II Еўрапейскія гульні 2019 () — міжнародныя спаборніцтвы, якія прайшлі у Мінску, сталіцы Беларусі, з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ прымаў канал у Заслаўі. Падчас спаборніцтваў разыграна 200 камплектаў узнагарод, каля 4000 тысяч атлетаў з 50 краін выступілі ў 15 відах спорту (23 дысцыплінах). Медальны залік выйгралі спартсмены з Расіі, якія заваявалі 109 медалёў, 44 з якіх залатыя.
Спаборніцтвы ў васьмі відах спорту ўключаны ў кваліфікацыйную сістэму летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа. Цырымонія адкрыцця Гульняў адбылася 21 чэрвеня 2019 года, а цырымонія закрыцця — 30 чэрвеня 2019 года. Планавалася задзейнічаць каля 8 тысяч валанцёраў, і яшчэ адну тысячу чалавек у якасці рэзерву. Абраныя валанцёры прайшлі шэраг трэнінгаў і узялі ўдзел у падрыхтоўцы да Гульняў, а таксама працавалі ў дні спартыўнага форума. Для правядзення працэдуры акрэдытацыі ЕАК дало гораду адмысловую сістэму ад кампаніі Swiss Timing. Акрэдытацыйная кампанія СМІ стартавала 1 снежня 2018 года і завяршылася 28 лютага 2019 года. Чакалася, што дазвол на асвятленне падзеі атрымаюць больш за 1 тысяч прадстаўнікоў СМІ з розных краін. Зацікаўленасць у арганізацыі трансляцыі Гульняў выяўлялі тры замежныя кампаніі (партугальская Medialuso-Mediapro, іспанская ISB і расійская «Матч ТВ»). Афіцыйны вяшчальны партнёр быў названы 29 студзеня 2018. Ім стаў ISB. Кантракт з кампаніяй быў падпісаны 25 красавіка 2018 года. Пры гэтым беларускія тэлеканалы былі прыцягнуты да трансляцый у абавязковым парадку па дамове субпадраду. Лагатыпам Гульняў абвешчана «папараць-кветка» — расліна, што адыгрывае важную ролю ў культуры славян. Слоганам былі абраны словы Bright Year, Bright You («Яркі год, яркі ты»), што ўдала паказвае таксама на нацыянальны дамен Беларусі і афіцыйнае міжнароднае скарачэнне — BY. Беларускім эквівалентам слогана названа фраза «Час яскравых перамог». Адкрыццё гульняў прысвяцілі гісторыі Беларусі, закрыццё — сучаснасціsvaboda.org.
Абранне горада У правядзенні II Еўрапейскіх гульняў выказалі зацікаўленасць шэраг краін і гарадоў. 16 мая 2015 года ўдзельнікамі пасяджэння Надзвычайнай генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў было прынята рашэнне аб правядзенні II Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў Нідэрландах. Спаборніцтвы меркавалася правесці ў сямі гарадах, у тым ліку ў Амстэрдаме, Гаазе, Эйндхавене, Ратэрдаме, Утрэхце. 10 чэрвеня 2015 года Нідэрланды адмовіліся ад правядзення II Еўрапейскіх гульняў.
Пасля адмовы Нідэрландаў (Амстэрдам), сваю зацікаўленасць у прыняцці Гульняў выказалі шэраг краін — Беларусь (Мінск), Вялікабрытанія (Глазга), Польшча (Познань), Расія (Казань і Сочы), Турцыя (Стамбул).
У лістападзе 2015 года Расія была вызначана арганізатарам II Еўрапейскіх гульняў, але адначасова Сусветнае антыдопінгавае агенцтва распачало расследаванне допінгавага скандалу ў Расіі. Напярэдадні Алімпіяды 2016 з прычыны санкцый за абвешчаную па выніках расследавання дзяржаўную падтрымку допінгу МАК адмовіў у падтрымцы правядзення ў Расіі асноўных спартыўных мерапрыемстваў, уключаючы II Еўрапейскія гульні, і на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ЕАК, якая прайшла ў Мінску 21 кастрычніка 2016 года, месцам правядзення II Еўрапейскіх гульняў быў абраны Мінск. 1 верасня 2017 года быў падпісаны кантракт на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе. Подпіс пад дакументам, які змяшчае асноўныя прынцыпы і аспекты арганізацыі і правядзення маштабнага спартыўнага форуму, паставілі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац і выконваючы абавязкі прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч (на той момант, зараз-прэзідэнт), а таксама міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко, першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Андрэй Асташэвіч, дырэктар фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін, генеральны сакратар Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Рафаэле Паньёці.
