Сяргей Антонавіч Дубінскі (6 лістапада (25 кастрычніка) 1884, в. Наройкі, Бельскі павет, Гродзенская губерня, цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча — , Менск, НКУС) — беларускі археолаг, гісторык.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і святара. Спачатку вучыўся ў царкоўнапрыходскім вучылішчы, потым — Віленскай духоўнай семінарыі.

У жніўні 1905 года паступіў на медыцынскі факультэт Юр’еўскага ўніверсітэта, але ўжо восенню з-за рэзкага пагаршэння зроку быў вымушаны пакінуць універсітэт. У жніўні наступнага, 1906 года перайшоў на гісторыка-філалагічны факультэт, у кастрычніку 1908 года перавёўся ў Санкт-Пецярбургскі Імператарскі ўніверсітэт. З 1909 года стаў пастаянным удзельнікам археалагічнага семінара, які пачаў дзейнічаць пры ўніверсітэце.

Пасля заканчэння ўніверсітэта (1914) настаўнічаў спачатку ў Вільні ў прыватнай гімназіі Вінаградавай, потым у эвакуацыі ў рэальным вучылішчы г. Белябей Уфімскай губерні. У 1917 годзе быў абраны старшынёй Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў г. Белябей.

У канцы 1921 года вярнуўся ў Беларусь. Працаваў настаўнікам у Мінску, прымаў удзел у рабоце Цэнтральнай камісіі па ліквідацыі непісьменнасці.

З 1924 года, пасля аднаўлення работы таварыства гісторыі і старажытнасці, прымаў актыўны ўдзел у яго дзейнасці. З 1925 года ў Інстытуце беларускай культуры: член гісторыка-археалагічнай камісіі, аспірант, навуковы супрацоўнік. З 1929 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, дзе займаўся вывучэннем археалагічных помнікаў ранняга жалезнага веку і эпохі Сярэднявечча.

Летам 1930 года арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі», але праз пэўны час вызвалены. Праз цяжкае становішча тагачаснай акадэмічнай навукі ў Беларусі быў вымушаны з’ехаць у Ленінград. З 1933 года ён навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (). Працаваў старшым архіварыусам навуковага археалагічнага архіва, потым старшым навуковым супрацоўнікам.

У 1937 годзе абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы, арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Навуковая дзейнасць

Даследаваў пераважна помнікі ранняга жалезнага веку і сярэднявечча, курганныя старыжтнасці ў Бельскім павеце, гарадзішчы і магільнікі Бабруйшчыны, Віцебшчыны, Міншчыны, Магілёўшчыны і Мазыршчыны. У 1926—1928 гг. вывучаў гарадзішчы Банцараўшчына і Чаркасава, якія аднёс да даславянскага часу. Склаў першую археалагічную карту Магілёўскай вобласці (1937, не захавалася), а таксама археалагічную карту Беларусі. Падрыхтаваў і выдаў першую бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін (Мн., 1933), у якую ўключыў працы па дакласавым грамадстве, раннім феадалізме, нумізматыцы, сфрагістыцы, архітэктуры, абарончых земляных збудаваннях.

Творы Чаркасоўскае гарадзішча пад Оршай; Гарадзішча каля в. Германоў Аршанскай акругі; Доследы культур жалезнага перыяду на БССР у 1929 г. // Запіскі Аддзела гуманітарных навук Беларускай Акадэміі навук, 1930, кн. 11. Працы археалагічнай камісіі, т. 2. С. 72―83. Бібліяграфія па археалогіі Беларусі і сумежных краін. — Мн., 1933. — 216 с.

Літаратура

Вяргей В. С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР 1919—1941 гг. — Мн., 1992; Каробушкіна Т. М. Археолаг С. А. Дубінскі // ПГКБ. 1986, № 4.

Спасылкі

Катэгорыя:Выпускнікі Віленскай духоўнай семінарыі Катэгорыя:Археолагі СССР Катэгорыя:Археолагі Беларусі Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР Катэгорыя:Нарадзіліся ў Семятыцкім павеце