Аксана Фёдараўна Ткачу́к (нар. , г. Ленінград, РСФСР, СССР) — беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар БССР (1976). Жонка архітэктара Дзмітрыя Кудраўцава.

Біяграфія Аксана Ткачук нарадзілася 10 чэрвеня 1933 года ў Ленінградзе ў сям’і служачага. Бацька працаваў у праектным інстытуце эканамістам, а маці — на заводзе. У 1941 годзе Аксана мусіла пайсці ў 1-ы клас, дзеці з бабуляй з’яжджалі ў пачатку года на дачу, але калі пачалася вайна, ім прыйшлося вярнуцца ў горад. Бацька неўзабаве эвакуіраваўся з інстытутам на Урал, а сям’я засталася ў Ленінградзе. Перажыла ў блакадным Ленінградзе галодную зіму 1941—1942 гадоў, пасля чаго сям’я Аксаны была эвакуіравана ва ўральскі горад Таўду.

У Ленінград вярнуліся ў 1946 годзе. Аксана пайшла ў пяты клас, а на наступны год стала вучыцца ў сярэдняй мастацкай школе пры Акадэміі мастацтваў. У 1952 годзе яна паступіла на архітэктурны факультэт Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры (выкладчыкі І. І. Фамін, , С. Барутчаў). У 1958 годзе Аксана Ткачук абараніла дыпломны праект «Палац моладзі» і стала працаваць у інстытуце «Ленаблпраект», а праз год пераехала да мужа Дзмітрыя Кудраўцава ў Мінск.

З 1960 года працавала ў інстытуце «Мінскпраект», у 1977—1983 гадах галоўны мастак Мінска, адначасова намеснік галоўнага архітэктара горада.

У 1984—1991 гадах мастак па інтэр’ерах у Мінскім мастацка-вытворчым камбінаце, распрацоўвала інтэр’еры грамадскіх будынкаў. У 1992—2002 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі.

Член Саюза архітэктараў з 1961 года.

Творчасць

Кіраўнік аўтарскага калектыву праектаў будынкаў Інстытута народнай гаспадаркі (1964—1974), жылых дамоў па вул. Старавіленскай (1977—1979; сааўтары У. М. Тарноўскі, А. В. Шорап), будынка Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі (1981; сааўтар У. М. Тарноўскі), Інстытут павышэння кваліфікацыі кіруючых працаўнікоў народнай гаспадаркі (1982), Палаца культуры вытворчага тонкасуконнага аб’яднання (1984), планіроўкі і забудовы мікрараёнаў Ракаўская шаша 6 і 7 у Мінску. Сярод інш. работ (у сааўтарстве): праекты рэстарана «Журавінка» (1969) у Мінску, рэканструкцый Беларускага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску (1985), будынкаў 19 ст. па вул. Камсамольскай ў Мінску (1999) і інш.

У 2003 годзе Аксане Фёдараўне прапанавалі распрацаваць праект рэканструкцыі кінатэатра «Радзіма» пад драматычны тэатр «Дзе-Я?». Былі рэканструяваны фасады будынка, створаны два залы — дзіцячай драматычнай студыі і глядзельны на 180 месцаў (праектаванне ў 2004—2005; сааўтар Т. А. Шорап).

Узнагароды Заслужаны архітэктар БССР (1976), узнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1980).

Літаратура

Спасылкі Ткачук Оксана Федоровна // Беларускі саюз архітэктараў Сайт Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай інфармацыі 7 июня 2023 г. в Белорусском государственном архиве научно-технической документации открылась интернет-выставка «Окружение диктует мне форму…», посвященная 90-летию заслуженного архитектора БССР Оксаны Фёдоровны Ткачук Интервью с заслуженным архитектором БССР Оксаной Фёдоровной Ткачук // Сайт БНТУ

Катэгорыя:Архітэктары XX стагоддзя Катэгорыя:Архітэктары Беларусі Катэгорыя:Архітэктары Мінска Катэгорыя:Заслужаныя архітэктары Беларускай ССР Катэгорыя:Супрацоўнікі Мінскпраекта Катэгорыя:Выпускнікі Інстытута імя Рэпіна