Аргкамітэт 12 мая 2017 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў у Мінску». Заснавальнікамі фонду сталі Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. Дырэктарам фонду прызначаны Георгій Катулін — генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. У лістападзе 2017 года Дырэкцыяй быў запушчаны афіцыйны сайт гульняў.
Спартыўныя аб'екты Для правядзення Гульняў будуць задзейнічаны ўжо існуючыя ў Мінску спартыўныя аб'екты, некаторыя з якіх былі рэканструяваны да пачатку форума. Цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы пройдуць на стадыёне «Дынама», які быў уведзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі 21 чэрвеня 2018 года. Ад Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) «Дынама» атрымаў сертыфікат 1-га класа, што дазваляе праводзіць тут чэмпіянаты Еўропы, этапы Дыяментавай лігі і чэмпіянаты свету па ўзгадненні з IAAF. Спартсмены будуць пражываць на тэрыторыі студэнцкай вёскі, гатовай прыняць да 6000 чалавек. Частка збудаванняў вёскі ўжо існавала, частка была завершана да красавіка 2019 года. Кожная кватэра мае 2 спальні і 1 санвузел. У будынках маецца невялікае кафэ, трэнажорная зала, медпункт, пральня. Афіцыйныя асобы будуць размешчаны ў Marriott Hotel і Double Tree by Hilton.
Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама» Мінск-Арэна Falcon Club Palova Arena Палац спорту «Уручча» Палац спорту Чыжоўка-Арэна САК «Алімпійскі» РЦАП па тэнісе РЦАП па вяслярных відах спорту Sporting Club Стралковы цір імя Цімашэнкі
Валанцёры Старт адборачнай кампаніі валанцёраў на Гульні быў дадзены ў верасні 2017 года падчас правядзення «Дабрафэста». У канцы 2017 года Дырэкцыя прыняла заяўкі больш чым ад 2 тысяч кандыдатаў. У асноўным гэта былі студэнты і навучэнцы беларускіх навучальных устаноў. Таксама былі атрыманы заяўкі з Расіі, Азербайджана, Вялікабрытаніі, Румыніі, Сінгапура. Асноўныя патрабаванні, што прад’яўляліся да кандыдата пры адборы — камунікабельнасць і валоданне англійскай мовай. Выбраныя добраахвотнікі прайшлі шэраг трэнінгаў і будуць задзейнічаны ў працы 20 накірункаў. Кожны валанцёр будзе забяспечаны спецыяльнай формай і акрэдытацыяй. Першы этап сумоўяў праходзіў з 19 лютага па 25 мая 2018 года. Замежныя грамадзяне з 52 краін запоўнілі 850 анкет (у тым ліку з Расіі — 628, з Азербайджана, Украіны і Казахстана — па 31 заяўцы).
Мерапрыемствы з удзелам валанцёраў Гульняў: футбольны матч Лігі Еўропы; зорная трэніроўка па фітбоксу (аздараўленчы бокс); танцавальны флэшмоб у міжнародны Дзень танца; экскурсія ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы для выхаванцаў Ждановіцкага дзіцячага дома; круглы стол-дыскусія «Валанцёрская праграма II Еўрапейскіх гульняў 2019 года: асаблівасці набору, навучання і кіравання валанцёрамі» у рамках міжнароднага кангрэса «Каштоўнасці, традыцыі і навацыі сучаснага спорту»; праца на адкрытым Кубку свету па брэйк-дансе; праца на міжнародным турніры па сквошы.
Транспарт
27 снежня 2017 года было абвешчана пра завяршэнне распрацоўкі комплекснага плана транспартнага абслугоўвання спаборніцтваў, заснаванага з улікам патрэб усіх бакоў і вопыту сталіц папярэдніх Алімпіяд і першых Еўрапейскіх гульняў: Пекіна, Лондана, Баку. Галоўная задача распрацаванага плана — аптымізаваць маршруты такім чынам, каб любы ўдзельнік спаборніцтваў мог дабрацца на любы стадыён не больш чым за паўгадзіны. Будзе арганізаваны чыгуначны рух з большай перыядычнасцю ад чыгуначнага вакзала да прыпыначных пунктаў Масюкоўшчына (Мінск-Арэна), Беларусь (Вяслярны канал у Заслаўі) і Лошыца (Чыжоўка-Арэна). Акрамя таго, дзеючая аўтобусная сетка будзе пашырана за кошт 10-12 новых маршрутаў да месцаў спаборніцтваў, па якіх будуць курсіраваць да 300 аўтобусаў і тралейбусаў. З сакавіка 2018 года ў Мінску пачалі курсіраваць брэндзіраваныя аўтобусы.
