Бібліятэ́ка Радзіві́лаў у Нясві́жы (афіцыйна: Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі) — найбуйнейшая прыватная бібліятэка Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Рэчы Паспалітай. Знаходзілася ў Нясвіжскім замку і на працягу стагоддзяў з'яўлялася адным з галоўных інтэлектуальных цэнтраў Усходняй Еўропы.
У 2009 годзе захаваныя і выяўленыя фонды бібліятэкі былі ўключаны ў спіс аб'ектаў спадчыны праекта ЮНЕСКА Памяць свету для рэгіёна «Еўропа і Паўночная Амерыка».
Гісторыя стварэння і развіцця Бібліятэка была заснавана ў XVI стагоддзі канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Мікалаем Радзівілам Чорным, які выкарыстоўваў свае шырокія культурныя і палітычныя сувязі для набыцця кніг з найлепшых друкарань Еўропы. Значную частку першапачатковага фонду склалі кнігі з асабістых друкарань Радзівілаў, заснаваных ім у Нясвіжы і Брэсце.
Пасля смерці заснавальніка фонд бібліятэкі істотна павялічыў яго сын Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. У час свайго навучання за мяжой і шматлікіх падарожжаў па Еўропе ён пастаянна набываў і прысылаў у Нясвіж каштоўныя рукапісы і друкаваныя выданні. Бібліятэка таксама актыўна папаўнялася за кошт далучэння цэлых кнігазбораў іншых магнацкіх і шляхецкіх родаў. Напрыклад, у Нясвіж паступілі калекцыі Ганны Радзівіл з роду Сангушкаў і кнігазбор маршалка Флемінга. Радзівілы як апекуны кальвінізму спачатку збіралі пераважна пратэстанцкую літаратуру, аднак пазней (з пераходам Сіроткі ў каталіцтва) пачалі збіраць кнігі ўсіх напрамкаў і веравызнанняў.
Першы вядомы каталог бібліятэкі быў складзены ў сярэдзіне XVII стагоддзя канцлерам Альбрэхтам Станіславам Радзівілам. У 1670-я гады для бібліятэкі быў распрацаваны і зроблены першы ўласны экслібрыс. Пазней, у сярэдзіне XVIII стагоддзя, выбітны гравёр Гірш Ляйбовіч выканаў для кнігазбору знакаміты суперэкслібрыс з выявай герба Радзівілаў і надпісам «Bibliotheca Ducali Radivilliana Nesvisiensis».
У сярэдзіне XVIII стагоддзя Нясвіжская бібліятэка налічвала каля 9 тысяч тамоў. Да 1772 года яе фонд дасягнуў каласальнай для таго часу лічбы — больш за 20 тысяч тамоў (на лацінскай, грэчаскай, польскай, рускай, нямецкай і французскай мовах).
Структура і змест фондаў Згодна з інвентарамі 1651 года (якія захаваліся дзякуючы працы бургграфа Яна Хановіча), кнігі ў бібліятэцы былі сістэматызаваны і расстаўлены па 31 тэматычным раздзеле. Характэрна, што рэлігійная літаратура складала меншасць (каля 160 назваў), у той час як перавагу мелі свецкія навукі, права і мастацтва.
У бібліятэцы захоўваліся ўнікальныя інкунабулы, палеатыпы, творы антычнай і рэнесансавай літаратуры, гістарычныя і юрыдычныя выданні, а таксама палемічныя рэфармацыйныя творы. Сярод рэліквій збору быў знакаміты Радзівілаўскі летапіс. Рэестры бібліятэкі сведчаць аб тым, што разам з афіцыйнымі дзяржаўнымі і царкоўнымі матэрыяламі ў ёй свабодна захоўваліся забароненыя выданні — працы Вальтэра, Жана Бадэна, Эразма Ратэрдамскага, а таксама антычныя творы з каментарыямі і ў перакладах аўтараў, якія знаходзіліся ў каталіцкім Індэксе забароненых кніг.
Акрамя кніг, у памяшканнях бібліятэкі (якая выконвала ролю кунсткамеры) захоўваліся прадметы мастацтва, вялікая калекцыя старажытных манет і гістарычныя гетманскія булавы. Кнігі Нясвіжскай бібліятэкі былі даступныя для шырокага кола карыстальнікаў і даследчыкаў. Як адзначаюць сучасныя гісторыкі кнігазнаўства, шматлікія пазнакі, маргіналіі і пячаткі-штэмпелі, пакінутыя на старонках, сведчаць пра надзвычай актыўнае і практычнае выкарыстанне бібліятэкі як своеасаблівага «дзяржаўнага кнігасховішча» ВКЛ.
