Мікалай Фаміч Красінскі (, , Віленская губерня, цяпер Мінская вобласць — ) — беларускі тэатральны дзеяч, удзельнік хрысціянскага руху.
Біяграфія Паходзіў са шляхецкай сям’і (яго бацька быў чыноўнікам шляхецкай апекі ў Вілейцы). Скончыў 1-ю гімназію ў Вільні, у 1915 годзе юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта.
Падчас вучобы ў Пецярбургу наведваў мерапрыемствы беларускіх студэнцкіх гурткоў. Адначасова, паводле даных польскай палітычнай паліцыі (1924), сярод студэнтаў ён моцна падазраваўся ў супрацоўніцтве з царскай ахранкай (яго з’яўленне ў гуртках часта супадала з наступнымі ператрусамі і высылкамі ў Сібір). Таксама ў гэты перыяд Красінскі быў актывістам расійскага манархічнага руху чарнасоценцаў, удзельнічаў у расійскіх патрыятычных дэманстрацыях, за што, як сцвярджалася, атрымліваў фінансавыя субсідыі. Пасля выбуху рэвалюцыі 1917 года ён радыкальна змяніў погляды, стаў перакананым бальшавіком і нават выконваў абавязкі камісара.
З 1920 жыў у Вільні. Польская паліцыя лічыла, што ён быў накіраваны туды бальшавіцкімі спецслужбамі. У горадзе ён і яго сястра Ксенія адкрыта хвалілі ўмовы жыцця ў Савецкай Расіі. Ён хутка наладзіў сувязі з дзеячамі беларускага руху (у тым ліку з А. Луцкевічам, М. Кахановічам, Ф. Ярэмічам) і ўвайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэта.
Працаваў настаўнікам і інспектарам у Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. Адначасова знаходзіўся на службе ў Праваслаўнай духоўнай кансісторыі. Трапіць туды яму дапамог рэктар семінарыі Вячаслаў Багдановіч, які дзейнічаў у інтарэсах Беларускага нацыянальнага камітэта. У асяроддзі віленскіх беларускіх дзеячаў празваны «архімандрытам». Разам з тым Красінскі меў сярод апанентаў рэпутацыю атэіста і праводзіў у царкоўным асяроддзі прасавецкую агітацыю, з-за чаго пасля ўмяшання архіепіскапа Феадосія быў вымушаны пакінуць пасаду. Падчас выбараў у польскі Сойм заклікаў да іх байкоту, але пры гэтым працаваў у Цэнтральным выбарчым камітэце Блока нацыянальных меншасцей.
У 1922—1924 гадах выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Паводле паліцэйскіх справаздач, ён меў вялікі ўплыў на тагачаснага дырэктара гімназіі Антона Неканда-Трэпку. Красінскі ўваходзіў у склад Цэнтральнай школьнай рады і таварыства «Беларускі грамадзянскі сход». Быў адным з кіраўнікоў і арганізатараў «Беларускай драматычнай майстроўні», дзе ў 1922 годзе паставіў спектаклі «У зімовы вечар» паводле Э. Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У. Караленкі.
У 1923 годзе (паводле іншых звестак — пасля 1924 года) эміграваў у БССР. Працаваў у Наркамаце асветы БССР. З 1925 года намеснік старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатральнай секцыі Інбелкульта. У 1926—1928 гадах дырэктар БДТ-2; з 1928 — вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея. Пісаў аб праблемах культуры ў Заходняй Беларусі (у тым ліку ў зборніку «Беларускае мастацтва»).
Арыштаваны ДПУ БССР 14 сакавіка 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». На 5 гадоў высланы ў Шадрынск. У 1935 годзе пераехаў у Сарапул. Другі раз арыштаваны 12 чэрвеня 1938 года. «Тройкай» НКУС Туркменскай ССР 30 кастрычніка 1938 года прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1960 годзе.
Крыніцы
Літаратура Мікалай Фаміч Красінскі // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2003. — Т. 1. — С.538
Спасылкі
Катэгорыя:Тэатральныя рэжысёры Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР