Івянецкае паўстанне — баявая аперацыя, якая адбылася 19 чэрвеня 1943 года пры ўдзеле Польскага партызанскага атрада з Цэнтра АК Стоўбцы ў выніку якой было здабытае мястэчка Івянец і разбіты нямецкі гарнізон, які месціўся там.

Атака на Івянец праводзілася з мэтай вызвалення арыштаваных кіраўнікоў мясцовай канспірацыйнай сеткі, і таксама з мэтай апярэджвання аналагічнай савецкай аперацыі. Коштам невялікіх страт польскія партызаны на 18 гадзін захапілі мястэчка, вызвалілі ўсіх арыштаваных, і таксама знішчылі ад 40 да 150 немцаў і калабарацыяністаў. Была таксама здабытая вялікая колькасць зброі, амуніцыі, жывёл, інвентару і іншых рэчаў. Ад 100 да 200 супрацоўнікаў Беларускай дапаможнай паліцыі добраахвотна перайшлі на бок польскага атраду. Захоп Івянца быў адной з самых масштабных узброеных аперацый у гісторыі дзейнасці Арміі Краёвай.

У адказ за панесенае паражэнне, немцы знішчылі каля 150 жыхароў Івянца. Акрамя таго, летам 1943 года ў Налібоцкай пушчы была праведзена антыпартызанская аперацыя, вядомая пад кодавай назвай «Герман».

Перадумовы

Пасля разгрому Польшчы ў 1939 годзе Стаўбцоўскі павет разам з астатнімі землямі Заходняй Беларусі апынуліся пад уладай СССР. У сваю чаргу, пасля нападзення Германіі на СССР у чэрвені 1941 года тэрыторыя павета была ўключана ў склад Рэйхскамісарыята Остланд. Акупанты, пры падтрымцы беларускіх калабарацыяністаў знішчылі большасць мясцовых яўрэяў і распачалі бязлітасны тэрор супраць мясцовага польскага насельніцтва. У той жа час бязмежная Налібоцкая пушча стала прытулкам для чырвонаармейцаў, якім удалося пазбегнуць нямецкага палону і для яўрэяў, якія ўцяклі з навакольных гета. На мяжы 1942/43 гадоў, пераброшаныя з-за лініі фронту савецкія афіцэры і камісары прыступілі да трансфармацыі гэтых разрозненых груп у рэгулярныя партызанскія атрады.

Неўзабаве пасля пачатку нямецкай акупацыі, на тэрыторыі даваеннага Навгрудскага ваяводства пачалі стварацца структуры Саюза ўзброенай барацьбы (пераіменаванага ў лютым 1942 года ў Армію Краёву). Ужо ў лістападзе 1941 года камандаванне Навагрудскай акругі СУБ/АК прызначыла падпаручыка Аляксандра Варакомскага (мянушка «Швір») на пасаду каменданта Стаўбцоўскай акругі (крыптонім «Слуп»). «Швір» хутка увайшоў у кантакт з афіцэрамі і унтэр-афіцэрамі Войска Польскага. Яго блізкім паплечнікам стаў, у прыватнасці, Каспер Мілашэўскі (мянушка «Левальд») адзін з лідараў польскай грамадскасці, які пры гэтым карыстаўся адносным даверам савецкіх партызан.

Першапачаткова, дзейнасць акругі «Слуп» была засяроджана на назапашванні зброі і боепрыпасаў, а таксама пранікненню ў структуру мясцовай паліцыі і адміністрацыі. Ідэя стварэння польскага партызанскага атрада не знайшла на тот момант падтрымкі Галоўнага Камандавання АК, якое вырашыла абмяжоўваць дзеянні ўзброеных сіл да пачатку ўсеагульнага паўстання. Толькі такія фактары, як рост колькасці выкрытых прыхільнікаў і вярбоўка польскай моладзі ў шэрагі савецкага партызанскага руху паўплывалі на змяненне пазіцыі камандавання акругі. Штуршком да арганізацыі польскага партызанскага атрада стала, у прыватнасці, масавае забойства жыхароў вёскі Налібакі, праведзеная савецкімі партызанамі ў ноч на 8 мая 1943 года.

3 чэрвеня 1943 года ў маёнтку Куль, у глыбі Налібоцкай пушчы адбылася першая вярбоўка ў шэрагі польскага атрада. У гэты дзень там зарэгістраваліся 44 добраахвотніка, якія сталі асновай для Стаўбцоўскай групоўкі Арміі Краёвай. Мясцовае кіраўніцтва Арміі Краёвай першапачаткова меркавала, што на чале атраду стане падпаручнік Вітальд Пяльчыньскі (мянушка «Дзвіг»), але ўжо ў першы дзень ён быў паранены ў выніку выпадковага выбуху гранаты. У гэтых умовах, камандаванне атрадам прыняў паручык «Левальд». Навіны аб стварэнні польскага атрада хутка разышліся сярод мясцовага насельніцтва. Нягледзячы на тое, што партызаны прымалі ў свае шэрагі толькі ўзброеных і абмундзіраваных добраахвотнікаў, на працягу 10 дзён колькасць байцоў атрада павялічылася да 130. Неўзабаве да атраду далучылася яшчэ некалькі дзясяткаў добраахвотнікаў-кавлерыстаў на чале з харунжым Здзіславам Нуркевічам (мянушка «Ноч»), дзякуючы чаму стала магчымым стварэнне коннага патруля.

У Налібоцкай пушчы знаходзілася шматтысяная групоўка савецкіх партызанаў, і такім чынам, не жадаючы канфліктаваць з ненеадзейным саюзнікам, паручык «Левальд» скрываў сваю прыналежнасць да Арміі Краёвай, эфектыўна пераконваючы партызанскае камандаванне, што стварэнне атрада адбылося выключна па ініцыятыве мясцовага польскага насельніцтва. З дазволу камандавання акругі, «Левальд», з тактычнага пункту гледжання, фармальна падпарадкоўваўся савецкаму камандаванню. Ён таксама прыняў шэраг іншых далёка ідучых рашэнняў не маючы, аднак, намеру рэалізоўваць іх на практыцы Па ўзгадненню з савецкім камандаваннем атраду была прысвоена назва «Польскі партызанскі атрад імя Тадэвуша Касцюшкі». Акрамя таго быў узгоднены падзел Налібоцкай пушчы на польскі і савецкі сектары і таксама ўзгоднена, што польскія і савецкія партызаны будуць дзейнічаць адпаведна з заходняга і ўсходняга боку мяжы 1939 года.

Атака на Івянец

Падрыхтоўка

Неўзабаве пасля стварэння атрада, адбылося выкрыццё польскай падпольнай сеткі Івянца. У рукі немцаў і іх калабарацыяністаў папала ад 20 да 80 членаў і прыхільнікаў Арміі Краёвай. Арышт асабіста курыраваў суддзя Карачун са Стоўбцаў, які быў гразой мясцовага польскага насельніцтва. У ходзе праведзенай разведкі Армія Краёвая атрымала інфармацыю аб тым, што акупанты маюць намер вывесці зняволеных у Калдычоўскі і Трасцянецкі лагеры смерці. У святле гэтых дадзеных, камандаванне стаўбцоўскай акругі прыняла рашэне аб правядзенні нападу на нямецкі гарнізон Івянца. Мэтай гэтай акцыі было на толькі вызваленне зняволеных, але і апярэджванне аналагічнай савецкай акцыі. Польскае камандаванне асцерагалася таго, што савецкі напад на Івянец можа выклікаць вялікія матэрыяльныя страты і непатрэбныя ахвяры сярод мясцовага польскага насельніцтва.

У перыяд ІІ рэчы Паспалітай Івянец быў цэнтрам адной з гмін Валожынскага павета і меў каля 5 000 жыхароў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР савецкія ўлады размясцілі ў Івянцу цэнтр новастворанага Івянецкага раёна, у склад якога ўвайшла частка зямель даваенных Стаўбцоўскага і Валожынскага паветаў. З-за таго, што такі адміністрацыйны падзел таксама захаваўся і ў перыяд нямецкай акупацыі, колькасць жыхароў горада вырасла амаль у два разы, а ў горадзе знахозіўся моцны нямецкі гарнізон. У чэрвені 1943 года там квартараваў атрад нямецкай жандармерыі, лікам ад некалькіх дзясяткаў да 100 супрацоўнікаў. Камандаваў ім вядомы сваёй жорсткасцю Карл Цавель. У склад івянецкага гарнізона ўваходзіла яшчэ некалькі сотняў байцоў з беларускай дапаможнай паліцыі, а дадатковую падтрымку маглі аказаць некалькі дзясяткаў нямецкіх чыноўнікаў з мясцовага эканамічнага аддзялення. Акрамя таго, у старых казармах КАП над рэчкай Волма, размешчаных у 2 км ад горада, знаходзіліся дзве роты Люфтвафэ (накіраваныя сюды на адпачынак). Паводле адных крыніц, Івянец абаранялі каля 700 паліцэйскіх, салдат і чыноўнікаў (400 немцаў і 300 паліцаяў). Іншыя даследчыкі налічваюць колькасць байцоў гарнізона каля 500 чалавек.

Пасля атрымання згоды камандавання акругі тэрмін для нападу быў прызначаны на 22 чэрвеня. Але ў хуткім часе, польская разведка атрымала звесткі аб тым, што немцы прыступілі да ўмацавання сваіх аб’ектаў у горадзе. Больш за то, 19 чэрвеня немцамі было вырашана правесці масавы прызыў у Беларускі корпус самааховы і прымусовы выкуп коней для германскай арміі. Гэта стварала выдатную магчымасць узброеным партызанам непрыкметна пранікнуць у горад, і пагэтаму было прынята рашэнне перанесці акцыю на тры дні раней. Польскія планы прадугледжвалі напад на Івянец як звонку, так і знутры:

