Мсціслаўскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова Таварыства Ісуса, якая дзейнічала ў Мсціславе.

Езуіты ў Мсціславе У 1690 г. шляхта на павятовым сейміку ўхваліла ідэю закласці ў горадзе місіянерскі дом і школу езуітаў. Пры матэрыяльнай падтрымцы мясцовых службовых асоб і жыхароў езуіты разгарнулі сваю адукацыйную дзейнасць у 1691 г. Знішчаная шведамі пад час Паўночнай вайны місія была адноўлена ў 1711 г. і пераўтворана ў рэзідэнцыю. Тады ж з’явілася новае памяшканне для бібліятэкі. У 1710 г. у езуіцкай школе пачалі выкладаць рыторыку. У 1729—1741 гг. выкладалася таксама філасофія (для свецкіх навучэнцаў), у 1736—1737 гг. — маральная тэалогія (для мясцовых семінарыстаў-езуітаў), а ў 1750—1751 гг. — матэматыка.

У 1764—1779 гг. паўстаў мураваны, крыты гонтам двухпавярховы будынак, які пасля атрымання рэзідэнцыяй статусу калегіума быў пашыраны. На час закрыцця ўстановы ў 1820 г. ён меў 60 метраў у даўжыню і 13 метраў у шырыню і складаўся з 18 пакояў. Галоўным храмам калегіума быў касцёл Святога Міхаіла Арханёла, пабудаваны ў 1730—1748 гг.

Дзейнасць калегіума Рашэнне Кацярыны ІІ захаваць Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі, у якую ў 1772 г. патрапіў і Мсціслаў, і хуткае ператварэнне яе беларускіх уладанняў у цэнтр прыцягнення для былых езуітаў спрыялі актывізацыі дзейнасці ордэна. Так, у 1779 г. рэзідэнцыі ў Магілёве і Мсціславе намаганнямі біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча атрымалі статус калегіумаў.

Сярэдняя школа Звычайна ў Мсціслаўскім калегіуме працавалі 10-12 езуітаў, двое з якіх былі прапаведнікамі, а яшчэ чацвёра выкладалі ў 5-класнай школе (класы: інфіма, граматыка, сінтаксіс, паэтыка і рыторыка). ІІ і ІІІ класы (граматыка і сінтаксіс), а таксама ІV і V класы (паэтыка і рыторыка) вельмі часта аб’ядноўваліся. Сярэдняя школа езуітаў карысталася папулярнасцю. У 1784 г. у школе было 160 вучняўБлинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 131., у 1796 г. — 113, у 1802 г. — 142, у 1805 г. — 150. Займаліся ў ёй амаль выключна дзеці шляхцічаў: у 1807 г. з 103 вучняў толькі 3 хлопцы былі з мяшчанаўБлинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 141..

Пад час вайны 1812 года калегіум і школа былі ператвораныя французамі на шпіталь. Рэктар В.Тыванкевіч распусціў вучняў дадому, а амаль усіх езуітаў адправіў па мясцовых фальварках. Навучальны год пачаўся толькі ў студзені 1813 г.Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 372.

Канвікт У сярэдзіне 80-х гг. XVIII ст. быў адкрыты канвікт (пансіён) для дзяцей заможнай шляхты. Ён месціўся ў мураваным будынку, размешчаным насупраць калегіума. У 1784 г. у канвікце жылі 12 вучняў, у 1796 г. — 22, у 1802 г. — 21, у 1817 г. — 18, а ў 1818 г. — 15. Прычым, зніжэнне колькасці канвіктараў не было звязана з падзеннем яго папулярнасці, бо ў тым жа 1818 г. канвікт быў перабудаваны, каб прымаць не менш за 40 пастаяльцаўБлинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 211..

У 1807 г. гадавая плата за знаходжанне ў канвікце складала 100 рублёў срэбрам. Пры гэтым існаваў спецыяльны фонд сям’і Салагубаў, з якога аплачвалася пражыванне пэўнай колькасці вучняў (у 1807 г. такіх было 12).

Музычная бурса Таксама пры калегіуме з 1720-х гг. дзейнічала таксама музычная бурса. У 1796 г. у ёй займалася 14 вучняў, у 1802 г. — 10, у 1807 г. — 13, у 1817 і 1818 гг. — па 20 вучняў, якія атрымлівалі ад калегіума жытло з ацяпленнем, харчаванне і адзеннеБлинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — . 270..

