Вінцук Адважны, сапр. Язэп Станіслававіч Германовіч (, м. Гальшаны Ашмянскага павета Віленскай губерні — , Лондан; Псеўданімы: Unuk Wincuk. Ветрагон Лявон, Адважны Вінцук, Хлопчык з-пад Горадні; Крыптанімы: В. Адв.; A. W.; А. В.; W. A.) — беларускі пісьменнік, каталіцкі святар усходняга абраду, паэт, публіцыст.

Біяграфія Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Станіслаў і Ганна (з дому Савіцкіх) Германовічы. У 1898—1902 гадах наведваў Гальшанскую народную школу, а наступныя чатыры гады — Ашмянскае гарадское вучылішча. У 1913 скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. 29 чэрвеня 1913 пасвечаны ў святары, тады ж распачаў душпастырскую дзейнасць як вікарый у мясцовасці Далістова Беластоцкага павета. Пазней працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканата (Беласток, Крынкі, Мсцібава, Вялікая Лапеніца). У 1920 г. перабраўся ў Слонімскі павет.

У 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы; арганізаваў адну з беларускіх школ, у касцёле гаварыў казанні на беларускай мове. У 1921—1924 гадах служыў пробашчам у мястэчку Лужкі Дзісенскага павета, у катэхізацыі дзяцей і пропаведзях карыстаўся беларускай мовай, запомніўся мясцовым жыхарам дабрачыннасцю, дапамагаючы бедным. Яго беларускасць выклікала незадавальненне ў мясцовай польскай грамадскасці, кс. Германовіч стаў аб’ектам нападак у польскай нацыяналістычнай газеце «Dziennik Wileński» . У 1924 годзе кс. Язэп Германовіч пераехаў у Друю, дзе ўступіў у ордэн марыянаў. Пачаткова выконваў абавязкі пробашча Друйскай парафіі, пазней быў магістрам навіцыяту ў Друйскім кляштары марыянаў і, акрамя таго, настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў Друйскай гімназіі. Шырока выступаў у беларускім перыядычным друку, пісаў пад псеўданімам Вінцук Адважны. Празаічныя і паэтычныя творы Адважнага рэгулярна з’яўляліся на старонках перыядычнага друку («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»). Пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.

З 1932 на місіянерскай працы ў Харбіне (Маньчжурыя), дзе таксама быў дырэктарам гімназіі.

У 1936 вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 г. установа была закрытая, а Германовіч дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу, адкуль у хуткім часе зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй па загадзе камуністычных ўладаў і перададзены савецкім органам бяспекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лагерах. Знаходзіўся ў зняволенні ў Сібіры.

Па вызваленні ў 1955 г. выехаў у Польшчу, пад канец 1959 — у Рым, а неўзабаве прыбыў у лонданскі Дом Марыянаў. Ад[1962 г. быў цягам некалькі гадоў дырэктарам школы-інтэрнату Св. Кірылы Тураўскага. У 1964 г. аднавіў выданне рэлігійна-грамадскага часопіса «Божым шляхам» (Лондан), рэдактарам якога заставаўся амаль да смерці. Прымаў удзел у рэлігійным і культурным жыцці беларускага замежжа. Пра сваё знаходжанне ў лагерах напісаў успаміны «Кітай — Сібір — Масква», якія выклікалі вялікую цікавасць, былі апублікаваныя на беларускай, італьянскай, польскай, літоўскай мовах. Архіў дзеяча захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны.

Памёр 26 снежня 1978 года ў Лондане. Язэп Германовіч пахаваны на Могілках Святога Панкрата ў Лондане у адной магіле з айцом Львом Гарошкам, з якім меў пры жыцці не найлепшыя адносіны.

Бібліяграфія

«Як Казюк сабраўся да споведзі», Вільня, 1928. «Казюковае жанімства», Вільня, 1929. «Як Гануля зьбіралася ў Аргентыну», Вільня, 1930. «Адам і Анелька», Вільня, 1931. «Канёк-Гарбунок» (паводле Яршова), Вільня, 1932. «Бэтлейка», Вільня, 1932. «Унія на Палесьсі», Альберцін, 1932. «Беларускія цымбалы», Вільня, 1933. «Казка аб рыбаку і рыбцы», Вільня, 1935. «Хлапец», Вільня, 1935. «Гануліны клопаты», Вільня, 1935. «Кітай-Сібір-Масква» (успаміны), Мюнхен, 1962. «Пакутныя псальмы» (пераклад вершам), Рым, 1964. «Князь і лапаць. Сучасная казка», Лондан, 1964. «Байкі і іншыя вершы», Лондан, 1973. «Выбраныя творы», Мінск: Кнігазбор, 2011. — 592 с. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Крыніцы

Літаратура

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / уклад.: Ю. Гарбінскі. — Мн.- Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999; ISBN 985-6318-65-3 Ласкоў І. Шлях пакутніка: Па старонках адной малавядомай кнігі // ЛіМ, 9.2.1990; Сачанка Б. Сняцца сны… С. 12—14 Станкевіч А. Аб жыцці і творчасці В. А. (Вінцука Адважнага) // W.A. Biełaruskija Cymbały. Wilnia, 1933 Туронак Ю. Язэп Германовіч — святар і пісьменнік // Наша вера. № 1(2). 1996 Юрэвіч Л. Літаратурная спадчына: новы погляд // Беларус (Нью-Ёрк). 1997. Жнівень Горны Алесь. Думкі ўслых (з нагоды выдання збору твораў Вінцука Адважнага) // Наша слова. 2011. № 38. Vytautas Žeimantas. «Juozapas Hermanovičius — kunigas, rašytojas, NKVD kankinys» // «Voruta», 2010, gruod. 23, nr. 24 (714) (на літоўскай) Уладзімер Калупаеў. Беларускія місіянэры ў Кітаі // Запісы 37. New York — Miensk: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 2014. с. 645—650. Belarusian missionaries in China // Entries 37. New York — Miensk: Belarusian Institute of Science and Art, 2014. p. 645—650.

Спасылкі

Пакутнікі Беларусі Біскуп Чэслаў Сіповіч. Сьвятой памяці. Айцец Язэп Гэрмановіч // Божым Шляхам № 150. 1979. С. 25-30. // на pawet.net

Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты паводле алфавіта Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Паэты паводле алфавіта Германовіч Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Хрысціянскія пісьменнікі