Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі (, Глыбокае — , Вільня; псеўданім і крыптанім: К. Душ; К. Д.) — беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог, архітэктар. Лічыцца аўтарам эскіза сучаснага бела-чырвона-белага сцяга.
Біяграфія Нарадзіўся 27 сакавіка 1891 годаНГАБ. Ф. 1781. Воп. 52. Спр. 5. Арк. 542 адв. — 543. ў Глыбокім Дзісенскага павета Віленскай губерні.
Па матчынай лініі паходзіў са шляхты Полацкага павета. Прадзед Урублеўскі загінуў у паўстанні 1831 года, дзед — у паўстанні 1863—1864 гадоў. Маці першыя гады жыцця правяла ў віленскай турме на Антокалі.
Бацька быў селянінам і валодаў шасцю дзесяцінамі зямлі (пры гэтым польская палітычная паліцыя ў 1924 годзе адзначала, што Дуж-Душэўскі паходзіў са збяднелай каталіцкай шляхецкай сям’і), але асноўным заробкам Сцяпана Душэўскага і яго брата было будаўніцтва. Клаўдзій з дзяцінства дапамагаў бацьку з дзядзькам, а з пачаткам атрымання адукацыі займаўся чарчэннем, і нават складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і масткоў. У старэйшых класах ужо сам кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі, пад наглядам бацькі складаў іх праекты.
У 1912 годзе скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, дзе далучыўся да беларускага руху. Іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. У 1912—1919 гадах вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце. Паводле Ігара Барынава, Дуж-Душэўскі жыў у Пецярбургу на вуліцы Апачыніна, 13, кв. 6; апошні дакумент у яго студэнцкай справе — прашэнне ад 30 студзеня 1919 года на імя дырэктара Горнага інстытута пра выдачу пасведчання для падачы ў камісарыят па вайсковых справах, Пасведчанне № 215 ён атрымаў на рукі 4 лютага 1919 года, неўзабаве з’ехаў з галоднага Петраграда.
Адзін з актывістаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта (разам з Б. Тарашкевічам, Міколам Шылам і іншымі). Удзельнічаў у выданні часопіса «Раніца». Паводле яго ўласнага сведчання, у гэты час стварыў эскіз беларускага нацыянальнага сцяга. У 1917 годзе ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у чэрвені—кастрычніку 1917 года член яе ЦК і прэзідыума. Удзельнік З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый (сакавік 1917, Мінск), (верасень 1917, Петраград).
У 1918 годзе працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Белнацкама. Пасля распаду БСГ (лета 1918) увайшоў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). З лістапада 1918 года быў сябрам Віленскай беларускай рады. Па словах Дуж-Душэўскага, ён павінен быў стаць міністрам беларускіх спраў пры літоўскім урадзе, аднак праз асабістыя меркаванні адмовіўся і прапанаваў кандыдатуру Язэпа ВаронкіТомаш Блашчак. Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918—1940) пераклад з польскай мовы Андрэя Вашкевіча. — Смаленск, Інбелкульт, 2022. — С. 126. ISBN 978-5-00076-059-8.
15 лютага 1919 года Аддзел зямельных паляпшэнняў Камісарыята земляробства хадайнічаў пра прызначэнне Душэўскага на пасаду геолага. Прызначаны геолагам Мінскай вопытнай балотнай станцыі з 1 сакавіка 1919 года загадам № 53. 27 сакавіка 1919 года атрымаў авансам 10 000 рублёў на выкананне работ. 15 красавіка 1919 года камандзіраваны ў Вільню для закупкі абсталявання, атрымаў на гэта авансам яшчэ некалькі тысяч рублёў. Падчас знаходжання Душэўскага ў Вільні, горад быў заняты польскімі войскамі (19 красавіка).
З красавіка 1919 года ў Вільні (куды прыбыў як прадстаўнік БПС-Р): член Беларускага нацыянальнага камітэта, у маі 1919 года абраны старшынёй Беларускага з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны, дзе адстойваў пазіцыі эсэраў. Затым стаў старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны (май—ліпень 1919, неўзабаве падаў у адстаўку ). Узначальваў камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, быў адным з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі. Восенню 1919 — дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі, дзяржаўны сакратар ва ўрадзе Вацлава Ластоўскага. Улетку 1919 года выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, а з 1 верасня 1919 года выкладаў геаграфію ў Віленскай беларускай гімназіі.