Мяркуецца, што ў частцы забеспячэння легкавога транспарту будуць задзейнічаны рэсурсы кампаніі СЗАТ «БелДжы», а ў частцы аўтобусаў — ААТ «МАЗ» і аўтазборачнага прадпрыемства «Нёман». Гарадскі грамадскі транспарт быў забрэндзіраваны ў стылі Гульняў. Што тычыцца моўнага суправаджэння працы аўтатранспарту, то ў метро вярнулі аб’явы прыпыначных пунктаў на англійскай мове, тое ж самае плануецца зрабіць для асноўных аўтобусных і тралейбусных маршрутаў. Інфармацыя пра транспартную сетку горада, схемы руху размешчаны каля спартыўных аб'ектаў і гасцініц. ЕАК аплочвае пералёт спартсменаў і трэнераў, а таксама пражыванне і харчаванне еўрапейскай алімпійскай сям’і, за свой кошт арганізуе зону гасціннасці ЕАК.
Візы 29 мая 2018 года паміж Беларуссю і Расіяй падпісана міжурадавае пагадненне аб некаторых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы. У адпаведнасці з дакументам на перыяд правядзення ў Расіі чэмпіянату свету па футболе для замежных балельшчыкаў устанаўліваецца бязвізавы рэжым на тэрыторыі Беларусі з 4 чэрвеня па 25 ліпеня. У сваю чаргу расійскі бок прадаставіць у 2019 годзе права бязвізавага праезду і знаходжання на сваёй тэрыторыі замежным заўзятарам, якія едуць у Мінск на II Еўрапейскія гульні. 24 ліпеня 2018 года падпісаны ўказ, які ўстанаўлівае бязвізавы ўезд у Беларусь для ўдзельнікаў, афіцыйных прадстаўнікоў, арганізатараў Гульняў, іншых спецыялістаў з 20 мая па 10 ліпеня 2019 года, а таксама для замежных турыстаў з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2019 года ў акрэдытацыйных картах або білетах на спартыўныя спаборніцтвы.
Культурная праграма Адным з удзельнікаў культурнай праграмы стане ГА «Беларуская федэрацыя скейтбордынгу». Уключэнне скейтбордынгу ў культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў 2019 года даволі сімвалічна, бо дзень адкрыцця найбуйнейшага мультыспартыўнага форуму Еўропы — 21 чэрвеня — супадае з афіцыйным святам усіх скейтэраў свету — Міжнародным днём скейтбордынгу (Go Skateboarding Day) і менавіта ў гэты дзень пачне сваю працу спецыялізаваная пляцоўка ў фан-зоне Гульняў на вул. Кастрычніцкая, дзе будзе ўсталяваны сапраўдны скейтпарк. На працягу 10 дзён у ім будуць праводзіцца розныя актыўнасці: майстар-класы, паказальныя выступленні, культурна-масавыя мерапрыемствы. Менавіта там скейтэры змогуць прадставіць сваё любімае захапленне, свой спорт, свой лад жыцця, прадэманстраваць сваё майстэрства і пагутарыць з аднадумцамі з іншых дзяржаў.
Маркетынг і сувязі з грамадскасцю Падтрымка спонсараў і інфапартнёрства З мэтай скарачэння выдаткаў бюджэтных сродкаў на правядзенне Гульняў указам Прэзідэнта РБ ад 12 мая 2017 «Аб Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» была зацверджана ў якасці адной з крыніц фарміравання маёмасці Дырэкцыі спонсарская дапамога. 15 снежня 2017 года афіцыйным спонсарам Гульняў стаў аператар электронных інтэрактыўных гульняў «Спорт-пары». 22 снежня 2017 года было абвешчана аб тым, што афіцыйным аператарам сувязі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года стане тэлекамунікацыйны аператар velcom. 27 студзеня 2018 года міжнародная інфармацыйнае агенцтва і радыё Sputnik, якое ўваходзіць у склад медыягрупы «Россия сегодня», і фонд «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» падпісалі пагадненне аб інфармацыйным узаемадзеянні. 22 сакавіка 2018 года адвакацкае бюро «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры» — адно з лідараў рынку юрыдычных паслуг у Беларусі — і фонд «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» заключылі дагавор аб супрацоўніцтве, накіраваны на аказанне ўсебаковай юрыдычнай дапамогі ў рамках падрыхтоўкі і правядзення будучага спартыўнага форуму. 27 сакавіка 2018 года ўстаноўлена супрацоўніцтва па абмену вопытам у сферы валанцёрскай дзейнасці з АНО "Аргкамітэт «Расія 2018». 15 мая 2018 года падпісаны дагавор з ТАА «Сінезіс спорт». На падставе гэтага дакумента распрацоўшчыкі «Сінезіс спорт» створаць для II Еўрапейскіх гульняў увесь праграмна-тэхнічны блок, у тым ліку сайт minsk2019.by (быў запушчаны 21 чэрвеня 2018 года).