Вялікае грамадства () уяўляе сабой шэраг сацыяльных, эканамічных і палітычных праграм прэзідэнта ЗША Л. Джонсана 1964—1965 гг., часткова працягнутых і пашыраных падчас прэзідэнцтва Р. Ніксана і Дж. Форда.
Узнікненне тэрміна
7 мая 1964 г. у адным са сваіх публічных выступленняў Ліндан Джонсан заявіў: «…мы пабудуем Вялікае грамадства. Гэта грамадства, дзе ні адно дзіця не будзе галодным, ні адзін малады чалавек не будзе неадукаваным»President Johnson's speech at Ohio University, May 7, 1964 // The American Presidency Project.. Пазней ён паўтарыў гэты выраз падчас выступлення ў Мічыганскім універсітэце 22 мая 1964 г.
Асноўныя праграмы
Сярод асноўных праграм, прынятых падчас прэзідэнцтва Л. Джонсана ў рамках курсу на пабудову Вялікага грамадства, былі Закон аб грамадзянскіх правах (1964), які забараняў расавую дыскрымінацыю, Закон аб выбарчых правах (1965), сацыяльныя праграмы «Вэлфэр», «Медыкэр» і «Медыкэйд» (якія дзейнічаюць па сённяшні дзень), праграммы развіцця гарадоў і вёсак і некаторыя законы аб ахове навакольнага асяроддзя.
Барацьба з расавай дыскрымінацыяй
Закон аб грамадзянскіх правах быў адказам на праблему расавых канфліктаў у Злучаных Штатах. У выніку палітыкі расавай сегрэгацыі ў паўднёвых штатах цемнаскурае насельніцтва мела праблемы з атрыманнем аднолькавага з белымі грамадзянамі ўзроўню адукацыі, сацыяльнага і медыцынскага абслугоўвання. Закон забараняў адмову ў працаўладкаванні на падставе колеру скуры і раздзяленне грамадскага транспарту і іншых элементаў грамадскага карыстання для «чорных» і «белых»Civil Rights Act of 1964 // finduslaw.com. Закон аб выбарчых правах адмяніў цэнз непісьменнасці і пэўныя іншыя абмежаванні, якія заміналі частцы цемнаскурага насельніцтва Поўдня ЗША ўдзельнічаць у выбарах. Таксама быў прыняты Закон аб іміграцыі і нацыянальнасці (1965 г.), які адмяняў нацыянальныя квоты для іміграцыі ў ЗША.
Сацыяльна-эканамічныя законы
Згодна з законам аб эканамічных магчымасцях (1964 г.), былі распрацаваны некаторыя праграмы барацьбы з беднасцю. Сярод іх праграма дапамогі маладым людзям з бедных гарадскіх сямей навучыцца практычным спецыяльнасцям у спецыяльных добраахвотных аб’яднаннях Job Corps. Іншыя праграмы былі накіраваны на развіццё гарадской і сельскай інфраструктуры.
Закон аб сацыяльнай бяспецы і папраўкі да ягоSocial Security Act Amendments // ourdocuments.gov (1965—1967 гг.) паклаў пачатак праграме медыцынскага страхавання «Медыкэр» і сістэме медыцынскай дапамогі «Медыкэйд» і даў развіццё праграме пенсіённага забяспячэння пажылых і інвалідаў «Вэлфэр».
Закон аб дзіцячым харчаванні 1966 г. даў пачатак праграме школьных сняданкаў і абедаў для дзяцейChild Nutrition Act of 1966 // USDA Food & Nutrition Service..
На адукацыю бедных з федэральнага бюджэта выдзяляліся значныя грошы. Так, з 1964 па 1967 гг. расходы на адукацыю павялічыліся з 4 да 12 млрд дол., а ў сярэднім на адну бедную сям’ю з федэральнага бюджэта ішло 4000 долараў штогодRandall B. Woods. LBJ: Architect of American Ambition..
Экалагічныя законы і ахова здароўя грамадства
У 1960-х гг. былі прыняты некаторыя законы аб абароне навакольнага асяроддзя: Закон аб дзікай прыродзе (1964 г.), Закон аб якасці вады (1965 г.), Закон аб утылізацыі цвёрдага смецця (1965 г.), Закон аб кантролі забруджвання паветра маторнымі транспартнымі сродкамі (1965 г.) і інш. Таксама былі ўведзены федэральныя стандарты якасці на пэўныя тавары, а цыгарэты пачалі маркіраваць папярэджаннямі аб небяспецы курэння.
Спасылкі
John A. Andrew. Lyndon Johnson and the Great Society. I.R. Dee, 1998. Eli Ginzberg and Robert M. Solow (eds.). The Great Society: Lessons for the Future. 1974. Jeffrey W. Helsing. Johnson's War/Johnson's Great Society: the guns and butter trap. Praeger Greenwood, 2000. Marshall Kaplan and Peggy L. Cuciti. The Great Society and Its Legacy: Twenty Years of U.S. Social Policy. Duke University Press, 1986. Barbara C. Jordan and Elspeth D. Rostow (eds.). The Great Society: a twenty year critique. Lyndon B. Johnson School of Public Affairs, 1986. Gordon, Kermit (ed.). Agenda for the Nation. The Brookings Institution, 1968. Lyndon B. Johnson. My Hope for America. Random House, 1964. Sidney M. Milkis and Jerome M. Mileur (eds.). The Great Society And The High Tide Of Liberalism. 2005. Charles Murray. Losing Ground: American Social Policy, 1950—1980. Basic Books; 10th Anniv edition (February 1995). Irwin Unger. The Best of Intentions: the triumphs and failures of the Great Society under Kennedy, Johnson, and Nixon. Doubleday, 1996.
Катэгорыя:Гісторыя ЗША