Атрыманыя авансы вярнуў «тымі жа грошамі» толькі ў 1920 годзе, калі савецкія войскі занялі Вільню і Душэўскі змог паехаць у МенскАндрэй Асадчы. Архіўна-следчая справа К. Дуж-Душэўскага (1940—1952 гг.) у Асобым архіве Літвы як гістарычная крыніца : бакалаўрская праца / Андрэй Асадчы; навуковы кіраўнік доктар гістарычных навук, прафесар ЕГУ Аляксандр Смалянчук ; Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Акадэмічны дэпартамент гісторыі. — Вільня, 2010. — 87 с.. У жніўні 1920 года фінансавая справаздача «былога геолага» Душэўскага на суму 14 812 рублёў перададзена ў Ваенрэўкам ССРБ.
У пачатку 1921 года арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 7 лютага 1921 года; эміграваў разам з жонкай у Літоўскую Рэспубліку, жыў у Коўне. Паводле даных польскай палітычнай паліцыі (1924), хоць Дуж-Душэўскі і падтрымліваў у Коўне сувязі з беларускімі эсэрамі, ён не ўдзельнічаў у падрыхтоўцы антыпольскага паўстання ў Віленскім і Гродзенскім краях. Польскія агенты адзначалі, што ён «не падзяляў пазіцыю беларусаў у Коўне, бо па натуры быў чалавекам умераным» і «быў папулярны сярод беларускіх простых працоўных, настаўнікаў і іншых дзякуючы свайму характару і шчырай адданасці справе».
У 1920—1930-я гады працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства. У 1927 годзе скончыў факультэт будаўніцтва Літоўскага ўніверсітэта ў Коўне (факультэт пазней быў ператвораны ў Каўнаскі тэхналагічны ўніверсітэт), атрымаў спецыяльнасць інжынера-будаўніка, пасля працаваў інжынерам у праектным бюро Дубянецкага.
Выдаваў і рэдагаваў часопісы «Беларускі сцяг» (1922), «Крывіч» (1923—26), «Беларускі асяродак» (з 1933). Апрацаваў разам з Вацлавам Ластоўскім і Тадэвушам Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.
Арыштаваны савецкімі ўладамі 2 ліпеня 1940 года. Следства скончылася ў чэрвені 1941 года. Было складзена абвінаваўчае заключэнне ў актыўнай падтрымцы нацыяналістычнай і контррэвалюцыйнай дзейнасці, а таксама сувязях з польскай разведкай. Прызнаў свой удзел у беларускім нацыянальным руху, аднак адмаўляў супрацоўніцтва з польскай разведкай і антысавецкую дзейнасць. Праз пачатак вайны Душэўскага не паспелі асудзіць. Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.
Падчас нямецкай акупацыі працаваў інжынерам на заводзе гумавых вырабаў «Інкарас». У канцы 1941 года ў Вільні сустракаўся з Вацлавам Іваноўскім, які прапанаваў яму пасаду намесніка бурмістра Мінска. Душэўскі не пагадзіўся, а восенню 1942 года зноў адмовіўся ад прапановы. У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер у . Дзякуючы заступніцтву сяброў і як спецыяліст-інжынер вызвалены праз чатыры месяцы, пасля чаго працаваў інжынерам-будаўніком у тарфяным трэсце да снежня 1944 года. Акрамя ўласных дзяцей, разам з жонкаю выхоўваў дваіх дзяцей-сірот Антона Луцкевіча.
У 1944—1946 гадах — дацэнт Ковенскага ўніверсітэта, на будаўнічым факультэце атрымаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры.
