Вільге́льм I Заваёўнік (, ; ) — герцаг Нармандыі ў 1035—1087 гадах і кароль Англіі ў 1066—1087 гадах. Пазашлюбны сын нармандскага герцага Роберта I Д’ябла. У 1066 годзе ўварваўся ў Англію і пасля перамогі над войскам Гаральда II у бітве пры Гастынгсе паклаў пачатак нармандскаму заваяванню Англіі.

Герцаг Нармандыі Вільгельм стаў герцагам Нармандыі ў 1035 годзе. У 1062 годзе ён далучыў да Нармандыі графства Мэн і частку Анжу.

Заваяванне Англіі Пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка і каранацыі Гаральда II Вільгельм на чале французскага рыцарскага войска колькасцю каля 5 тысяч воінаў пераплыў на парусніках Ла-Манш высадзіўся на англійскім узбярэжжы. У вырашальнай бітве 14 кастрычніка 1066 года каля порта Гастынгс нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў, Гаральд II загінуў. Гэтая перамога паклала пачатак нармандскаму заваяванню Англіі.

25 снежня 1066 года Вільгельм быў каранаваны ў Вэстмінстэры каралём Англіі.

Кароль Англіі Пасля заваявання Вільгельм стварыў уласны каралеўскі дамен, які ахопліваў да адной сёмай тэрыторыі Англіі. Англасаксонская знаць была пазбаўлена большай часткі зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранцузскага паходжання.

У 1085 годзе ён устанавіў прамую залежнасць ад караля не толькі сваіх непасрэдных васалаў, але і ўсіх ар’ервасалаў, абавязаўшы іх несці ваенную службу на карысць караля. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»)

У 1086 годзе быў праведзены агульнадзяржаўны перапіс феадальных уладанняў і іх насельніцтва. У выніку паўстала «Кніга Страшнага суда», якая стала сведчаннем моцнай цэнтральнай улады.

Пры Вільгельме I умацаваліся гандлёвыя сувязі Англіі з Фландрыяй. Адначасова працягвалася запрыгоньванне сялянства, што выклікала паўстанні; найбольш значныя выступленні адбыліся ў 1069 і 1071 гадах на поўначы і паўночным усходзе Англіі.

Вынікі праўлення Заваяванне Вільгельма істотна паўплывала на далейшае развіццё Англіі. Большасць сялян трапіла ў прыгонную залежнасць, а само заваяванне паскорыла эканамічнае развіццё краіны; да канца XII стагоддзя ў Англіі склалася цэнтралізаваная феадальная дзяржава.

Заваяванне мела і культурныя наступствы. У XI—XIII стагоддзях у Англіі развівалася трохмоўная літаратура: царкоўныя творы ствараліся на лацінскай мове, рыцарскія вершы і паэмы — на французскай, а паданні — на англасаксонскай. Нармандскія заваёўнікі прынеслі таксама мастацтва менестрэляў і трубадураў.

Літаратура — электронная версія. — электронная версія.

Катэгорыя:Каралі англійскія Катэгорыя:Герцагі нармандскія Катэгорыя:Нармандскае заваяванне Англіі Катэгорыя:Англанармандская манархія Катэгорыя:Кіраўнікі Еўропы XI стагоддзя Катэгорыя:Пазашлюбныя нашчадкі французскіх арыстакратаў