Ушацкая група азёр, размяшчаецца ва Ушацкім, часткова ў Полацкім і Лепельскім раёнах Віцебскай вобласці, у басейне ракі Тураўлянка.
Уключае больш за 60 азёр агульнай плошчай больш за 75 км² і аб′ёмам вады 350 млн м³. Найбольшыя: Чарсцвяцкае, Павульскае, Атолава, Паўазер'е, Янова, Бярозаўскае, Крывое, Гомель. Вадазбор 803 км², пераважна разараны, прадстаўлены комплексам ледавіковых і водна-ледавіковых форм рэльефу. Спалучэнне розных тыпаў катлавін, озавых град, якія іх акружаюць, і камавых узвышшаў, часта парослых лесам, стварае маляўнічы ландшафт. Азёры злучаны невялікімі шматлікімі рэкамі, ручаямі, канавамі; праз шэраг азёр цячэ рака Дзіва. 3 пабудовай плаціны перад возерам Гомель узровень Ушацкай групы азёр зарэгуляваны. Азёры з’яўляюцца месцам адпачынку і турызму. Возера Крывое як эталон чыстых мезатрофных вадаёмаў аб’яўлена азёрным заказнікам.
Літаратура Абабурка І. На Ушацкіх азёрах / І. Абабурка // Родная прырода. — 1979. — № 6. — С. 22-24. Бельскі Я. Край рэк і азёр / Я. Бельскі // Паляўнічы і рыбалоў. — 2003. — 17-30 крас.
Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / рэдкал. Л. Казлоўская і інш. — Мн.,1992. — 380 с.
Сюбарава С. Дзе плешчуцца азёры / С. Сюбарава // Родная прырода. — 1981. — № 3. — С. 28-29. Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал. І. П. Шамякін і інш. — Мн., 1986. — Т. 5. — С. 179—180. Якушка В. У краі Ушацкіх азёр / В. П. Якушка // Родная прырода. — 1977. — № 5. — С. 2, 25.
Катэгорыя:Азёры Беларусі
Катэгорыя:Азёры Віцебскай вобласці