною: пункціры» (2010) «З апокрыфа ў канон: гутаркі, выступленні, нататкі» (2010) «З Вяліміра Хлебнікава» (2011, тэкст паралельна на беларускай і рускай мовах) «І потым нанава пачаць: квантэмы, злёсы, вершы» (2011) «Der Mond denkt, die Sonne sinnt: wortdichte» (2011) «Падарунак хроснай маці» (2013) «На гэтай зямлі = Auf dieser Erde: версэты» (2015) «Галасы тое, што ёсць, шукаюць: пункціры» (2016) «Францыск Скарына. Маем найбольшае самі: кніга перастварэнняў Алеся Разанава» (2017) «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж: пункціры» (2018) «Маланка жне, гром малоціць: вершаказы» (2020)

Прэміі і ўзнагароды Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1990) за кнігу паэзіі «Вастрыё стралы». Лаўрэат прэміі Гердэра (2003). Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2012). Медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай РэспублікіАлексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100. Лаўрэат прэміі імя Наталлі Арсенневай (2018).

Ацэнкі Паэт Уладзімір Някляеў сказаў пра Алеся Разанава: «Ён быў проста як ніхто, бадай, з нас адданы паэзіі. Мажліва, па той прычыне, што адчуваў сваю пакліканасць». Літаратар і гісторык Уладзімір Арлоў звярнуў увагу, што асоба Алеся Разанава мела не адно вымярэнне і ўвасабленне, але найперш ён — стваральнік новых жанраў і наогул новай паэтыкі. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч адзначыў яго як бліскучага наватара, які карыстаўся найлепшым, што існуе ў традыцыі. Паводле пісьменніка і філолага Змітра Дзядзенкі, «Алесь Разанаў быў паэтам ад Бога, і ў беларускай паэзіі зрабіў сапраўдную мадэрністычную рэвалюцыю».

Крыніцы

Літаратура

Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5 Івашчанка А. Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй / пад рэд. М. Тычыны. — Мн.: БНТУ, 2008. — ISBN 978-985-525-021-1 Калеснік У. Страла і мэта // Калеснік У. Усё чалавечае: літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы. — Менск, 1993 Кісліцына Г. Алесь Разанаў: Праблема мастацкай свядомасці. — Мн., 1997. Конан У. Узыходжаньне // Полымя. 1997, № 12.

Разанаў Алесь // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. —Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-08-1 Разанаў Алесь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 83. — ISBN 985-11-0214-8. Івашчанка, А. Справа Разанава: як у 1968-м трое мінскіх студэнтаў кінулі выклік сістэме// Наша гісторыя, № 5, 2018, с. 36-39. ISBN 2617—2305 Аляшкевіч, Т. А. Фонасемантыка паэтычнага твора Алеся Разанава/ Т. А. Аляшкевіч ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Цэнтр даследаванняў бел. культуры, мовы і літаратуры; навук. рэд. М. А. Тычына. — Мінск : Беларуская навука, 2014. — 161 с.

Спасылкі

Яны баранілі Беларусь  — Эл.рэсурс masty.org

Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Нямецкамоўныя паэты Катэгорыя:Перакладчыкі прозы і драматургіі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з літоўскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з латышскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з грузінскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з балгарскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з сербскахарвацкай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з чэшскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з англійскай мовы