Бунд, Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (ідыш: אַלגעמײַנער ײדישער אַרבעטער בונד אין ליטע פוילין און רוסלאַנד, да 1901 Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы) — яўрэйская сацыял-дэмакратычная партыя, якая дзейнічала на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны з 1897.
У Расійскай імперыі Бунд утварыўся 25-27.9(7-9.10)1897 ў Вільні на з’ездзе прадстаўнікоў яўрэйскіх сацыял-дэмакратычных груп, якія ўзніклі ў некаторых гарадах Беларусі, Літвы і Польшчы. У рабоце з’езда ўдзельнічалі 11 дэлегатаў ад Беластока, Варшавы, Вільні, Віцебска, Мінска і ад рэдакцыі газеты «Арбейтэр Штыме» («Рабочы голас»): А. Крэмер, Л. Голдман, А. Мутнік, М. Жалудская, Дж. Міль, Д. Кац, П. Берман, I. Абрамаў, У. Касоўскі і інш. Ідэю пра неабходнасць утварэння асобнай экстэрытарыяльнай яўрэйскай рабочай арганізацыі ў Расійскай імперыі сфармуляваў у 1895 Ю. Цэдэрбаўм (Мартаў) у сваёй прамове на першамайскім сходзе яўрэйскіх сацыял-дэмакратаў у Вільні. У якасці галоўнага аргумента выстаўлялася спасылка на тое, што расійская рабочая партыя, стварэнне якой тады наспявала, не будзе належным чынам абараняць спецыфічныя палітычныя і грамадзянскія інтарэсы яўрэйскіх рабочых. Неўзабаве Мартаў адмовіўся ад гэтай ідэі як памылковай. Аднак нацыянальна настроеныя яўрэйскія сацыял-дэмакраты на віленскім з’ездзе прынялі рашэнне аб утварэнні Бунда. З’езд зацвердзіў назву арганізацыі, выбраў ЦК, прызнаў цэнтральнымі органамі Бунда газеты «Арбейтэр Штыме» (у Расіі) і часопіс «Ідышэр Арбейтэр» («Яўрэйскі рабочы»), які выдаваўся за мяжой.
Сацыяльную апору Бунд знайшоў сярод шматлікіх рабочых-яўрэяў, якія ў пераважнай большасці былі заняты ў рамеснай і дробнакапіталістычнай прамысловасці, гандлі і іншых сферах абслугоўвання. Абмежавальныя законы царызму (мяжа яўрэйскай аселасці, забарона сяліцца ў сельскай мясцовасці ўнутры гэтай мяжы і інш.) спрыялі таму, што ў многіх гарадах і мястэчках Беларусі і Літвы яўрэі складалі большасць насельніцтва. У сувязі з адносна слабым развіццём прамысловасці значная іх частка не магла знайсці пастаяннай работы. Сацыяльна адсталае асяроддзе, у якім разгортвалася дзейнасць Бунда, наклала адбітак на яго ідэалогію, тактыку, формы арганізацыі.
Першапачатковай праграмай дзейнасці Бунда стала напісаная ў 1894 брашура А. Крэмера «Пра агітацыю» (выдадзена за мяжой у 1897). У ёй абгрунтоўвалася неабходнасць пераходу сацыял-дэмакратаў ад гуртковай прапаганды марксізму да масавай агітацыі сярод рабочых на аснове эканамічных патрабаванняў: скарачэнне рабочага дня, павелічэнне зарплаты, паляпшэнне ўмоў працы і інш. Палітычная і сацыялістычная агітацыя адкладвалася на няпэўную перспектыву, бо лічылася, што рабочыя, не прайшоўшы школу эканамічнай барацьбы, не зразумеюць заклікаў да звяржэння царызму, сацыялістычных ідэй. Гэта праграма ў 2-й пал. 1890-х гадоў была пашырана ў беларуска-літоўскіх губернях і за іх межамі. Асноўнымі сродкамі рэалізацыі эканамічных патрабаванняў былі стачкі, у ходзе якіх да гаспадароў і штрэйкбрэхераў ужываўся тэрор. Для матэрыяльнага забеспячэння стачачнікаў за кошт уступных і членскіх узносаў ствараліся прафесійныя (цэхавыя) стачачныя касы — зародкі прафесійных саюзаў. Рост стачачнага руху выклікаў неабходнасць аб’яднання цэхавых кас у агульнагарадскія міжкасавыя сходкі. Прафесійныя стачачныя касы ў канцы 1890 — пач. 1900-х гадоў складалі арганізацыйную аснову Бунда.
Адразу пасля віленскага з’езда кіраўнікі Бунда наведалі сацыял-дэмакратычныя яўрэйскія арганізацыі Гомеля, Брэста, Гродна і іншых гарадоў з мэтай далучэння іх да Бунда. Бундаўскія камітэты паўсюдна называлі сябе сацыял-дэмакратычнымі.
Кіраўнікі Віленскай яўрэйскай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі як цэнтральнай на Беларусі і ў Літве яшчэ да ўтварэння Бунда мелі сувязь з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі Пецярбурга, Масквы, Кіева, Екацярынаслава, з замежным «Саюзам рускіх сацыял-дэмакратаў» і ўдзельнічалі ў перагаворах аб правядзенні з’езда ў Кіеве ў сакавіку 1897 з мэтай аб’яднання ў Расійскую сацыял-дэмакратычную партыю. Аднак, кіруючыся сепаратысцкімі мэтамі, у Кіеў яны не прыехалі і гэтым сарвалі з’езд, а тым часам правялі свой з’езд (віленскі). Толькі пасля ўтварэння Бунда яго лідары зноў уключыліся ў падрыхтоўку агульнарусійскага з’езда, прычым паставілі за мэту не дапусціць прадстаўніцтва на ім асобных мясцовых сацыял-дэмакратычных арганізацый; на з’езд не быў запрошаны Рабочы саюз Літвы, у якім бундаўцы бачылі канкурэнта ў барацьбе за ўплыў. Па прапанове Бунда Першы з’езд РСДРП адбыўся 1-3(13-15).3.1898 ў Мінску, куды да гэтага часу перабраўся ЦК Бунда. Тэхнічнымі пытаннямі арганізацыі з’езда займаліся кіраўнікі Мінскага сацыял-дэмакратычпага камітэта Бунда (Я. Гурвіч, П. Берман і інш.). Бунд уступіў у РСДРП на агульных падставах з іншымі арганізацыямі — удзельнікамі з’езда, з правам аўтаноміі ў мясцовых справах. Ён мог самастойна прымаць рашэнні, якія датычыліся спецыфічных інтарэсаў яўрэйскага пралетарыяту. Дэлегаты з’езда РСДРП належным чынам не ацанілі нацыянальна-экстэрытарыяльную спецыфіку Бунда, якая дастаткова ясна была акрэслена ў яго назве — Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы. Пытанне пра тэрытарыяльныя межы дзейнасці Бунда на з’ездзе не ўзнімалася. Прадстаўнік Бунда, член яго ЦК Крэмер быў абраны адным з 3 членаў ЦК РСДРП. Пасля з’езда ён удзельнічаў у дапрацоўцы і зацвярджэнні тэксту «Маніфеста РСДРП», арганізаваў яго выданне ў Бабруйскай друкарні Бунда. У канцы ліпеня 1898 Дэпартаменту паліцыі ўдалося арыштаваць увесь ЦК Бунда, захапіць яго Бабруйскую (цэнтральную) і Мінскую друкарні. 3 мясцовых арганізацый асабліва пацярпела Мінская. Аднак да пач. 1899 дзейнасць Бунда аднавілася і пашырылася. У складзе Бунда дзейнічалі цэнтралізаваныя рэгіянальныя прафсаюзы шчаціннікаў і прыказчыкаў, яўрэйскае аддзяленне Федэратыўнага прафсаюза гарбароў.
У першыя гады ХХ ст. Бунд паступова перайшоў да палітычнай барацьбы. Гэта было звязана з эканамічным крызісам, што абмежаваў магчымасці эканамічнага рабочага руху, асабліва ў сферы дробнай прамысловасці, з рэпрэсіямі царызму ў адносінах да ўдзельнікаў эканамічных стачак, а таксама з поспехам прапаганды «паліцэйскага сацыялізму» сярод рамесных рабочых у Мінску, дзе большасць бундаўскіх прафсаюзаў у 1901 перайшла ў Яўрэйскую незалежную рабочую партыю (ЯНРП). Пэўную ролю адыграла і барацьба газеты «Искра». V канферэнцыя Бунда ў 1902 прыняла рашэнне аб перабудове мясцовых арганізацый, ліквідацыі выбарнасці і ўзмацненні цэнтралізму ў кіраўніцтве імі. 3 гэтага часу і да восені 1905 Бунд як партыя будаваўся «зверху ўніз»: ЦК назначаў членаў мясцовых камітэтаў, апошнія фарміравалі падпарадкаваныя ім структуры. Радавыя члены толькі выконвалі рашэнні вышэйшых устаноў і зусім не ўплывалі на праграмныя, тактычныя і арганізацыйныя пытанні. На той жа канферэнцыі Бунд прыняў рэзалюцыю «Аб арганізаванай помсце», якая дапускала індывідуальны палітычны тэрор супраць царскіх чыноўнікаў і паліцыі ў адказ на рэпрэсіі з іх боку. «Арганізаваная помста» Бунда па сутнасці нічым не адрознівалася ад эсэраўскага палітычнага тэрору і засведчыла яго адыход у пытаннях тактыкі ад асноўных прынцыпаў міжнароднай сацыял-дэмакратыі.