Бібліятэка і аптэка Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум і дзякуючы пераезду з Заходняй Еўропы на Беларусь братоў-езуітаў з уласнымі кнігазборамі істотна папоўнілася езуіцкая бібліятэка. Звестак пра яе небагата, але ў акце візітацыі за 1816 год адзначаецца, што «калегіум мае невялікую біблітэку, якая задавальняе, аднак, усе патрэбы»Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 229.. Яшчэ з 1740 г. пры рэзідэнцыі дзейнічала ўласная аптэка.

Значныя постаці калегіума

Рэктары Ян Шварц (1783) Марцін Струсінскі (1783—1803) Войцех Абрампальскі (1803—1806) Мацей Алендзкі (1806—1810) Вінцэнцій Тыванкевіч (1810—1814) Вінцэнцій Рыпінскі (1814—1819) Юзаф Пшысецкі (1819—1820)Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.

Выкладчыкі Раймунд Бжазоўскі, рэктар Полацкай езуіцкай акадэміі, асістэнт генерала Ордэна езуітаў Вінцэнцій Бучынскі, філосаф, прафесар Полацкай езуіцкай акадэміі і Лёвенскага ўніверсітэта Казімір Гласко, прафесар Полацкай езуіцкай акадэміі і Клонгоўз Вуд каледжа (Ірландыя) Францішак Дзеружынскі, прафесар і сакратар Полацкай езуіцкай акадэміі; суперыёр Паўночнаамерыканскай місіі езуітаў, правінцыял Мэрыленда, віцэ-прэзідэнт Джорджтаўнскага ўніверсітэта (ЗША) Вінцэнт Жолудзь, прэфект полацкай езуіцкай друкарні Норберт Корсак, прафесар каледжа Стоўніхёрст (Вялікабрытанія) Алаіз Ландэс, рэктар Полацкай езуіцкай акадэміі і Цярнопальскага езуіцкага калегіума Юзаф Маралёўскі, паэт; рэктар езуіцкіх калегіумаў у Тынцы, Новым Сончы і Старой Весі Рафал Маркіяновіч, рэктар Цярнопальскага езуіцкага калегіума, правінцыял Галіцкай правінцыі Ордэна езуітаў Нікодам Мусніцкі, паэт і драматург; прафесар Полацкага езуіцкага калегіума Пётр Эстка, вучоны-філолаг; правінцыял Беларускай правінцыі Ордэна езуітаў

Выпускнікі Анёл Доўгірд, прафесар Віленскага ўніверсітэта Вінцэнт Ліпскі, біскуп Ціраспальскі

Лёс езуіцкай спадчыны ў Мсціславе Пасля выгнання езуітаў з Расійскай імперыі (1820) урад перадаў касцёл Святога Міхаіла Ахангела, мураваныя будынкі калегіума, школы і канвікта, а таксама гаспадарчыя пабудовы манахам бернардзінцам. Новыя гаспадары павіны былі працягнуць утрыманне школы, але іх павятовая школа праіснавала толькі з верасня 1822 па 1829 г. Неўзабаве касцёл быў перароблены на праваслаўную царкву, а ў паезуіцкіх будынках размесцілася праваслаўная духоўная семінарыя.

У час Вялікай Айчыннай вайны касцёл моцна пацярпеў, але пасля быў адрамантаваны і выкарыстоўваўся як раённы Дом культуры. Пасля таго, як у ноч на 21 снежня 2017 г. абрынулася частка сцяны, будынак знаходзіцца пад пагрозай поўнага знішчэння. Быў распачаты збор сродкаў на выратаванне касцёлаПока есть что спасать. Минкульт просит жертвовать деньги на восстановление костела в Мстиславле. . Таксама захаваліся будынкі корпуса калегіума, аптэкі, канвікта, гаспадарчых пабудоў, а таксама капліца і цагляная агароджа. Робяцца спробы знайсці грошы на рэстаўрацыю калегіума праз праекты тэхнічнай дапамогі, якія рэалізуюцца пры фінансавай падтрымцы ЕСУрбаністычныя стратэгіі гістарычных гарадоў, арыентаваныя на супольнасці (COMUS)” Папярэдняя тэхнічная ацэнка. Рэстаўрацыя будынкаў былога езуітскага калегіўма і эфектыўнае іх выкарыстанне для развіцця горада Мсціслава..

Літаратура Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s. Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.

Катэгорыя:Езуіцкія калегіумы

Катэгорыя:Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:1779 год у Беларусі Катэгорыя:Зніклі ў 1820 годзе Катэгорыя:Духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі