Расціславічы — галіна роду Рурыкавічаў ад князя Расціслава Уладзіміравіча, унука Яраслава Уладзіміравіча; уладарная дынастыя Галіцкага княства.

Гісторыя Заснавальнік дынастыі — Расціслаў Уладзіміравіч, быў старэйшым унукам Яраслава Уладзіміравіча, але яго бацька памёр пры жыцці дзеда і такім чынам Расціслаў стаў «князем-ізгоем». У эпоху трыўмвірату Яраславічаў Расціслаў не атрымаў уладанняў, толькі кароткі час быў намеснікам дзядзькі Ізяслава Яраславіча на Валыні. Уцягнуўся ў барацьбу за ўдзелы і двойчы выганяў з Тмутаракані свайго стрыечнага брата Глеба Святаславіча. Урэшце зацвердзіўся ў Тмутаракані, але атручаны грэкамі.

Сыны Расціслава спачатку жылі пры двары Яраполка Ізяславіча на Валыні, але ў 1084—1086 гадах дамагліся вылучэння сабе з тагачаснага вялікага Валынскага княства Перамышля і Церабоўлі, абараніўшы іх у 1099 годзе ад прэтэнзій вялікага князя кіеўскага Святаполка Ізяславіча.

У 1140 годзе ўнук Расціслава — Уладзімір Валадаравіч — аб’яднаў Перамышльскую і Церабоўльскую землі ў адзінае княства са сталіцай у Галічы. Прадстаўніку бакавой лініі Івану Расціславічу не быў дадзены Перамышль, а пасля спробы выступлення супраць дзядзькі адняты і Звянігарад. Найбольшай магутнасці княства дасягнула ва ўладарства Яраслава Уладзіміравіча Асмамысла. Галіцкія князі процідзейнічалі аб’яднанню Кіева і Валыні ў адных руках каб захаваць уласнае княства, з пераменным поспехам змагаліся супраць венграў, падтрымлівалі прэтэндэнтаў у барацьбе за Кіеў, удзельнічалі ў паходах супраць полаўцаў.

Пасля смерці Яраслава Асмамысла (1187) і двухгадовай усобіцы сталец заняў Уладзімір Яраславіч, які прызнаў старшынство свайго дзядзькі па маці Усевалада Вялікае Гняздо. Пасля смерці Уладзіміра (1198) дынастыя практычна згасла, хаця ў наступнай вайне за аб’яднанне Галіцка-Валынскага княства згадваюцца яго сыны. Галіцкі сталец заняла валынская дынастыя Ізяславічаў (з XIII стагоддзя Раманавічы).

Радавод Расціславічаў

Расціслаў Уладзіміравіч (1038—1066) (VII калена ад Рурыка), князь тмутараканскі (1064—1066)

Сыны Расціслава Уладзіміравіча (VIII):

Рурык (?—1092), князь перамышльскі (1084—1092) Валадар (?—1124), князь звенігародскі (1084—1092), перамышльскі (1092—1124) Васілька (?—1124), князь церабоўльскі (1086—1124)

Сыны Валадара Расціславіча (IX):

Расціслаў (?—1129), князь перамышльскі (1124—1128) Уладзімірка (1104—1153), князь звенігародскі (1124—1128), князь перамышльскі (1128—?), князь церабоўльскі (1141—1153), князь галіцкі (1141—1145)

Сыны Васількі Расціславіча (IX):

Юрый (Рыгор) Васількавіч (?—1127), князь церабоўльскі. Іван Васількавіч (?—1141), князь церабоўльскі, князь галіцкі (каля 1124)

Сын Уладзіміра Валадаравіча (X):

Яраслаў Асмамысл (?—1187), князь галіцкі (1153—1187)

Сын Расціслава Валадаравіча (X):

Іван «Бярладнік» (?—1161), князь звенігародскі (1134—1146), князь галіцкі (1146)

Сыны Яраслава Уладзіміравіча Асмамысла (XI):

Уладзімір (1151—1199), князь галіцкі (1187—1188, 1190—1199) Алег (?—1187), князь галіцкі (1187—1188)

Сын Івана Расціславіча Бярладніка (XI):

Расціслаў (?—1189)

Літаратура

Катэгорыя:Галіцкае княства