Спа́са-Праабражэ́нская царква́ — драўляны праваслаўны храм у горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці. Размешчана на могілках.

Гісторыя Пабудавана ў другой палове XIX стагоддзя з дрэва. У 2007 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. У 2011 годзе праводзілася рэканструкцыя будынка, у выніку якой над вежай-званіцай паставілі пазалочаны купал-цыбуліну.

Архітэктура Помнік народнага дойлідства. Чатырохчасткавая падоўжна-восевая кампазіцыя будынка складаецца з прамавугольных зрубаў прытвора, бабінца, малітоўнай залы і апсіды. У сілуэце храма пануе надбудаваная над прытворам чацверыковая званіца пад пакатым шатровым дахам з вежачкай. Макаўкай завершаны чатырохсхільны дах асноўнага кубападобнага аб’ёму. Тры ўваходы вылучаны чатырохслуповымі ганкамі. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах, цокальная частка вылучана вертыкальнай шалёўкай.

Літаратура

Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Мсціслава Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:З’явіліся ў XIX стагоддзі