акцыяй унутры мястэчка павінен быў кіраваць падхарунжы Альгерд Война (мянушка «Лех»), які размясціў свой камандны штаб у доме сям’і Дзяржынскіх Ён меў у сваім распараджэнні членаў мясцовага падполля і 60 партызан, якія таемна праніклі ў Івянец у ноч на 19 чэрвеня (у грамадзянскай вопратцы, з кароткай зброяй і гранатамі). Байцы былі падзелены на чатыры групы, якімі камандавалі: вахмістр Ян Якубоўскі (мянушка «Дэмб»), плутонавы Валяр’ян Жуховіч (псеўданім «Апоньча»), плутонавы Юзаф Недзведскі (мянушка «Шары») і плутонавы Балеслаў Навакоўскі. Іх задачай было захоп пастоў нямецкай і беларускай паліцыі, таксама захоп пошты і нямецкага эканамічнага бюро. атрад пад камандаваннем падпаручніка Валянціна Пархімовіча (мянушка «Валдан») павінен быў атакаваць казармы над Волмай і прадухіліць магчымасць падысці на дапамогу гарнізону горада расквартыраваным там салдатам Люфтвафэ. атрад пад камандаваннем паручніка Каспера Мілашэўскага, узброены дзвумя кулямётамі, меў задачу блакаваць дарогу, якая вяла ад казармы ў цэнтры горада. конная разведка пад камандаваннем харунжага Здзіслава Нуркевіча павінна была прыкрываць дарогі, якія вялі да Стоўбцаў і Ракава.

З дакладаў савецкіх партызан, знойдзеных у беларускіх архівах, вынікала, што ў акцыі ўдзельнічала Партызанская брыгада ім. Чкалава, якая па просьбе палякаў ахоўвала дарогі, што вялі да Валожына, Ракава і Стоўбцаў, але гэта не пацвяржаюць польскія крыніцы.

Ход паўстання

Напад на Івянец пачаўся роўна апоўдні 19 чэрвеня, у абедзены час, калі пільнасць акупантаў была слабейшая. Па сігналу званоў касцёла, якія білі да малітвы, байцы Арміі Краёвай перарэзалі тэлефонныя лініі, што вялі да горада, пасля чаго без асаблівых цяжкацяў захапілі будынак пошты і нямецкае эканамічнае бюро (застрэліўшы пры гэтым аднаго супрацоўніка). Партызаны знішчылі таксама мост над Волмай. Група пад камандаваннем вахмістра «Дэмба», пасля таго, як абязшкодзіла ахоўнікаў, акружыла штаб-кватэру беларускай паліцыі і заклікала яе супрацоўнікаў да капітуляцыі. Старэйшым з паліцаяў, што знаходзіліся ў той час на ўчастку, быў намеснік камандзіра, старшы сяржант Стэфан Пазнанскі, унтэр-афіцэр даваеннай Дзяржаўнай Паліцыі, і таксама член Арміі Краёвай. Па яго загадзе, паліцаі, сярод якіх пераважалі палякі, у многіх выпадках члены і прыхільнікі Арміі Краёвай — склалі зброю і пакінулі будынак. Толькі невялікая група паліцаяў, што прыбылі ў горад некалькі дзён таму з Полацку спрабавала супраціўляцца, аднак іх ліквідавалі без асаблівых цяжкасцяў.

Аднак, хутка захапіць участак нямецкай жандармерыі не атрымалася. Праўда, салдаты пад камандаваннем сяржанта «Апоньчы» здолелі бязшумна абясшкодзіць двух ахоўнікаў, але перастрэлка, што пачалася ў раёне казармаў беларускай паліцыі, папярэдзіла немцаў. Адзін з жандараў паспеў замкнуць дзверы і забіць гранатай капрала Яна Няджвецкага. Партызаны Ян Місачэк і Ян Брычкоўскі знішчылі гранатамі радыёстанцыю і тэлефонную стацыю, якія знаходзіліся насупраць асноўнага будынка жандармерыі, і вярнуліся да сваіх. Жандары, супакоіўшыся, арганізавалі моцную абарону. Байцы Арміі Краёвай, узброеныя толькі кароткай зброяй і гранатамі, не рызыкнулі распачаць франтальны штурм. У ходзе перастрэлкі загінуў адзін партызан, а другі, падлетак 14-ці гадоў, атрымаў смяротную рану. Яшчэ двое байцоў атрымалі лёгкія раненні.

Адначасова з пачаткам бою ўнутры горада, салдаты «Валдана» напалі на казармы Люфтвафэ. Немцы хутка зразумелі, што іх атакуе невялікая колькаць праціўнікаў і супакоіўшыся перайшлі ў контратаку. Аднак, калі яны паспрабавалі перасекчы гаць на Волме, падраздзяленні «Валдана» і «Левальда» накрылі іх моцным агнём з кулямётаў. Шмат хто з салдатаў Люфтвафэ быў забіты, астатнія адступілі ў казармы. Салдаты Арміі Краёвай ўзялі ў палон двух нямецкіх афіцэраў у званні капітана. Аднаго з іх, які паходзіў з Чэхаславакіі, амаль адразу расстралялі. У ноч на 20 чэрвеня экіпаж казармаў яшчэ раз зрабіў спробу контратакі, але быў абстраляны з двух бакоў, нясучы пры гэтым цяжкія страты.