Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса — колішні каталіцкі храм у вёсцы Лоск Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Размешчаны ў цэнтры вёскі, на ўзгорку.

Гісторыя Каталіцкая парафія існавала ў Лоску з XV стагоддзя. Налічвала звыш 1000 вернікаў, была ліквідавана пасля паўстанне 1863—1864 гадоў, касцёл згарэў.

Парафія адноўлена ў 1920-я гады, да чаго спрычыніўся ксёндз Аляксандр Аўгустыновіч з Беніцы. Ён дапамагаў у будаўніцтве новага касцёла, штонядзелю прыязджаў і праводзіў службу. Касцёл, пабудаваны з драўлянага бруса, быў асвечаны ў 1924 годзе. Аляксандр Аўгустыновіч стаў першым адміністратарам парафіі.

Архітэктура Твор народнага драўлянага дойлідства. Прамавугольны ў плане зруб накрыты 2-схільным дахам з вальмамі над 5-гранным прырубам апсіды з невялікай сакрысціяй. Плоскасны галоўны фасад завершаны 3-вугольным шчытом, у тымпане якога прарэзана арачнае акно, якое расчляняе прафіляваны карніз. Уваход вырашаны шырокім прамавугольным праёмам. Неашаляваныя сцены рытмічна падзелены вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі ў прасценках высокіх арачных аконных праёмаў. У перакрытую плоскай столлю малітоўную залу выступаюць хоры, на якія вядзе лесвіца бакавой клеці.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Лоск Катэгорыя:Касцёлы Валожынскага раёна Катэгорыя:З’явіліся ў 1924 годзе Катэгорыя:Колішнія касцёлы Мінскай вобласці Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:1924 год у Заходняй Беларусі