У снежні 1946 года — маі 1947 года знаходзіўся пад следствам у Вільні, арыштаваны органамі МДБ. Праз недастатковасць сабраных доказаў для перадачы ў суд яго справа была спынена, а ён сам вызвалены з-пад варты. Вызваленню садзейнічала заступніцтва прафесараў Жэмайціса і Іонімаса, якія ахарактарызавалі Душэўскага як «савецкага чалавека». Пасля вызвалення працаваў галоўным інжынерам праектаў Інстытута праектавання пры Савеце Міністраў Літоўскай ССР.
Зноў арыштаваны ў лютым 1952 года. Асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст з адбыццём пакарання ў папраўча-працоўных лагерах з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем правоў тэрмінам на дваццаць пяць гадоў. У 1954 годзе тэрмін зняволення скарацілі да дзесяці гадоў, а 16 красавіка 1955 года датэрмінова вызвалілі ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя. Працаваў у інстытуце «Літбудпраект».
Памёр 25 лютага 1959 года ў Вільні. Пахаваны ў Коўне на Пятрашунскіх могілках.
Творчасць
На падставе гістарычных сведчанняў і колераў народных строяў і арнаментаў стварыў у свой час эскіз сцяга БНР. У снежні 1917 года ў Мінску падчас Першага Усебеларускага з’езда бела-чырвона-белы сцяг ужо шанаваўся як нацыянальны сімвал Беларусі.
Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Панявежы, Клайпедзе, Шаўлях.
Сярод важнейшых пабудаваных Дуж-Душэўскім будынкаў: кінатэатр «Метрапалітэн» і дом на вуліцы Лайсвес ал. 41 у Каўнасе; дом доктара Пурыцкага па вул. Вайжганта ў Каўнасе; дом грамадзяніна Аўкштуоліса, Аўшрос такас 1 у Каўнасе; дом грамадзяніна Антуліса, па праспекце Вітаўта ў Каўнасе; дом на рагу вуліцы Шаўлю ў Каўнасе; (так у тэксце) дом адваката Пажэла, плошча Венібес-10 у Каўнасе; дом інжынера Рэклайціса ў Каўнасе; беконная фабрыка ў Каўнасе; беконная фабрыка ў Панявежысе; мясны халадзільнік у Клайпедзе; фабрыка па апрацоўцы кішак у Каўнасе; свінарнік на 1000 галоў у Каўнасе; будынак пошты ў Расяйней; дамы Жакевічэне і Гарунгшціса, вул. Траку-15 у Каўнасе; будынак пошты і будынак аўтатэлеграфнай станцыі ў Шанчай.
Узнагароды На просьбу яўрэйскай грамады Літвы, за ратаванне яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны Клаўдзій і Алена Дуж-Душэўскія 13 красавіка 2004 года атрымалі ўзнагароду Прэзідэнта Літвы — Крыж выратавання тых, хто гіне (пасмяротна)Apdovanotų asmenų duomenų bazė .
Крыніцы
Літаратура
Луцкевіч Л. Барацьбіт і будаўнік / Л. Луцкевіч // Літаратура і мастацтва. — 1991. — 3 мая. — С. 13. Луцкевіч Л. Заслужыў пашану нашчадкаў / Л. Луцкевіч // Голас Радзімы. — 1991. — 2 мая. — 18. — С. 4-5. Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы… // Звязда. 1992, 25 сак. Рудовіч С. Палітык, асветнік, дойлід / С. Рудовіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. Сачанка і інш. — Мн., 1995. — С. 126—129.
Спасылкі
https://svabod1.azureedge.net/a/30980213.html ДУШЭЎСКІ (Дуж-Душэўскі) Клаўдзій Сцяпанавіч Як склаўся лёс стваральніка бел-чырвона-белага сцяга — nashaniva.by Душэўскі К. Беларусь i водка // Крывіч. 1923. № 1. С. 32-36. // на pawet.net Даваенны бюджэт Беларусі // Крывіч. 1923. № 2. С. 35-40. // на pawet.net
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Глыбокім Катэгорыя:Дыпламаты Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Рэдактары Беларусі Катэгорыя:Рэдактары паводле алфавіта Катэгорыя:Архітэктары Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Абаронцы яўрэяў падчас Халакоста Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Памерлі ў Вільні Катэгорыя:Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда Катэгорыя:Стваральнікі сцягоў