У перыяд крызісу ў РСДРП, калі Бунд фактычна дзейнічаў як самастойная арганізацыя, у яго вярхах узмацніліся сепаратысцкія тэндэнцыі. Адкрыта яны выявіліся на IV з’ездзе (1901, Беласток), у якім удзельнічалі дэлегаты ад Беластока, Бярдзічава, Варшавы, Вільні, Віцебска, Гомеля, Гродна, Дзвінска, Жытоміра, Коўна, Лодзі, Мінска, а таксама з’ездах саюзаў гарбароў і шчаціннікаў. З’езд фактычна прызнаў сіянісцкую ідэю пра існаванне яўрэйскай нацыі, а Бунд — адзіным прадстаўніком яўрэйскага пралетарыяту. Зыходзячы з гэтых пасылак, з’езд выставіў патрабаванне аб пераўтварэнні РСДРП у «федэратыўнае аб’яднанне сацыял-дэмакратычных партый усіх нацый, што насяляюць Расійскую дзяржаву»; будучы дзяржаўны лад Расіі вызначаў як «федэрацыю нацыянальнасцей з поўнай нацыянальнай аўтаноміяй кожнай з іх, незалежна ад займаемай тэрыторыі». Але, адзначыўшы небяспеку «распальвання нацыянальнага пачуцця сярод яўрэйскага насельніцтва на шкоду класавай свядомасці пралетарыяту», з’езд адмовіўся выставіць лозунг барацьбы за «поўную нацыянальную аўтаномію» для яўрэяў у Расіі як бліжэйшую задачу Бунда і прыняў рашэнне змагацца за адмену абмежавальных законаў.
На II з’ездзе РСДРП (1903) дэлегацыя Бунда ўльтыматыўна патрабавала прызнання яго адзіным прадстаўніком яўрэйскага пралетарыяту ў Расіі, неабмежаванай тэрытарыяльнай дзейнасці, перабудовы РСДРП паводле федэратыўнага прынцыпу і інш. Калі з’езд адхіліў гэты ультыматум, бундаўскія дэлегаты, якія да гэтага прагаласавалі за праграму РСДРП, заявілі пра выхад Бунда з партыі. Разрыў арганізацыйнай сувязі з РСДРП, імем якой Бунд карыстаўся ў 1898—1903, адкрыў магчымасць для ўтварэння на Беларусі і ў Літве інтэрнацыянальных партыйных арганізацый.
У 1904 камітэты Бунда вялі агітацыю супраць руска-японскай вайны, арганізавалі кампаніі пратэсту супраць суда над палітычнымі ссыльнымі ў Якуцку і расстрэлу сходкі рабочых у Беластоку, шэраг іншых рэвалюцыйных выступленняў. На Амстэрдамскім кангрэсе II Інтэрнацыянала (1904) Бунд упершыню быў прадстаўлены асобнай дэлегацыяй.
VI з’езд Бунда (кастрычнік 1905) уключыў у праграму патрабаванне нацыянальна-персанальнай аўтаноміі. Тым не менш цэнтральная бундаўская прэса з 1901 выступала за прызнанне Бунда ў якасці адзінага прадстаўніка і выразніка інтарэсаў яўрэйскага пралетарыяту ў Расіі і неабходнасць перабудовы РСДРП на прынцыпах федэралізму, прапагандавала ідэю нацыянальна-персанальнай аўтаноміі для яўрэяў. У асобных публікацыях Бунд характарызаваў сябе як самастойную палітычную партыю яўрэйскага пралетарыяту.
Засвоіўшы зыходную сіянісцкую ідэю пра існаванне яўрэйскай нацыі, Бунд разам з тым выступаў супраць сіянізму. IV з’езд Бунда ацэньваў сіянізм як «рэакцыю буржуазных класаў супраць антысемітызму і ненармальнага прававога становішча яўрэйскага народа». Канчатковую мэту сіянізму — набыццё ўласнай тэрыторыі для ўсяго яўрэйскага народа і ўтварэнне яўрэйскай дзяржавы — з’езд прызнаў «утапічнай і неажыццявімай». 3 гэтых пазіцый у бундаўскай літаратуры, у т.л. ў лістоўках мясцовых камітэтаў, і вялася крытыка сіянізму, хоць яна была няпоўнай і непаслядоўнай. Сутнасць барацьбы паміж бундаўцамі і сіяністамі, што часам набывала вострыя формы, вызначалася не прынцыповымі мэтамі, а канкурэнцыяй за ўплыў на «яўрэйскую вуліцу». Пад уплывам барацьбы «Искры» супраць эканамізму і тэрарызму да лета 1903 Бунд пазбавіўся гэтых ухілаў. Мясцовыя камітэты Бунд паступова ўзмацнялі і расшыралі агітацыйную і арганізатгарскую дзейнасць, звязаную са святкаваннем 1 Мая, распаўсюджвалі палітычныя адозвы, заклікалі на барацьбу з царызмам рабочых усіх нацыянальнасцей, праводзілі забастоўкі салідарнасці з рабочымі іншых гарадоў і рэгіёнаў краіны. Выхаванню палітычнай свядомасці і інтэрнацыяналізму садзейнічалі штогадовыя агіткампаніі сярод рабочых, прысвечаныя гадавінам адмены прыгоннага права (19 лютага), паўстання дзекабрыстаў (14 снежня), памяці герояў «Народнай волі» (1 сакавіка) і інш.