Разрабаванне і лёс бібліятэкі Трагічны лёс бібліятэкі цесна звязаны з падзеламі Рэчы Паспалітай і войнамі Расійскай імперыі. У 1772 годзе расійскі генерал-маёр фон Штакельберг захапіў Нясвіж, і маёмасць ардынацыі была ўпершыню секвестравана. Тады з замка ў Санкт-Пецярбург былі вывезены самыя каштоўныя гістарычныя выданні і перададзены ў бібліятэку Акадэміі навук. Шмат кніг было проста раскрадзена афіцэрамі. Як сведчылі расійскія чыноўнікі: «Дивно, что война, наукам везде зловредная, в России им полезна...».
Разрабаванне завяршылася пасля вайны 1812 года. Уладальнік замка Дамінік Радзівіл выступіў на баку Напалеона, таму ў 1813 годзе расійскія ўлады канчаткова канфіскавалі рэшткі бібліятэкі. Больш за 20 тысяч тамоў былі адпраўлены спачатку ў Маскву, а затым перададзены ў Пецярбург. У Пецярбургу цэласнасць унікальнага збору была знішчана: у 1829 годзе частку кніг перадалі Хельсінкскаму ўніверсітэту, а ў 1882 годзе яшчэ адну партыю польскамоўных выданняў, якую палічылі «макулатурай», аддалі бібліятэцы Варшаўскага ўніверсітэта (дзе яна згарэла падчас паўстання 1944 года). У выніку кнігі з Нясвіжа апынуліся раскіданымі па розных зборах Расіі, Польшчы, Фінляндыі, Літвы і Украіны.
Аднаўленне збору ў XIX стагоддзі У сярэдзіне XIX стагоддзя ўладальнікі Нясвіжскага замка пачалі ствараць новую бібліятэку. Архіварыусамі і бібліятэкарамі ў ёй працавалі такія выбітныя дзеячы культуры, як Уладзіслаў Сыракомля, Мікалай Маліноўскі і Міхал Богуш-Шышка. У 1864 годзе ў гэтую новую бібліятэку паступілі кнігі з закрытых расійскімі ўладамі ў Нясвіжы каталіцкіх кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 годзе Антоній Вільгельм Радзівіл і яго жонка Марыя дэ Кастэлян перавезлі з Берліна ўласную бібліятэку, якая стала галоўнай часткай новага Нясвіжскага збору і атрымала свой асобны экслібрыс.
У час Першай сусветнай вайны адноўленая бібліятэка зноў была часткова разрабавана. Рэшткі яе ў 1940 годзе, пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, былі нацыяналізаваны і перададзены Акадэміі навук БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны гэтыя кнігі зноў вывезлі — на гэты раз у Германію. У 1945—1946 гадах разрозненыя часткі былі вернуты ў Мінск. Сёння яны захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь (дзе захоўваецца 97 выданняў) і Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Сучасны стан даследаванняў
У Беларусі праводзіцца актыўная праца па выяўленні і каталагізацыі захаваных кніг з Нясвіжскага збору. Была заснавана спецыяльная серыя каталогаў «Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі» (падрыхтавана ЦНБ імя Якуба Коласа). Першы выпуск прадстаўляе дэталёвае апісанне 27 выданняў XV—XVI стагоддзяў, размешчаных у храналагічнай паслядоўнасці.
Ідэнтыфікацыя асобнікаў ажыццяўлялася даследчыкамі De visu з дапамогай вядомых бібліяграфічных даведнікаў і каталогаў. У навуковай характарыстыцы асобнікаў прадстаўлена пагінацыя (фаліяцыя) з указаннем ненумараваных старонак, прыведзены сігнатуры, адзначана наяўнасць кустоды, калафонаў, калонтытулаў, выдавецкіх марак, арнаментыкі і іншых элементаў кніжнага афармлення. Таксама ў каталогу дадзена падрабязнае апісанне старажытных вокладак і прыводзяцца звесткі пра фізічную захаванасць кніг.
Крыніцы
Літаратура
Библиотека Радзивиллов Несвижской ординации = Library of tne Radziwills’ of Nesvizh Ordynation : каталог изданий из фонда Центр. науч. б-ки им. Якуба Коласа Нац. акад. наук Беларуси, XV-XVI века / сост.: А.В.Стефанович, М.М.Лис. — Минск: Беларус. навука, 2010. — 175 с. Івахніна Л. У. "Бібліятэка Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў" у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь у кантэксце сучасных падыходаў вывучэння і ўзнаўлення // Национальная культура глазами молодых : сборник материалов XXXIX итоговой научной конференции (26-27 марта 2014 г.). — Минск, 2014. — С. 279-286. Мотульский Р. С. Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси. Ч.1. — Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — 256 с.
Катэгорыя:Бібліятэкі Беларусі Радзівілаў Катэгорыя:Гісторыя Нясвіжа Катэгорыя:Радзівілы Катэгорыя:Аб’екты рэестра Памяць свету