Леапольд V (; — ) — герцаг Аўстрыі з 1177 года і Штырыі з 1192 года з дынастыі Бабенбергаў.
Біяграфія Леапольд V быў сынам Генрыха II Язаміргота і Феадоры Камнін, пляменніцы візантыйскага імператара Мануіла I.
Неўзабаве пасля ўзыходжання на прастол Леапольд V атрымаў перамогу над чэшскай арміяй, захапіў Оламаўц і паводле мірнага дагавора 1179 года далучыў шэраг тэрыторый паўднёвай Маравіі.
Больш за ўсё Леапольд V вядомы дзякуючы яго ўдзелу ў Трэцім крыжовым паходзе 1189 года, падчас якога адбыўся канфлікт паміж герцагам і каралём Англіі Рычардам Львінае Сэрца. У час узяцця Акры Леапольд V адным з першых крыжакоў узлез на сцяну горада і ўзняў свой сцяг. Угневаны гэтым Рычард I сарваў сцяг герцага і паставіў на яго месцы свой.
У далейшым канфлікт паміж двума манархамі яшчэ больш абвастрыўся: Рычард падтрымліваў Гі дэ Лузіньяна ў яго прэтэнзіях на карону Іерусалімскага каралеўства, тады як Леапольд V быў прыхільнікам Конрада Манферацкага, свайго стрыечнага брата. Забойства Конрада ў 1192 годзе многія прыпісалі руцэ англійскага караля. Таму, калі ў 1192 годзе Рычард I на зваротным шляху з Палесціны праязджаў праз Вену, ён быў схоплены рыцарам Георгам Ропельтам па загадзе Леапольда V і зняволены ў замак Дзюрнштайн. Толькі ў 1194 годзе герцаг вызваліў караля пад ціскам Папы Рымскага і імператара Генрыха VI. За выхад на свабоду кароль Англіі заплаціў Леапольду V каласальную па тых часах суму ў 50 тысяч марак, якой герцаг скарыстаўся для арганізацыі манетнага двара ў Вене, будаўніцтва новых гарадскіх сцен сталіцы і заснавання Вінер-Нойштата.
Галоўным дасягненнем кіравання Леапольда V стала далучэнне Штырыі. У 1186 годзе ён заключыў Санкт-Георгенбергскі дагавор з бяздзетным герцагам Штырыі Отакарам IV, паводле якога пасля смерці Отакара Штырыя на вечныя часы аб'ядноўвалася з Аўстрыяй у адзіную дзяржаву на чале з аўстрыйскімі манархамі, пры ўмове захавання правоў і прывілеяў штырыйскіх саслоўяў. Отакар IV сканаў у 1192 годзе, і Штырыя была перададзена імператарам Леапольду V. Далучэнне Штырыі рэзка ўзмацніла Аўстрыйскую манархію і дало штуршок да бурнага развіцця горнай справы, металургіі і гандлю ва ўладаннях Бабенбергаў.
У 1194 годзе Леапольд V нечакана сканаў пасля падзення з каня падчас рыцарскага турніру. Перад смерцю ён, насуперак умовам Санкт-Георгенбергскага дагавора, падзяліў свае ўладанні паміж сынамі: Фрыдрых I атрымаў Аўстрыю, а Леапольд VI — Штырыю.
Шлюб і дзеці (1174) Алена Венгерская (1158—1199), дачка Гезы II, караля Венгрыі Фрыдрых I (каля 1175—1198), герцаг Аўстрыі (з 1194) Леапольд VI (1177—1230), герцаг Штырыі (c 1194) і Аўстрыі (з 1198) Агнеса
Выява ў мастацтве Мастацкая літаратура Талісман, раман, 1825
Кіно Рычард Львінае Сэрца / King Richard and the Crusaders (ЗША, 1954) рэжысёр Дэвід Батлер, у ролі Леапольда — Вілтан Граф.
Літаратура
Папярэднік Генрых II герцаг Аўстрыі 1177—1194 ПераемнікФрыдрых I Папярэднік Отакар IV герцаг Штырыі 1192—1194 ПераемнікЛеапольд VI
Катэгорыя:Кіраўнікі Аўстрыі Катэгорыя:Бабенбергі Катэгорыя:Кіраўнікі Штырыі Катэгорыя:Кіраўнікі Еўропы XII стагоддзя Катэгорыя:Удзельнікі Трэцяга крыжовага паходу Катэгорыя:Загінулі на рыцарскім турніры Катэгорыя:Загінулі ў выніку падзення з каня